46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 41

Буду біцца з тваім Ак-Бугаем. Джавад кіўнуў галавою.

— Няхай.

Дзядуля падштурхнуў Базыля.

— Ідзі. Вядзі малодшых. Ратуй іх.

Базыль, моргаючы вачыма, глядзеў на дзядулю. Чаму ж ён пагадзіўся біцца з Ак-Бугаем? Пацешыць татараў? Не перамагчы яму Ак-Бугая. Сказаць, каб адумаўся? Сказаць, што Джавад усё роўна не стрымае свайго слова? Дарэмна, не пераканаеш дзядулю. Ужо не раз і не два было: калі што-небудзь вырашыў, то не адступіцца.

— Ідзіце, — паўтарыў дзядуля.

Базыль апусціў галаву і павёў Рамана і Марысю. Яны паслухмяна ішлі за ім. Пэўна, таксама зразумелі, што ні плачам, ні крыкам тут не дапаможаш.

Базыль стаў, азірнуўся. Пасярод паляны, наставіўшы дзіду, узвышаўся на кані Ак-Бугай, а насупраць, непадалёку ад яго, стаяў дзядуля. У руках ён трымаў тоўстую лясіну (мабыць, знайшоў яе тут, на паляне).

— Дзядуля! — усхліпнула Марыся.

У гэты момант Джавад нешта крыкнуў, і Ак-Бугай, наставіўшы дзіду, паімчаўся на дзядулю. Дзядуля, як і раней, стаяў, прыўзняўшы лясіну. Ён толькі крыху падаўся наперад. Ак-Бугай усё бліжэй, бліжэй. Зараз канём растопча дзядулю. "А-а-а!" — крыкнуў Ак-Бугай, замахнуўшыся дзідай. Дзядуля прыгнуўся, адскочыў убок і стукнуў лясінай каню па галаве. Конь, прарэзліва заіржаўшы, упаў на зямлю што падкошаны. Ак-Бугай, кінуўшы дзіду, стараўся выцерабіцца з-пад яго. Дзядуля аперазаў Ак-Бугая лясінай.

Джавад завішчэў, як сабака, якому перабілі нагу, і, прышпорыўшы каня, панёсся на дзядулю. За ім паімчаўся ўвесь атрад татараў.

— Уцякайце! — данёсся да Базыля дзядулеў голас.

— Бяжым! — крыкнуў Базыль і пацягнуў за сабою Рамана і Марысю.

Паляванне на дзяцей

Цяжка было бегчы па лесе. Прыходзілася прадзірацца праз кусты, пералазіць цераз вываратні, якія цягнулі ўверх свае калючыя сухія галіны. Яны, здавалася, знарок хацелі ўхапіць за нагавіцы, за кашулю, каб утрымаць, каб не пусціць. Але Базыль разумеў, што вываратні дапамогуць выратавацца, уцячы. Конным татарам тут не праехаць.

Базыль азірнуўся, каб паглядзець, дзе Раман і Марыся. Ага, бягуць за ім, спяшаюцца, не адстаюць. Што ж, не першы раз яны ў лесе, не ўпершыню ім прадзірацца праз кусты, пералазіць цераз вываратні Ён абавязкова прывядзе іх у вёску, яшчэ не раз з імі прыйдзе сюды, у лес. А вось дзядулю, відаць, не суджана вярнуцца ў вёску. Не пашкадуюць яго татары, не выпусцяць са сваіх рук, разарвуць, як галодныя ваўкі.

На вочы наплылі слёзы. Дрэвы, зямля цьмяна расплываліся перад вачыма. Базыль бег, амаль нічога не заўважаючы, амаль нічога не цямячы.

— Братка! — нібы здалёк данёсся да яго голас Рамана. Базыль стаў.

— Чаго ты? Стаміўся?

— Марыся! Марыся за мною бегла, а цяпер яе няма, — дрыготкім голасам прагаварыў Раман.

Базыль рукавом кашулі выцер слёзы. І праўда, няма сястры. Мабыць, адстала і цяпер адна ў лесе сядзіць і плача. А дзядуля ж прасіў яго, Базыля, каб вывеў Рамана і Марысю з лесу. Выходзіць, дарма ён на яго паспадзяваўся.

Трэба было наперад Марысю пусціць, каб першай бегла. Зусім не падумаў, расплакаўся. Дзядуля не плакаў, калі татары іх акружылі. Не плакаў, не разгубіўся і тады, калі Ак-Бугай на яго панёсся.

— Братка, трэба шукаць Марысю, — сказаў Раман.

— Знойдзем.

— А татары нас не зловяць? Базыль глянуў на брата.

— Раман, можа, ты тут пабудзеш? Га?

— Тут? Не! Разам пойдзем шукаць Марысю. Заблудзіцца яна ў лесе.

— Хадзем, — прамовіў Базыль.

Яны з аглядкай ішлі па лесе. З куста ўзляцела маленькая пішчуха. Села на ствол сасны і палезла ўверх, абапіраючыся на цвёрды хвост. Круціць тонкай дзюбкай, падобнай на шыла. Села на галіну і тоненька завяла: "Цсыы-цсыы…"

— Базыль, што мы будзем рабіць, калі не знойдзем Марысю? — запытаў Раман.

— Знойдзем, — няўпэўнена сказаў Базыль.

І праўда, дзе ж яна? Мусіць, зашылася ў кусты і не паказваецца. Можа, паклікаць? А калі татары непадалёку? Яны таксама пачуюць. Навастрылі вушы, прыслухоўваюцца. А можа, усё-ткі паклікаць, рызыкнуць?

— Раман, — сказаў Базыль, — давай паклічам Марысю.

— Пакліч.

Базыль паціху крыкнуў:

— Ма-арыся!

З-за куста, які рос воддаль, высунуўся Бурхан. Той самы татарын, які дзядулю хацеў засячы. За Бурханам паказаўся яшчэ адзін татарын.

— Стойце, шайтан бы вас забраў! — галёкнуў Бурхан. Базыль схапіў за руку Рамана і пабег назад. Усё-ткі падпільнавалі татары.

Базыль і Раман беглі, зноў прадзіраючыся праз кусты, пералазячы цераз вываратні.

— Ой! — усклікнуў Раман. Базыль стаў.

— Чаго ты?

— Нагу аб сук прапароў.

Ззаду і з абодвух бакоў пачуліся крыкі. "Татары нас акружаюць," — здагадаўся Базыль. Ён ледзь не сілком павалок за сабою Рамана. Паказалася балота. З самага краю балота суцэльнаю падушкаю слаўся белаваты мох, сям-там узвышаліся нізкія балотныя хвойкі, купінкі алешніку, лазы, а далей сцяною стаялі чарот, аер, асака.

— Не прабрацца нам праз балота! — усклікнуў Раман. Базыль, Як і Раман, ведаў: на такім балоце, бывае, ступіш і правалішся, нават войкнуць не паспееш. "Відаць, даўно татары ў нашым лесе аціраюцца. Падрыхтавалі сапраўдную пастку", — падумалася Базылю.

— Братка, што будзем рабіць? — заплакаў Раман. З лесу данесліся чужыя галасы.

— Можа, удасца прайсці праз балота? — прамовіў Базыль і ступіў на белаваты мох. Пад нагамі хлюпнула, мох закачаўся, што жывы.

— Утопішся! — аж прысеў Раман.

Базыль, паваліўшыся на бок, выпаўз з балота, сеў на купіну. Усё-ткі не прайсці праз балота. А ззаду татары. Дамагліся свайго, загналі ў балота. Вось каб дабрацца туды, дзе расце чарот! У чароце схаваліся б з Раманам. Там татары не знайшлі б.

— Братка, татары нас заб'юць, — захныкаў Раман. Базыль устаў і пайшоў паўз балота. Ён і сам не ведаў, куды ідзе.

— Братка, заб'юць нас татары, — паўтарыў Раман. Базыль павярнуўся да брата.

— Не зловяць яны нас. На дрэва залезем, схаваемся.