46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 31

— Блізка не падыходзь, бо застрэлю.

— Чаго вам трэба ад нас? — па-іспанску звярнуўся Лінкан да Санча.

— Даведаешся. А пакуль трымай язык за зубамі. Тут я задаю пытанні.

— Вы нанеслі крыўду нашым духам, — не сцярпеў Лінкан.

— Ха-ха-ха… — зарагатаў Санча.

"Бум-бум-бум, бум-бум-бум…" — дзяўчына мацней застукала ў бубен, разносячы па джунглях трывогу.

— Металіст, скажы той вядзьмарцы, каб злезла са слупа, — скрывіўся Санча.

— У-у-у… — выдыхнуў Лінкан і памкнуўся да яго.

У руках Санча задрыжаў аўтамат. Кулі ўспаролі зямлю каля самых ног Лінкана. Ён стаў.

— Індзеец, прашыю кулямі. Беражыся! — папярэдзіў Санча.

— Чаго вам трэба? — зноў запытаў Лінкан. Санча махнуў рукою.

— Металіст, ссадзі вядзьмарку са слупа. Грукоча, як у пустую бочку. У вушах звініць.

Металіст наставіў на дзяўчыну аўтамат.

— Злазь, вядзьмарка, бо кулькамі прастрэлю.

Не ведаю, ці зразумела яго дзяўчына, але яна стала спускацца са слупа. Злезла, села на зямлю, затуліўшы твар рукамі.

— Кайф, вядзі сюды нашых палоннікаў,— гукнуў Санча. Мы ўсталі і выйшлі на паляну.

Калі Лінкан убачыў Анту, то спярша, відаць, не паверыў, што гэта ён, колішні ягоны сябар. Правадыр племені мапучэ колькі секунд глядзеў на яго, а пасля выдыхнуў:

— Ты-ы?

Анту апусціў галаву:

— Я.

— Цябе ж Нгенечэн забраў, з сабою павёз.

— Забраў, а пасля прывёз на зямлю. Я жыў у белых, у горадзе, як і ты калісьці.

Твар у Лінкана перасмыкнуўся, нібы па спіне яму бізуном паласнулі. Зараз закрычыць, назаве Анту здраднікам. Вядома, ён здагадваецца, хто прывёў сюды бандытаў. Але ж не ведае, што Анту нас ратаваў. Сказаць пра гэта Лінкану? Язык чамусьці не паварочваецца, колам стаіць у роце.

Лінкан не закрычаў, не назваў Анту здраднікам. Ён сказаў:

— Анту, лепей ты на свет не радзіўся б.

— Лепей я не радзіўся б. Ты праўду сказаў, правадыр, — прамовіў Анту.

— Чаго яны хочуць ад нас?

— Хочуць забраць залатую дзіду. Бровы ў Лінкана прыўзняліся.

— Але ж залатая дзіда аберагае наш народ. Нам яе даў Нгенечэн. Нгенечэн і забярэ, калі захоча. Хіба ты не ведаеш гэтага?

— Правадыр, даруй мне, — прашаптаў Анту. Лінкан кіўнуў галавою, паказваючы на супляменнікаў.

— А яны даруюць? У іх запытай.

— Правадыр, даруй мне, — паўтарыў Анту. — Я не хацеў весці сюды бандытаў. Тут дзеці. Бачыш? Яны з іншай краіны. Яны прыехалі як госці. Калі б я не паказаў дарогу бандытам, то яны застрэлілі б дзяцей. У іх няма душы. Правадыр, прашу цябе: выратуй дзяцей. Дзеці невінаватыя. Бандыты…

— Годзе малоць языком, — перапыніў Санча.

— Нягоднік! — крыкнуў Анту і кінуўся на яго. Металіст выпусціў па ім кароткую чаргу. Анту ніцма ўпаў на зямлю, раскінуўшы рукі.

— Балюча джаляць мае кулькі,— пахваліўся Металіст.

— Дурань! — накінуўся на яго Санча. — Навошта застрэліў індзейца? Ён нам яшчэ спатрэбіўся б.

— Ён на цябе хацеў напасці. Ён цябе мог задушыць, — пачаў апраўдвацца Металіст.

— Дурань! — вылаяўся Санча і, павярнуўшыся да Лінкана, запытаў: — Дзе залатая дзіда?

Лінкан падняў галаву.

— Не ты яе нам даваў.

— Хочаш, каб я табе даваў? — вылупіў вочы Санча. — Хочаш, каб я табе золата даваў? Я не даю. Я ніколі нічога нікому не даю. Я толькі забіраю. Запомні!

Бач, Санча хваліцца, што не дае, а забірае. За гонар гэта лічыць. А вось Анту за нас сваё жыццё аддаў, нас ратаваў як мог, папрасіў Лінкана, каб нас у бядзе не пакінуў. А цяпер ляжыць, раскінуўшы рукі, абдымае сваю зямлю. Чаму ён кінуўся на Санча? Хіба не разумеў, што бандыты яго застрэляць?

Я адвярнуўся. Я не мог глядзець на мёртвага Анту.

— У-у-у… — заплакала Алеся.

— Сціхні,— таўхануў яе Піучэн.

— Не распускайце рукі,— заступіўся за Алесю Максім. Піучэн замахнуўся на яго.

— Вось як дам, так сядзеш!

— Ну, годзе. Аднаму далі. Ляжыць. Годзе, — супакоіў яго Санча.

— Шкада, што мы вас раней не заўважылі,— прамовіў Лінкан.

— Дзе залатая дзіда? — вызверыўся Санча.