46408.fb2
— Узарву-у!
Чалавек у скафандры махнуў рукой-пальчаткай, падклікаючы яго да сябе, і Санча, павярнуўшыся, паслухмяна, што дзіця, пайшоў да яго. Чалавек у скафандры, тыцнуўшы рукой-пальчаткай, паказаў на шар:
— Лезь туды!
Санча пацёпкаў да шара, перавальваючыся з боку на бок, што гусак. Каля дзверцаў стаў.
Чалавек у скафандры ў другі раз тыцнуў рукой-пальчаткай, паказаўшы на шар:
— Лезь!
Санча, сагнуўшыся, палез у шар.
— Нгенечэн! — крыкнуў Лінкан. Чалавек у скафандры падышоў да яго.
— Табе цяжка, правадыр?
— Цяжка, — прамовіў Лінкан. — Мае людзі ў замініраваных хацінах.
Чалавек у скафандры, як здалося мне, засмяяўся. Вочы-ліхтарыкі засвяціліся ярчэй, і два промні, скрыжаваўшыся, пабеглі да тых хацін, у якіх сядзелі мапучэ. Пачуліся два гучныя шчаўчкі. Промні зноў скрыжаваліся, зайчыкамі заскакалі ў паветры і зніклі.
— Правадыр, я размініраваў хаціны. Можаш выводзіць сваіх людзей. Ты не радуешся?
Лінкан апусціў галаву.
— Я… Я…
Чалавек у скафандры перапыніў яго:
— Не трэба, правадыр. Я ведаю, што ты хочаш мне сказаць. Ты вытрымаў маё выпрабаванне. Ты заслужыў залатую дзіду. І тваё племя яе заслужыла. Залатая дзіда будзе ў вас вечна, пакуль зоркі будуць гарэць на небе.
"Хто ж гэты чалавек у скафандры? Чаму ён даў мапучэ залатую дзіду? Няўжо выпрабоўваў іх? Чаму выпрабоўваў? Няўжо для таго, каб быць шчаслівым, трэба прайсці праз выпрабаванні?" — думаў я.
Чалавек у скафандры, памахаўшы рукой-пальчаткай, павярнуўся і пайшоў да шара. Каля дзверцаў стаў, азірнуўся, паглядзеў на нас і знік у жоўта-чырвоным шары. Дзверцы зачыніліся, магутны гул скалануў джунглі. Шар падняўся ўверх.
— Нге-не-чэ-эн! — усклікнуў Лінкан…
Зацягнуўшы на бераг човен, Базыль узбег на грудок, парослы зялёнаю сакавітаю травою. На грудку сям-там ляжалі трэскі,кавалкі чароту, галіны — след, які пакінула паводка, калі рака напрадвесні, выйшаўшы з берагоў, затапіла не толькі гэты грудок, але і ўскраек лесу (да яго ад ракі, як кажуць, рукой падаць). Туды, у лес, паволі ішлі дзядуля Піліп, Марыся і Раман.
Базыль азірнуўся. Павольна цячэ, шырокаю стужкаю блішчыць на сонцы рака. За ракою — родная вёсачка Нараставічы. На высокім абрывістым беразе стаяць хаты. Іх нават у самую вялікую паводку не затопіць. У Базыля, калі глянуў на вёску, зашчымела на душы, стала трывожна. Чаму ж так? Ён жа не ўпершыню ідзе ў лес, за раку. Не раз у лесе збіраў і ягады, і грыбы, і проста так бавіўся, гуляў.
Яму, Базылю, ужо чатырнаццатае лета пайшло. Брату Раману толькі дванаццатае мінула, а сястрычцы Марысі — дзесятае. Няўрымслівае, упартае дзяўчо Марыся. Сёння, калі дзядуля вырашыў надраць з ліпы кары на лыкі, каб лапці сплясці, прычапілася да яго: "Вазьмі і нас з сабою ў лес". Па пятах за ім хадзіла, прасіла, пакуль ён не згадзіўся. Дзядуля багата ведае: шмат чаго пачуў, пабачыў, калі разам з іншымі воямі хадзіў у паходы на крыжакоў. Многа даведаўся ён ад свайго дзядулі Янкі, які ў самога князя быў дружыннікам. Слаўны вой Янка не толькі ўмеў чытаць, але і сам пісаў кнігу, у якой апавядаў пра сваё жыццё. Але тая кніга згубілася, калі аднаго разу на іхні атрад напалі ворагі.
— Базы-ы-ль! — данёсся да Базыля звонкі Марысін галасок.
Напэўна, дзядуля сказаў паклікаць яго, Базыля. Стараецца Марыся дагадзіць дзядулі: мабыць, папросіць яго рассказаць якую-небудзь цікавую гісторыю. Асабліва любіць яна слухаць пра язычніцкіх ці, як іх яшчэ называюць, паганскіх багоў. Дзядуля казаў, што раней іх было шмат: Ярыла, Каляда, Дажбог, Купала, Пярун і яшчэ многа іншых.
— Базыль! — зноў пачуўся Марысін галасок.
— Бягу! — азваўся ён і памчаўся па пясчаным грудку. Дзядуля, Марыся і Раман стаялі на лясным ускрайку.
Марыся, ухапіўшыся за дзядулеў локаць, сакатала:
— Дзядуля, міленькі, а сонца з неба не ўпадзе на зямлю, не разаб'ецца на многа-многа праменьчыкаў? Га? Скажы!
— Не, — сказаў дзядуля і шпарка рушыў па вузкай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, якая вяла ў лес.
Хутка крочыць ён, у Базыля лоб ужо мокры. Сёння сонца добра пячэ — што ж, канец мая. Базыль далонню змахнуў з ілба кропелькі поту. Чаму ж не горача дзядулю? На ім жа світа з белага даматканага сукна, а пад ёю — кашуля з адкладным каўняром, на галаве — магерка. Калі б ён, Базыль, быў так апрануты, то, напэўна, даўно спарыўся б.
Яны выйшлі на шырокую паляну, залітую сонцам. Пасярод яе стаяў векавы дуб з абгарэлай вершалінай. "Напэўна, нядаўна маланка пацэліла, падпаліла", — падумаў Базыль. Ён хацеў запытацца ў дзядулі, ці доўга яшчэ ісці, як нечакана ў паветры прамільгнула страла і ўторкнулася ў тоўсты камель дуба. Яна часта-часта дрыжала, быццам незадаволеная тым, што ёй не ўдалося навылёт прабіць векавое дрэва.
— Чорная страла! — вырвалася ў Базыля.
Так, гэтая страла была чорная. Яна, здавалася, дрыжала не пераставаючы. І губы дрыжалі, стараючыся вымавіць: "Дзядуля…"
Чорная страла, як Базыль чуў ад старэйшых, — гэта знак, які нясе бяду. Пасля яе з'яўлення на людзей з віскам і енкам наляталі татары. Яны бралі ў палон дзяцей і падлеткаў, асабліва палявалі за дзяўчынкамі, каб завезці далёка-далёка, у заморскую краіну, і прадаць там у няволю. У мінулым годзе татары ў лесе схапілі хлапчукоў з суседняй вёскі. Паранены бацька аднаго з хлапчукоў прыцемкам прыпоўз у вёску, расказаў, як уторкнулася ў дрэва чорная страла, як выскачылі татары, завыўшы па-воўчы. Затым пагалоскаю пайшло ад вёскі да вёскі, што нападаюць, сілком забіраюць дзяцей, знікаючы зданямі. Цэлую зіму людзі не чулі пра іх. І вось зноў чорная страла.
— Дзядуля… — нарэшце прамовіў Базыль. Дзядуля стаяў, азіраючыся па баках.
— Дзядуля, тут татары. Яны ў кустах хаваюцца, за намі цікуюць, — таропка прашаптаў Раман.
Базыль адступіў убок. Дзядуля, уцякайма.
— Стойце! — сказаў дзядуля.
Базыль зірнуў на чорную стралу. Сядзіць у камлі дуба, як змяінае джала. Нездарма было трывожна на душы.
— Дзядуля, мне страшна, — не стрывала, прызналася Марыся.
— І мне страшна, — сказаў Раман. Дзядуля павярнуўся да Базыля.
— Базыль, вазьмі за рукі Рамана і Марысю. Ідзіце за мною.
— А татары? Яны вось-вось…
— Ідзіце за мною. Калі я вам крыкну, каб уцякалі, то бегма бяжыце. Мяне не чакайце. Базыль, ты старэйшы. Зразумеў?
Вось яно што! Дзядуля хоча іх выратаваць. Як жа ён гэта зробіць? Замалоцяць яго тут татары.
— Не, — замахаў галавою Базыль.
— Сястрычку і брата выведзі з лесу, — прагаварыў дзядуля. — Скажаш нашым, што тут татары. Трэба, каб людзі ведалі. Ідзіце за мною!
Дзядуля накіраваўся на ўскраек паляны. Базыль, узяўшы за рукі Рамана і Марысю, вёў іх за дзядулем.
Над палянай лятаюць, кружацца матылі. Дзесьці непадалёку ў густой траве чуецца гучнае, скрыпучае: "Крэк-крэк, крэк-крэк…" Базыль ведае, што гэта драч.