46408.fb2
"Крэк-крэк, крэк-крэк", — яшчэ гучней закрычаў драч. Раптам пачуўся прарэзлівы свіст, затрашчалі кусты, і на паляну з усіх бакоў вылецелі коннікі ў паласатых халатах. У кожнага на поясе крывая шабля, за спінамі — лукі.
— Дзядуля, я не хачу, я не паеду з татарамі! — усклікнула Марыся.
Базыль адчуў, як яна мацней учапілася за ягоную руку. Дзядуля, Базыль, Раман і Марыся сталі, збіўшыся ў купінку, а татары, як восы, пачалі кружыцца вакол іх. Коні з шалёнай хуткасцю насіліся адзін за адным. З-пад капытоў ляцела зямля. Яе мяккія камякі білі па нагах, здаралася, траплялі ў твар. Церпкім конскім потам давала ў нос.
Некаторыя татары трымалі ўзнятыя ўгору дзіды, на канцах якіх былі прымацаваны хвасты коней. Гэтыя хвасты развяваліся нібы дзіўныя пачварныя крылы.
Базыль адчуў, што становіцца млосна, што кружыцца галава. Каб не ўпасці, ён шырэй расставіў ногі.
Коні сталі як па камандзе. Цяпер Базыль мог добра разгледзець татараў. Усе як адзін шыракатварыя, на галовах — лісіныя шапкі. Праўда, адзін з іх у чалме. Неяк ён, Базыль, паехаў з дзядулем у горад і там убачыў мужчыну ў гэткай жа чалме. "Чаму ён ходзіць у такой дзіўнай хустцы?" — пацікавіўся тады Базыль у дзядулі. "Гэта не хустка, а чалма, — сказаў дзядуля. — Татарын ён. Так заведзена ў іх. Ён іншага роду-племені". Базыль і да гэтага чуў, што на свеце ёсць шмат народаў, сярод якіх і татары. А ў той дзень дзядуля сказаў яму, што татары даўно пасяліліся ў горадзе.
— Стары… — раптам прагаварыў татарын у чалме. Базыль ад неспадзеўкі аж уздрыгануў. Чаму татарын гаворыць па-нашаму?
— Ах ты, сабака! — адказаў дзядуля. — Прадаў нас, крымчакоў прывёў сюды!
— Я сабака? — завыў татарын. — Ты сам стары сабака! Табе трэба было новую кашулю адзець!
Цяпер Базыль здагадаўся, чаму татарын у чалме ведае нашу мову. Нездарма дзядуля сказаў, што ён прадаў нас. Гэта быў адзін з тых, хто жыў на нашай зямлі. Ён нават тутэйшыя звычаі ведае: пра новую кашулю напомніў… Здаўна сярод беларусаў заведзена: перад смерцю апранаць тое адзенне, у якім уступалі ў шлюб, тым самым у сваёй памяці звяртаючыся да самых светлых часін свайго жыцця. Не баяліся беларусы немінучага канца.
— Ты не палохай мяне. — прамовіў дзядуля. Татарын у чалме, не зводзячы вачэй з дзядулі, тыцкаў рукою, каб дастаць з ножнаў шаблю. Ягоная рука калацілася, дрыжала.
Базыль з жахам глядзеў на татарына. Зараз ён выме шаблю, узмахне ёю, і…
— Бурхан, пацакай. Ясцэ паспеес, — спыніў татарына ў чалме адзін з ягоных сябрукоў.
— Не! Я яго! Я…
— Пацакай! Каму казу?
— Пачакаю. Твая воля, Джавад.
"Татарына ў чалме зваць Бурхан, а гэтага, які не даў яму засячы дзядулю, — Джавад, — здагадаўся Базыль. — Джавад, як відаць, тут самы галоўны. Нездарма Бурхан яго паслухаўся. І Джавад крыху ведае нашу мову. Мажліва, таксама ў нас жыў. Мажліва, знарок да нас прыязджаў. Прыкідваўся сябрам, а сам прыглядаўся, вывіжоўваў, каб пасля прывесці атрад хаўруснікаў".
Бурхан, спадылба зірнуўшы на дзядулю, сказаў:
— Джавад, калі можна будзе засячы старога?
— Пацакай. Даўно я з такімі, як ён, не сустракаўся. Хочацца пагаварыць з ім.
— Няма чаго з ім гаварыць, — буркнуў Бурхан.
— Як цябе зваць? — запытаў у дзядулі Джавад.
— Піліп, — адказаў дзядуля.
— Страсна табе, Пылып?
Дзядуля маўчаў. Джавад пад'ехаў бліжэй.
— Дзяцей я вам не аддам. Ведаю, што за імі прыехалі,— нарэшце прагаварыў дзядуля.
— Не аддасі? — ашчэрыўся Бурхан. — Засяку сабаку! Джавад махнуў рукою.
— Памаўцы. Мне трэба з Пылыпам пагаварыць. Я ясцэ страху ў ягоных вацах не бацу. Мне ў ягоных вацах хоцацца страх убацыць. Пылып, не аддасі дзяцей?
Дзядуля ўзняў галаву.
— Мы здаўна прывыклі бараніць і сваё месца, і сваіх дзяцей.
Джавад зарагатаў.
— Ты іх хоцас абараніць? У цябе, стары Пылып, узо рукі трасуцца. Табе толкі курэй лавіць.
Базыль з нянавісцю глядзеў на яго. Смяецца, здзекуецца з дзядулі. Вось каб цяпер дзідай у ягоны тоўсты жывот! Ведаў бы, як чужых дзяцей красці.
— Не рагачы, паганец, — не сцярпеў дзядуля. Джавад перастаў смяяцца, прыставіў руку да вуха.
— Сто-о?
Дзядуля плюнуў пад ногі.
— Шкада, што я з табой у баі не сустрэўся. Я з табой па-іншаму пагаварыў бы.
Базыль думаў, што Джавад, як і Бурхан, узлуецца, схопіцца за шаблю, а ён усміхнуўся.
— Пылып, ты хоцас паваяваць?
— Голымі рукамі не ваююць, — адказаў дзядуля.
— Лубіну вазьмі. Паваюес.
— З табою?
Джавад тыцнуў рукою, паказаўшы на татарына, які ці не на дзве галавы ўзвышаўся над іншымі.
— Паваюй з ім, з Ак-Бугаем. Ён будзе на кані, а ты песа. Калі перамозас яго, то адпусцу і цябе, і дзяцей.
Базыль скоса глядзеў на татарына, якога Джавад назваў Ак-Бугаем. У гэтага Ак-Бугая ногі тоўстыя, што калоды, далоні такія, што на кожную па дзіцяці можна пасадзіць. Сам чырвоны, што памідор. Хіба пераможа яго дзядуля?
Джавад штосьці сказаў Ак-Бугаю на сваёй мове. Ак-Бугай усміхнуўся, кіўнуў галавою. І іншыя татары заўсміхаліся, заківалі галовамі.
— Дзядуля, не біся з ім. Ён цябе заб'е, — не сцярпеў Базыль.
— Не бойся, унучак. Станьце каля лесу. Помні, што я табе казаў.
— Стары, цаго з дзецьмі сэпцасся? — запытаў Джавад. — Няхай яны каля лесу стануць. Няхай не замінаюць мне.