46408.fb2
Кайф паплёўся, увагнуўшы ў плечы галаву. Лінкан адвязаў сабаку і пайшоў за Кайфам. І мы, пасмейваючыся, таксама пайшлі па сцяжынцы. Вось што прыдумаў Лінкан — выкарыстаць сабаку як своеасаблівую прынаду.
— Стой, — загадаў Лінкан Кайфу, калі мы прайшлі з паўкіламетра.
Кайф згорбіўся як стогадовы дзед.
— Застрэліш?
— Трэба было б.
— Я невінаваты. Санча ва ўсім вінаваты. Ён мяне прымусіў ехаць у джунглі. Дурань я, што паслухаўся яго. Няхай адзін ехаў бы.
На Санча верне — быццам Санча за каўнер яго сюды валок. Думаў, што азалоціцца. Пасля за золата наркотыкаў накупляў бы. Крычаў бы: "Я чорт! Я чорт!"
Лінкан з пагардай зірнуў на Кайфа. Той яшчэ больш сагнуўся, згорбіўся.
— Дык ты невінаваты?
— Санча вінаваты. І тыя, што з ім засталіся, таксама вінаватыя. Дай мне аўтамат. Я іх усіх перастраляю. Я застрэлю Санча. Я буду індзейцам. Я з вамі буду жыць, — і ён пацягнуўся рукамі да Лінкана. Той адхіснуўся. Упершыню ўбачыў я, як перакрывіўся ягоны твар.
— Не чапай мяне рукамі. Калі яшчэ раз дакранешся, то… Лінкан недаказаў да канца, ды Кайф добра зразумеў яго.
— Санча вінаваты. Я не-э…
— Санча вінаваты? — не сцярпеў я. — Кажаш, што Санча аддаваў загады? А чаму ты Каймана застрэліў? Таксама Санча загадаў? Таксама ён вінаваты?
У Кайфа задрыжала ніжняя губа.
— Усё-ткі ты бачыў?
— Бачыў,— сказаў я.
Лінкан зірнуў на мяне і падштурхнуў Кайфа:
— Ідзі.
— Куды вы яго? — запытала Алеся.
— У адно надзейнае месцейка завяду. Ёсць непадалёку. Няхай там пасядзіць. Пасля ўсім племенем будзем судзіць. А вы мяне тут пачакайце.
Кайф пасунуўся па сцяжынцы, паўтараючы, як заведзены: "Я невінаваты. Я невінаваты".
— Нешта даўно Лінкана няма, — занепакоілася Алеся. — Што, калі Кайф уцёк?
Мае рацыю Алеся. Кайф хітры, вераломны. На ўсё пойдзе, каб вызваліцца.
Як і ў першы раз, калі мы чакалі яго, Лінкан з'явіўся неспадзявана. У адной руцэ ён трымаў ласо і бохан хлеба, а ў другой нейкі пакунак, загорнуты ў зялёнае лісце.
— Дзядзька Лінкан! — узрадавалася Алеся.
Мы прыселі на траву, а Лінкан дастаў з-за пояса нож і парэзаў хлеб на тоўстыя лусты.
— Ешце. Такога хлеба, як гэты, вы не елі. Ён з зярнят расліны кіноа. Ён і за паўгода не пачарсцвее.
— Не верыцца, — вырвалася ў мяне.
Лінкан усміхнуўся краечкамі вуснаў, разгарнуў той пакунак, які прынёс з сабою. Мы ўбачылі мяса, парэзанае тонкімі доўгімі скрылямі.
— Бярыце чаркі,— сказаў Лінкан. Мы пераглянуліся.
— Якія чаркі? — запытаў я.
— Гэтае мяса ў нас называюць чаркі. Чаркі спярша наразаюць тонкімі доўгімі скрылікамі, а пасля сушаць на сонцы альбо вэндзяць у дыме.
Я думаў, што ўсё не з'ядзім, што хоць хлеб застанецца, але, на дзіва, мы з'елі і чаркі, і хлеб. Вядома, падзякавалі Лінкану за добры пачастунак. А ён прывёў нас на невялікую палянку, дзе раслі чырвоныя ягады, падобныя на нашы клубніцы.
— Гэта ягады міне-міне. Частуйцеся, — прагаварыў.
Мы сталі рваць гэтыя ягады. Не толькі смакам, але і выглядам яны нагадвалі клубніцы. Я так стараўся, што чырвоным сокам вымазаў і шчокі, і нос.
— Ну што, пойдзем? — спытаў Лінкан.
Мы кіўнулі. Ён прывёў нас да высокага дрэва.
— Зноў вам прыйдзецца залезці на дрэва.
З дрэва ўсё паселішча мапучэ было відно, як на далоні. Каля хацін ляжаць сабакі, грабуцца куры, на слупе, па якім узыходзіла дзяўчына-прыгажуня ў нябесна-блакітным адзенні, вісіць белы сцяг.
— Дзе ж бандыты? — не сцярпеў я.
— І я хацеў бы даведацца, дзе яны цяпер, — прамовіў Максім.
— Адпачываюць, — сказала Алеся.
Як відаць, сапраўды бандыты адпачывалі, бо з той хаціны, у якой некалі сядзелі мы, выйшаў Металіст. Ён пазяхнуў, пацягнуўся і накіраваўся ў бок джунгляў. Каля дрэва Металіст стаў, азірнуўся, а праз імгненне, нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, упаў.
— Лінкан на Металіста накінуў ласо! — усклікнуў Максім.
Мы злезлі з дрэва, пабеглі па сцяжынцы. Насустрач ішоў Лінкан з Металістам. Мы адступіліся ў бок дрэў.
— Не адставайце, — гукнуў Лінкан. — Хутка гэтыя "сябры" сустрэнуцца.
І мы накіраваліся ў тое надзейнае месца, дзе ўжо знаходзіўся Кайф.
Тым надзейным месцам была пячора. Лінкан завёў туды Металіста, а мы прыселі непадалёку. Хутка з пячоры выйшаў Лінкан. Ён нёс авечыя шкуры, а на іх ляжала бульба.
— Бульба! — узрадавана гукнула Алеся. Канечне, яна ўзрадавалася: мы даўно не елі бульбы.