46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Піучэн кіўнуў на нас:

— А гэтых?

— Няхай тут сядзяць. Калі высунуцца, страляй без папярэджання.

— Усіх перастраляю, — сказаў Піучэн і звярнуўся да Лінкана: — Уставай, індзеец.

Лінкан устаў. Бандыты вывелі яго з хаціны.

З пасудзіны ў… джунглі

Не чакалі мы, што так павернецца.

— Яны хутка вернуцца? — запытала Алеся.

— Хто ведае, — нявесела сказаў я.

— Паспрабуем уцячы?

— Заблудзімся ў джунглях, — сказаў Максім. Алеся сціснула рукі ў кулачкі:

— Лепей у джунглях блукаць, чым сядзець з бандытамі.

— Максім, навошта нам лезці ў джунглі? — кажу. — Каля берага стаіць плыт. Сядзем і паплывем па рацэ.

— А куды заплывем? — прагаварыў Максім.

— Куды-небудзь заплывем, — кажу яму. — Мажліва, людзей на рацэ сустрэнем ці якое-небудзь паселішча ўбачым. Людзі заўжды каля ракі селяцца.

— Правільна разважаеш, — пахваліў мяне Максім. — Але як з хаціны выбрацца?

— Паглядзі, дзе бандыты, — папрасіла яго Алеся.

Максім выглянуў з хаціны, і адразу ж прагрымела аўтаматная чарга. Кулі ўзбілі пыл каля самых дзвярэй. Максім, охнуўшы, зваліўся пры сцяне. Мы з Алесяй кінуліся да яго.

— Максім, цябе не паранілі? — усклікнула Алеся.

У Максіма белы-белы твар. Ляжыць нерухома, не адзываецца. Я страсянуў яго:

— Максім!

— Што? — ледзь чутна прамовіў ён. Потым паціху прыўзняўся, патрос галавою і здзіўлена сказаў:

— Не застрэліў? А мне думалася, што ён мяне забіў. Выходзіць, за намі сочыць Піучэн, не спускае вачэй з хаціны. Няма як выбрацца.

— Максім, а ты не заўважыў, дзе Лінкан? — спытала Алеся.

— Яго бандыты да рытуальнага слупа прывязалі. Вось што прыдумаў Санча! Прывязалі Лінкана да слупа, каб той пёкся на сонцы. Спадзяюцца, што не вытрымае, скажа, дзе залатая дзіда. Цяпер з яго здзекуюцца, а пасля возьмуцца і за нас. Як жа ўцячы адгэтуль? Няўжо мы не выратуемся? Я зірнуў на тры вялізныя пасудзіны, падобныя на бочкі, якія стаялі каля ложка, і ўсклікнуў:

— Мы выратуемся!

— Як? — запытаў Максім.

Я тыцнуў пальцам на пасудзіны:

— Туды схаваемся.

Алеся шырока раскрыла вочы:

— А калі знойдуць?

— Трэба рызыкнуць, — кажу. — Залезем і шкурамі гуанака накрыемся. Бачыце, колькі іх на ложку ляжыць?

— Хаваемся, — сказала Алеся і залезла ў пасудзіну.

Максім узяў шкуру і накрыў ёю Алесю. Мы з ім пераглянуліся і таксама залезлі ў пасудзіны. Толькі я паспеў прысесці, падціснуць ногі, як на двары пачуліся крокі і ў хаціну ўваліліся бандыты.

— Дзе яны? — адразу ж усклікнуў Санча. Чон-чон у тон яму:

— Няма?

— Шукайце, — прагаварыў Санча. Я сцяўся, затаіў дыханне.

— Дзе ж яны? — зноў усклікнуў Санча.

— Уцяклі. Піучэн правароніў,— прамовіў Кайф.

— Я вачэй не спускаў з хаціны, — стаў апраўдвацца Піучэн.

— Яны ў джунглях. З краёчку сядзяць. Пабаяцца лезці далей. Знойдзем, — прамовіў Санча.

Бандыты выбеглі з хаціны. Толькі цяпер я адчуў, што мяне калоціць, нібыта ў ліхаманцы.

— Антось, — паклікаў Максім.

Я ўстаў, адкінуў шкуру гуанака, вылез з пасудзіны. А Алеся і Максім ужо стаяць каля пасудзін, глядзяць на мяне так, нібы я з таго свету з'явіўся.

— Трэба ўцякаць, — сказаў Максім.

Я ўбачыў на паліцы каля сцяны вялізны нож, схапіў яго і разам з Алесяй і Максімам выбег з хаціны.

З Лінканам

Цела Анту на паляне ўжо не было (відаць, кудысьці завалаклі бандыты), а каля рытуальнага слупа стаяў Лінкан, прывязаны вяроўкаю. Мне здалося, што ён усміхнуўся, убачыўшы нас. Ён аблізнуў перасмяглыя губы, штосьці прашаптаў.

— Крышку пацярпіце. Зараз вызвалім вас. — Я ўзяўся за вяроўку, пацягнуў яе да сябе і паласнуў па ёй нажом.

Лінкан вызваліў рукі, разблытаў вяроўку, скруціў яе. Да яго падбег бура-чырвоны сабака, тоненька заскуголіў. Лінкан пагладзіў яго па спіне:

— Засумаваў без мяне? Ну, не бядуй. Цяпер не разлучымся.

— Трэба ратавацца, — не выцерпеў Максім.