46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 38

— Паплыву! — зноў крыкнуў Піучэн. — Не магу тут заставацца! Няхай усё гарам гарыць! Няхай Санча сам гэтую кашу расхлёбвае! Ён яе заварыў!

Дык вось яно што! Піучэн уцёк з паселішча, пакінуў Санча. Баіцца, што будзе так, як з ягонымі сябрукамі. Ну і няхай уцякае. Памахаем рукамі на развітанне.

— Чакайце мяне тут, — прамовіў Лінкан і знік у кустах. Хутка ён з'явіўся з вялізным гарбузом. Дзіва, дый толькі!

Навошта яму спатрэбіўся гэты гарбуз?

Лінкан дастаў з-за пояса нож, адрэзаў гарбуз з аднаго боку, старанна яго вычысціў, выразаў у ім некалькі дзірак.

— Усё-ткі паплыву! — рассек паветра рукою Піучэн. — Годзе тут сядзець. Дасяджуся. Пракляты правадыр і мяне ў джунглі зацягне.

Тым часам Лінкан надзеў на галаву гарбуз і пабег ускрайкам, хаваючыся за дрэвамі, за кустамі. Калі б цяпер хто-небудзь убачыў яго з гарбузом на галаве, то здранцвеў бы.

— Лінкан з гарбузом на галаве — як старажытны вой, — сказала Алеся.

Лінкан, убачылі мы, лёг на жывот і папоўз да ракі. Пасля слізгануў з берага ў ваду і паплыў уніз па цячэнні, туды, дзе плыт. Ні спіны, ні плячэй не відаць. Толькі гарбуз над вадою. Плыве Лінкан, усё бліжэй да плыта. А Піучэн устаў, штосьці мармытнуў пад нос і стаў глядзець на раку, затуліўшыся далонню ад сонца. Потым нагнуўся, развязаў рукзак. У гэты час Лінкан падплыў да плыта і ўскочыў на яго. Піучэн скалануўся і спалохана закрычаў.

— Не крычы, — Лінкан нагою адкінуў убок аўтамат. Піучэн стаў адступацца назад, усё паўтараючы:

— Хто ты? Д'ябал ці чалавек? Хто ты? Лінкан схапіў яго за плячо.

— Стой. У раку звалішся і ўтопішся. Я не хачу, каб ты ўтапіўся. Ты мне жывы патрэбен.

— Ты — д'ябал? Маю душу хочаш забраць? Па маю душу прыйшоў?

Лінкан зняў з галавы гарбуз. Піучэн аж прысеў, а пасля з нянавісцю прагаварыў:

— Ты і мяне падмануў. Чаму я цябе не застрэліў? Чаму перад адыходам тваіх людзей не ўзарваў?

— Ідзі,— загадаў Лінкан.

Піучэн, апусціўшы галаву, сышоў на бераг. Мы вылезлі з кустоў.

— І вас трэба было застрэліць, — прагаварыў Піучэн.

— Ну й злосці ў яго! — адвярнуўшыся, прамовіў Максім.

— Схавайцеся і пачакайце мяне тут, — сказаў нам Лінкан.

Нгенечэн?

Нейкі час мы маўчалі. — Не ўдалося ўцячы Піучэну, — прамовіў я. — Не удасца ўцячы і Санча. Зловіць яго Лінкан. Неспадзявана пачуўся ціхі свіст. Мы выглянулі з-за куста і ўбачылі Лінкана. Ён стаяў на сцяжынцы.

— Дзядзька Лінкан, вы так хутка Піучэна ў пячору завялі? — запытала Алеся.

— Не. Звязаў і ў кустах пакінуў.

Я ўбачыў, як хмурынка набегла на твар Лінкана. Мне ўспомнілася легенда, якую яшчэ ў горадзе расказваў нам Анту.

Даўным-даўно побач з мапучэ, якія дружна працавалі на сваёй зямлі, жылі злыя, лянівыя і жорсткія людзі. Месячнымі начамі яны нападалі на мапучэ: рабавалі, забіралі ў палон жанчын. Шмат мапучэ загінула, змагаючыся з імі. Нарэшце мапучэ не вытрывалі, папрасілі ў Нгенечэна, каб пакараў рабаўнікоў. Нгенечэн паклікаў сваю жонку Антумальген, якая была на небе Месяцам, і сказаў ёй, каб суняла рабаўнікоў. Ды яна не здолела гэтага зрабіць. Нгенечэн, узлаваўшыся, узышоў на неба па Уэндлуфу — Млечнаму Шляху. Ён разбіў неба на кавалкі, частку якіх кінуў на зямлю. Яны ўтварылі горны хрыбет, адгарадзіўшы ім мапучэ ад ворагаў. Пасля гэтага мапучэ сталі жыць у міры.

— Дзядзька Лінкан, як вы думаеце Санча злавіць? — запытаў Максім.

— Я не стану яго лавіць.

— Чаму? — здзівілася Алеся.

— Я зараз пайду да яго і скажу, каб размініраваў хаціны.

— Не ідзіце! — усклікнуў я. — Ён вас застрэліць!

— Не застрэліць. Я яму скажу, што дапамагу выбрацца з джунгляў, калі размініруе хаціны. Мне людзей трэба выратаваць.

Паблізу паселішча Лінкан загадаў нам, каб засталіся на ўскрайку джунгляў, а сам пайшоў далей. Санча, як відаць, назіраў з хаціны, бо адразу выскачыў і, наставіўшы аўтамат, крыкнуў:

— Стой, пракляты індзеец! Лінкан стаў.

— Не страляй.

— І мяне хочаш схапіць? Не схопіш! Застрэлю!

— Я хачу з табою дамовіцца. Калі размініруеш хаціны, калі выпусціш маіх людзей, то не стану чыніць табе зла. Завяду цябе ў горад. Даю слова. Мапучэ ніколі не хлусяць.

Санча затупацеў нагамі.

— Не веру твайму слову. Цябе застрэлю і ўсіх узарву! Ха-ха-ха!.. Застрэ-элю-у!..

Я глядзеў на яго і не пазнаваў. Раней ён цярпеў, прытвараўся, хацеў паказаць сябе добрым, калі нават было не даспадобы, мог быць, як кажуць, і ваўком і лісіцаю. А цяпер зусім раз'юшаны.

— Ён звар'яцеў,— прашаптала Алеся.

Сапраўды, звар'яцеў. Мабыць, ад страху. Сядзеў і чакаў, што вось-вось Лінкан накінецца на яго.

— На калені! Стань на калені, пракляты індзеец! — пырснуў слінай Санча.

— Размініруй хаціны. Будзеш жыць, — спакойна сказаў Лінкан.

— Стань на калені! Я буду жыць! Буду! Буду! Цябе застрэлю! Стань на калені! Лічу да дзесяці!

— Гляньце! — усклікнула Алеся, задраўшы галаву.

Я таксама задраў галаву і ўбачыў вялізны жоўта-чырвоны шар, які імкліва спускаўся ўніз. Шар на імгненне павіс у паветры, а пасля, падскочыўшы, як мячык, апусціўся на зямлю.

Я паглядзеў на Санча і Лінкана, якія, застыўшы, пазіралі на жоўта-чырвоны шар.

Шар прарэзліва загудзеў. Праз секунду адчыніліся дзверцы, і з шара выйшаў чалавек у блішчастым скафандры, падобным на той, якія носяць касманаўты. Чалавек быў незвычайна высокі, а ягоныя вочы свяціліся, нібы маленькія ліхтарыкі.

— Нгенечэн! — усклікнуў Лінкан.

Ягоны крык быццам разбудзіў Санча. Ён, завішчаўшы, выпусціў па чалавеку ў скафандры доўгую аўтаматную чаргу. Кулі рыкашэтам адскочылі ад яго, як ад бетоннай сцяны. Чалавек у скафандры падняў руку і пайшоў уперад, ступаючы важна, упэўнена. Санча, адступаючыся, усё страляў па ім. Ды кулі, рыкашэцячы, са свістам прарэзвалі паветра.