46408.fb2
— У вочы глянь.
У мяне закружылася галава, стала млосна. Ногі трымцяць, вось-вось упаду.
— Адпусціце мяне, — папрасіў я. Кайф, не зважаючы, прагаварыў:
— Санча ўсё падкопваецца пад мяне. І ён заслужыць, калі не супакоіцца.
— Адпусціце, — у другі раз прамовіў я.
Кайф апусціў аўтамат ствалом уніз і пайшоў. Да мяне падбеглі Алеся і Максім. Максім абняў мяне за плечы.
— Антось, чаго яны да цябе прычапіліся?
— А няхай яны скрозь зямлю праваляцца! — у роспачы ўсклікнуў я.
— Няхай праваляцца. Няхай, — падхапіла Алеся.
Я хацеў падзяліцца сваёю бядою з Анту, ды да яго падышоў Санча.
— Індзеец, дзе твае супляменнікі? — запытаў ён.
— У джунглях, — сказаў Анту.
— Вядзі нас да іхняга паселішча.
— Не магу.
— Сюды прывёў, а далей баішся? Вядзі, бо дзяцей пастраляем.
— Не магу-у!
— Вядзі!
— Вось сцяжынка! — усклікнуў Кайф. — Яе індзейцы да ракі пратапталі. Яны непадалёку.
— Кайф, ты сапраўдны следапыт. Нездарма я цябе цаню, — усміхнуўся Санча.
— Праклятыя! — прамовіў Анту і, апусціўшыся на калені, заплакаў гучна, наўзрыд. Я яшчэ ні разу не бачыў, каб так плакаў дарослы мужчына.
— Сцяжынка ледзь прыкметная, а я заўважыў. Індзейцы яе пратапталі. Я заўважыў,— радаваўся Кайф.
— Малайчына, — пахваліў яго Піучэн. — Калі забярэм у індзейцаў залатую дзіду, то ты яе панясеш першы.
Нечакана з джунгляў данесліся крыкі, пачуўся грукат бубнаў. Анту перастаў плакаць, прыслухаўся.
— Што гэта? — разявіў рот Чон-чон.
Анту, ледзь-ледзь варушачы вуснамі, паведаміў:
— Пасвячэнне ў мачы.
— Пасвячэнне ў мачы — гэта іхняе дзікунскае свята. Святкуюць там, — сказаў Санча. — Значыць, усе разам сабраліся. Ну й добра, калі так. Усіх захопім. Не прыйдзецца гойсаць за імі па джунглях, лавіць па адным.
— Не нападайце цяпер! — Анту працягнуў да яго рукі.
— Чаму? — з пагардай прамовіў Санча.
— Не наносьце крыўду нашым духам.
Яшчэ перад ад'ездам у Лацінскую Амерыку Ніна Іванаўна нам расказвала, што мапучэ вельмі шануюць сваіх духаў. Найбольшым злачынцам яны лічаць таго, хто пакрыўдзіць духаў. Ніхто не мае права перапыняць магічныя рытуалы, смяяцца над імі ці перакрыўляць, а чужынцам забараняецца нават падыходзіць туды, дзе яны адбываюцца.
— Крыўду? Духам? А твае духі аддадуць нам залатую дзіду? — зарагатаў Санча.
Анту ўстаў.
— Не трэба смяяцца.
— Заткніся! — з нянавісцю прагаварыў Піучэн.
— Сёння ў майго народа пасвячэнне ў мачы. Вы гэта разумееце?
— Новага ведзьмака выбіраюць? — зноў зарагатаў Санча.
— Мы твайго ведзьмака пух-пух, — вылупіў вочы Металіст.
Пасвячэнне ў мачы… І пра гэта расказвала нам Ніна Іванаўна. Здавён у мапучэ быў злы вядзьмак — калку. Ён наклікаў бяду. Яго пазбягалі, баяліся, ненавідзелі. Але ж быў і добры вядзьмак — мачы. У мачы мапучэ пасвячалі не толькі мужчын, але і дзяўчат. Не кожнаму выпадаў гонар стаць мачы. Пасвячалі таго, хто чуў голас, які заклікаў яго выбраць гэты нялёгкі жыццёвы шлях. Спярша выбранніка ў мачы ў дзікіх, аддаленых мясцінах, у сваім непрытульным жытле, вучыў настаўнік-вядзьмак. Ніхто не парушаў іхняй адзіноты. А выбраннік еў толькі муку, замешаную на вадзе. Трэба было мець вялікае цярпенне, каб вытрымаць такое. І вось сёння мапучэ пасвячаюць у мачы. Каго ж? Каму сёння выпаў гонар?
Анту зірнуў на бандытаў.
— Вы не пойдзеце туды?
— У цябе не станем пытацца, — працадзіў праз зубы Санча. — Я цябе папярэджваў і яшчэ раз папярэджваю: маўчы, не ўздумай крычаць. Інакш канец і табе, і дзецям, і тваім мапучэ. У мяне рука не здрыганецца.
Што ж, у такога не здрыганецца рука, і сэрца не зойдзецца ад жалю.
— Нгенечэн вас пакарае, — прамовіў Анту.
— Заткніся, — сыкнуў Піучэн.
Мы пацягнуліся па сцяжынцы. За плячыма бандыты неслі рукзакі. Санча, Кайф, Піучэн і Металіст напагатове трымалі аўтаматы, а Чон-чон ствалом кулямёта час ад часу вадзіў па кустах.
Вузенькая сцяжынка ўецца змяёй. Паабапал магутныя дрэвы. Пахнуць кветкі, пераклікаюцца птушкі.
Вось і паселішча мапучэ. Воддаль адна ад адной стаяць хаціны індзейцаў. Прамавугольныя, востраканечныя стрэхі абапіраюцца на сцены, якія вышынёю каля двух метраў. У кожнай хаціне па некалькі дзвярэй. У адной, самай большай, я налічыў шэсць.
Успомнілася, як у музеі даўняга побыту індзейцаў нам расказвалі, што мапучэ каркас сценаў робяць з круглых бярвенняў ульмавых, дубовых ці іншых дрэў і пераплятаюць іх сцяблінамі ліян, жанкіля. Звычайная хаціна — на пяць метраў у даўжыню і на тры ў шырыню. Але ёсць і такія, якія дасягаюць пятнаццаці метраў у даўжыню, дзесяці — у шырыню, шасці — у вышыню. Гэткая вялікая хаціна называецца катан. У катане жыве не адна сям'я, а каля васьмідзесяці чалавек. Кожная сям'я мае свой асобны ўваход і свой асобны ачаг. Старэйшым у катане з'яўляецца гаспадар — іналонка. Хаціны мапучэ заўжды будуюць разам. Калісьці і ў нас, на Беларусі, будавалі разам, талакой. А вось мапучэ такую сумесную работу называюць словам "мінга". Каля хацін паважна хадзілі сабакі пароды трэгуа: шэра-карычневай ці бура-чырвонай масці, галовы падоўжаныя, вастрамордыя, вушы стаячыя, востраканечныя, хвасты доўгія, а поўсць кароткая.