46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 32

— Не ўбачыце вы яе.

— Не хочаш казаць? Ну й не кажы. Хто-небудзь іншы скажа. Тут ты не адзін.

Лінкан, не гледзячы на Санча, прагаварыў:

— Вам не знайсці залатую дзіду. Яе беражэ мачы, які жыве ў дзікім месцы. Толькі я ведаю, дзе ягонае жытло.

— Санча, скажы гэтаму дзікуну, што дзяцей застрэлім, калі не аддасць залатую дзіду. На Анту падзейнічала. Падзейнічае і на яго, — прамовіў Піучэн.

Санча наморшчыў лоб:

— Не выйдзе. Тут яны для ўсіх чужыя.

Пранесла. Ходзім па самым краечку бездані. Ці доўга яшчэ? Ці хопіць цярпення ў бандытаў? Ці хопіць у нас сілы, каб вытрываць?

— Дык што ж рабіць? — усклікнуў Піучэн. — Доўга будзем тут таптацца?

Санча павярнуўся да Кайфа.

— Кайф, узарві якое-небудзь дрэва. Няхай паглядзяць індзейцы, на што мы здатныя.

Кайф расшпіліў рукзак, дастаў з яго невялікую рыдлёўку і… міну.

— Бачыш міну? — звярнуўся Санча да Лінкана. — Я чуў, што ты жыў у горадзе. Разумееш, што такое міна?

Кайф падбег да ўскрайку джунгляў, прысеў каля магутнага дрэва, якое ўзвышалася над усімі, выкапаў каля яго ямку, паклаў у яе міну, прысыпаў зямлёю і хутчэй назад.

У мяне на лобе выступілі кропелькі поту. Выбух прагучаў нечакана. Магутнае дрэва ўзнялося ўверх і, ломячы галіны, няўклюдна павалілася набок. Суцэльны слуп пылу вырас там, дзе нядаўна яно стаяла.

— Бачыў, як мы ўзарвалі дрэва? — запытаў Санча ў Лінкана.

— Бачыў.

— Зараз мы ўсіх вашых індзейцаў пасадзім у хаціны, якія замініруем. Ні адзін ваш індзеец не вылезе. Калі хто-небудзь паспрабуе, то хаціна ўзарвецца. Ты не хацеў, каб твае людзі памерлі з голаду? Дык памруць. Мы не выпусцім іх з хацін датуль, пакуль ты не скажаш, дзе залатая дзіда. Выбірай адно з двух: альбо твой народ, альбо залатая дзіда. Ну як, правадыр?

Лінкан не адказаў.

У хаціне мапучэ

Санча махнуў рукою. — Правадыр не пагаджаецца… Заганяйце індзейцаў у стойлы.

Лінкан штосьці крыкнуў. Відаць, папярэдзіў супляменнікаў, каб не выходзілі з хацін. А Кайф, Металіст, Піучэн і Чон-чон падзялілі індзейцаў на дзве калоны і пагналі ў хаціны. Людзі моўчкі праходзілі каля свайго правадыра. І ён стаяў моўчкі, склаўшы рукі на грудзях. Пра што ён думаў? Цяжка сказаць. Людзей загналі ў хаціны, якія замбіравалі.

— Тут і ахова не патрэбна. Міны будуць ахоўваць. Лепшых ахоўнікаў не знойдзеш, — паціраючы рукі, прагаварыў Санча.

— Чаму вы мяне тут пакінулі? — запытаў у яго Лінкан.

— І табе туды хочацца?

— Дзе мой народ, там і я, — сказаў Лінкан.

— Не. Ты пабудзеш з намі. Мне хочацца з табою пагаварыць. Ні разу ж не даводзілася размаўляць з правадыром.

Мяне, Алесю, Максіма і Лінкана бандыты прывялі ў хаціну, якая стаяла воддаль ад тых, замініраваных. У хаціне ляжалі два вялікія квадратныя камяні, вакол якіх стаялі тоўстыя драўляныя калоды. "Гэта ж ачаг," — здагадаўся я.

Нагадалася, як расказваў нам Анту, што мапучэ вечарамі пяклі ў ачагу ляпёшкі, загарнуўшы іх вуглямі. Пакуль ляпёшкі пякліся, старэйшыя, сеўшы на калоды, расказвалі казкі, успаміналі пра сваіх родзічаў, пра сваіх герояў. Малодшыя слухалі іх уважліва, каб не прапусціць ні слова.

У куце, заўважыў я, стаялі пасудзіны з насеннем, з вадою, з ядою. Іх было шмат. Гуагі — пустацелыя пасудзіны з незвычайна цвёрдай кары, падобныя на кабачок, і тонкія драўляныя талеркі, і дунгі — падобныя на вядро для вады, і канчэа — карыта з ручкай, у якое звычайна кладуць пясок, каб падсмажыць манга, і ступы, у якіх расціраюць перац. Каля адной сцяны быў ткацкі станок. Такія станкі ў нас называюць кроснамі. Драўляная прамавугольная рама ткацкага станка па вуглах была замацавана жанкілем. Два яе больш доўгія бакі ўпіраліся ў падлогу і столь хаціны. На паліцах месціліся конусападобныя гліняныя збаны, талеркі, бутылі з ручкамі. Асобна стаялі дзве незвычайныя фігуркі: фігурка вадзянога змея і фігурка гарбуна з чашай на галаве.

— Бачыш фігурку гарбуна? — шапнула мне Алеся. — Гэта сімвал бога агню.

— А што сімвалізуе фігурка вадзянога змея? — запытаў я. На самым відным месцы была статуэтка дзвюхгаловай багіні. На галаве ў багіні — упрыгожанне, падобнае на карону, замест рота — гліняная палоска, а замест вачэй — гліняныя шарыкі.

На сцяне вісела скручанае ласо. Такое ласо, зробленае са скуры, як я чуў, дасягала пятнаццаці метраў. Побач вісеў лук. Анту нам расказваў, што з лука мапучэ страляюць на сто дваццаць метраў, што стрэлы копцяць, каб надаць ім цвёрдасць і трываласць, а калчан са стрэламі — вузкую карзінку з конскага воласу — носяць на спіне.

— Вунь макана — паліца, — тыцнуў рукою Максім, паказваючы на дубінку, вузкую на адным канцы і патоўшчаную на другім.

— Чаго пасталі? Сядайце, — прамовіў Санча.

Лінкан прымасціўся ў куце, на шкурах гуанака, бандыты, як гаспадары, селі на калоды каля ачага, а я, Максім і Алеся прыселі на ложку, каля якога ўзвышаліся тры гліняныя пасудзіны, падобныя на вялізныя бочкі.

Алеся нечакана ўсхліпнула.

— Чаго ты? — пацікавіўся Максім.

Алеся, размазваючы па шчаках слёзы, прагаварыла:

— Дзядзьку Анту шкада.

— Не раві,— зыркнуў на яе Піучэн.

— Даскакаўся твой Анту, — сказаў Кайф.

— Вы… Вы… — прамовіла Алеся.

— Хто мы? — падаўся наперад Чон-чон.

— Кракадзілы вы, — нечакана прагаварыла Алеся. Я думаў, што бандыты ўзлуюцца, а яны зарагаталі. Лінкан падаў голас:

— Хто вам даў права судзіць іншых? Вы не заслужылі. Санча стукнуў рабром далоні па прыкладзе аўтамата:

— Ён даў нам права.

— З гэтым правам вам доўга не пражыць.

— Індзеец з нас збыткуе! — ускочыў Піучэн. Металіст вытрашчыў вочы:

— Я яго застрэлю!

— Не, — сказаў Санча. — Мы зробім па-іншаму. Выводзьце яго з хаціны, а там убачыце.