46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

— Ён пайшоў.

І я гэтак жа, як і яна, прамовіў:

— Ён пайшоў.

— Я адчыню дзверы, праверу, хто там, — сказаў Максім і накіраваўся да дзвярэй.

А на калідоры зноў пачулася: туп-туп-туп…

Максім стаў, застыўшы цыркулем.

Я ўжо не сумняваўся, што гэта вампір. "Ён слухае, ці ёсць хто ў пакоі", — думалася мне.

Вампір, пачулі мы, пракрактаў і патупацеў. Няўжо пранесла?

Ён — гэта Траука?

Некалькі хвілін мы сядзелі як здранцвелыя. А на калідоры зноў пачуліся крокі: ужо лёгкія, імклівыя. Я адразу пазнаў, што ідзе Анту. Нарэшце. Цяпер пракляты вампір не нападзе на нас.

Я падбег да дзвярэй, хацеў адамкнуць іх, а Алеся як замахае рукамі:

— Антось, не адмыкай! Мажліва, вампір, каб абмануць нас, знарок стаў па-іншаму хадзіць.

— Я адамкну, — кажу.

— Пачакай, — спыніў мяне Максім. Я зірнуў на яго:

— І ты баішся?

— Не задавайся. Сам нядаўна пад ложак заглядваў. Ведаю чаму. Шукаў месцейка, каб схавацца. Не след спяшацца. Крыху пачакаем.

Я хацеў сказаць Максіму, што не збіраўся пад ложкам пыл выціраць, ды з-за дзвярэй пачуўся голас Анту:

— Не заснулі?

Я павярнуў ключ у замку, адчыніў дзверы. Анту ўвайшоў у пакой. Да яго адразу ж кінулася Алеся.

— Дзядзька Анту, як добра, што вы прыйшлі! Па калідоры хадзіў вампір. Каля нашых дзвярэй крактаў, нагамі тупацеў. Ён хацеў у наш пакой улезці.

Анту пагладзіў Алесю па галаве.

— Не бойся. Няма яго тут. Нехта проста так хадзіў. Мабыць, свой пакой шукаў. Забыўся, у якім яго пасялілі.

Няма вампіра ў гасцініцы, не было. А мы ад страху калаціліся. Нездарма кажуць: баязліваму і корч мядзведзем здасца.

— Яго зусім няма? Выдумалі людзі? — запытала Алеся.

Анту сеў на крэсла, паглядзеў на нас. У некаторых дарослых у вачах можна ўбачыць затоеную злосць ці жорсткасць, у іншых гарэзлівасць ці неспакой, сумоту. А ў вачах Анту — нейкая незразумелая мне дзіцячая дабрыня. Гэта я прыкмеціў яшчэ раней, калі мы толькі сустрэліся з ім, калі ён расказваў нам, як спусціўся ў джунглі валадар людзей Нгенечэн.

— Людзі праўду казалі,— прамовіў Анту. — Траука ў горадзе.

— Які Траука? — здзівіўся я.

— У нашых джунглях жыве вельмі стары карлік. Ягоны твар як у дзіцяці, а галава павернута тварам назад. На нагах-абрубках, якія падобныя на лапы, няма пятак і пальцаў. Ён носіць сплеценае з травы адзенне і глядзіць так, што нават самаму смеламу становіцца не па сабе. У таго, хто сустрэнецца з ім, нямее шыя, вырастае горб. Вампір, які з'явіўся ў горадзе, — гэта не чалавек. Гэта страшыдла Траука.

Вядома, ні я, ні Алеся, ні Максім не паверылі, што дзесьці ў джунглях жыве карлік Траука. Ды мы не пярэчылі Анту, бо ведалі: колькі ні пярэч, ён будзе стаяць на сваім. Так было і раней, калі расказваў, як ляцеў разам з Нгенечэнам у шары.

— Дык вампір, — ў горадзе? — запытаў у Анту Максім.

— У горадзе. Нядаўна на хлапчука напаў. Ледзь абаранілі малога.

— А Траука ўцёк?

— З самых рук вырваўся. Вёрткі.

Усё-ткі ўцёк. Што ж было б, калі б на мяне напаў? Трапілі ў нерат! Вось табе і Лацінская Амерыка! Тут добрым спрынтарам трэба быць.

— Траука хлапчука моцна пакусаў? — пацікавіўся я. Максім, каб перапыніць гэткую гаворку, прамовіў:

— Дзядзька Анту, вы казалі, што ў джунглях была вялікая спякота, калі Нгенечэн спусціўся на жоўта-чырвоным шары.

— Яшчэ якая!

— Вы ўвесь час жылі ў джунглях? Вам не было сумна?

— Не. Мы працавалі, весяліліся.

— Дзядзька Анту, да гэтага вы ніколі не бачылі вялікага горада?

Анту паглядзеў на Максіма. У ягоных добрых дзіцячых вачах можна было прачытаць: "Які ж ты дзівак, хлопча!"

У школе нам расказвалі, што на тэрыторыі многіх лацінаамерыканскіх краін захаваліся асобныя групы індзейцаў, якія ніколі не мелі кантакту з цывілізацыяй, жылі, як і іхнія далёкія продкі, лавілі рыбу, палявалі. Здаралася, што да такіх паселішчаў дабіраліся еўрапейцы, каб азнаёміцца з першабытным жыццём. Ды не ўсе індзейцы былі згодныя на гэта.

Адзін бразільскі вучоны падлічыў, што за два апошнія дзесяцігоддзі ад індзейскіх стрэлаў толькі ў Бразіліі загінула больш як шэсцьдзесят даследчыкаў. Што ж, да індзейцаў часта ідуць не з дабром. Вось і Лінкана, цяперашняга правадыра племені мапучэ, казаў Анту, яны калісьці забралі з сабою.

Ды ўсё роўна не верыцца, што ў наш касмічны век ёсць індзейцы, якія наўмысна не выходзяць з джунгляў. Цяжка ўявіць іхняе жыццё без машын, без электрычнасці. Нездарма Максім здзіўляецца.

— Вы ніколі да гэтага не бачылі вялікага горада? — паўтарыў мой сябар.

— І не хацеў бы бачыць, — адказаў Анту.

— Тут лягчэй жыць, — паціху сказаў Максім.

— А мне цяжэй.

Анту хутка-хутка забарабаніў пальцамі па стале. Развярэдзіў яму душу Максім.

— Калісьці наш токі Лаутара ад белых уцёк, — прамовіў Анту. — Не захацеў жыць з імі. І Лінкан з горада ўцёк. І я ўцяку, пайду праз джунглі. Але што скажуць мне? Мяне ж забраў Нгенечэн. Ці павераць, што я жывы?

— Раскажыце нам пра токі Лаутара. Ён нікога не баяўся? — звярнулася да Анту Алеся.