46408.fb2
Сапраўды, адно застаецца: на дрэва залезці, схавацца ў гушчыні. Іншага ратунку няма.
— Братка, лісіца! — неспадзявана гукнуў Раман, Сапраўды, з лесу выбегла лісіца. Прыпыніўшыся на імгненне, яна крутнула хвастом і ўскочыла ў куст лазы, які рос на балоце.
— Лісіца ў лазе схавалася! — крыкнуў Раман.
Не, не будзе лісіца сядзець у кусце лазы. Яе ж татары з лесу выгналі. Ведае хітрыца, што хутка з'явяцца. Выходзіць, яна праз балота пабегла. Выходзіць, там, за кустом лазы, ёсць нейкая сцяжынка, якая вядзе праз балота.
— Раман, не адставай! — гукнуў Базыль і прыпусціўся да таго куста. — Ідзі за мною. Не бойся.
— Я пайду, пайду… — таропка азваўся той.
Базыль расхінуў куст і палез уперад. Раман, ціха вохкаючы, сунуўся за ім. Нарэшце яны вылезлі з куста. Так і ёсць. Ледзь прыкметная сцяжынка вядзе праз балота. Сям-там віднеюцца тонкія круглякі. Няйначай, нехта знарок іх тут паклаў, вымасціў імі сцяжынку.
Базыль асцярожна ступіў на слізкі кругляк. Узбоч заварушылася, ціха забуркатала балота. Але ж тут, на сцяжынцы, не правальваецца пад нагамі. Цяпер зразумела, куды пабегла лісіца-хітрыца. Не, не стане яна сядзець у кусце, не стане чакаць, калі прыйдуць па яе шкуру.
— Ідзі за мною, — сказаў Базыль.
Сцяжынка вывела Базыля і Рамана да возера, акружанага чаротам, асакою, касачамі, аерам. Усё возера было пакрыта густой зялёнай цінай. І што самае дзіўнае — каля берага возера стаяў човен, у якім ляжала вясло. Раман адразу ж ускочыў у човен.
— Братка, хутчэй сядай, паплывем, бо татары дагоняць.
— Не бойся. Цяпер яны нас не дагоняць, — супакоіў яго Базыль.
Хіба здагадаюцца татары, што ёсць сцяжынка, якая праз балота вядзе да возера? Калі б не лісіца, то і ён, Базыль, не ўбачыў бы гэтую сцяжынку.
— Базыль, татары нас не заўважаць? — запытаў Раман.
— Не заўважаць. Тут вунь які высокі чарот. Ён нас што сцяною затуляе.
Базыль сеў у човен, глянуў на Раманаву нагу. На ёй бруднымі пісягамі застыла кроў.
— Я зараз адарву кавалак кашулі і перавяжу нагу, — сказаў Базыль.
— Не трэба. Кроў ужо не цячэ. Зараз у вадзе нагу памыю.
Каля балота пачуліся чужыя галасы. "Татары з лесу выйшлі," — здагадаўся Базыль.
— Трэба плысці. Годзе тут сядзець, — прамовіў Раман. Базыль узяў вясло і адштурхнуўся ад берага. Човен, рассякаючы ціну, паволі крануўся, паплыў.
Высунуўшыся з вады, квакалі жабы. Яны нібы пыталіся: "Хто вы? Адкуль сюды зваліліся?" Нарэшце паказаўся бераг.
— Братка, татары нас не зловяць, калі вылезем з чоўна? — занепакоіўся Раман.
— Не. Балота далёка цягнецца. Пакуль яны яго абыдуць, мы ўцячэм адгэтуль.
Човен прыстаў да берага. Раман і Базыль выйшлі з яго і пакіравалі ў лес. Навокал ціша, паўзмрок. Сухое леташняе лісце шамаціць пад нагамі.
Пачалася змрочная, няўтульная лагчына.
— Братка, лясун нас не запыніць? — затрывожыўся Раман.
— Няма яго, — сказаў Базыль, хоць і самому стала не па сабе.
— У лесуна ногі як калоды, сам ён аброс зялёным мохам, а вочы ў яго свецяцца, як светлякі-гнілякі ўначы. Ён дужы. Ён нават дрэвы з карэннямі выварочвае. — Раман тыцнуў пальцам, паказаўшы на вываратні.— Бачыш, колькі тут вывернутых дрэў? Можа, гэта лясун пастараўся?
Базылю ўявілася, як ціха ступае па лесе на сваіх калодах-нагах страшны лясун, як падыходзіць да дрэва, як, нядобра ўсміхнуўшыся, налягае плячом на ствол. Дрэва стогне-плача, трашчаць ягоныя карані, а лясун пнецца з усёй сілы. І вось дрэва, апошні раз застагнаўшы, з гулам падае на зямлю, ломячы галіны, абдзіраючы кару. Лясун ідзе далей, прыглядаецца, думае, якое яшчэ дрэва яму зваліць.
— Братка, чаму лясун дрэвы валіць? — забег наперад Раман.
— Так яму хочацца.
— Не, не толькі таму, што проста хочацца. Ён птушак і звяроў палохае. Калі дрэва падае, то ўсе звяры разбягаюцца. Так?
Што сказаць Раману? Хіба ён, Базыль, бачыў, як лясун валіць дрэвы? З ім лепей не сустракацца, як і з татарамі. Такая сустрэча дабром не скончыцца.
— Дрэвы бурай павывальвала, — сказаў Базыль, супакойваючы брата.
— Бурай? А як ты думаеш: дзе жыве лясун?
— Думаю, што пад вываратнямі прытулак сабе знаходзіць. А можа, і ў густым ельніку, куды ніводзін звер не прабярэцца.
— Ён днём спіць у ельніку, а ноччу па лесе лазіць?
— Як прыйдзецца. Яму не загадаеш. Ён робіць тое, што яму хочацца. Ён сам сабе гаспадар.
Невядома, да чаго яшчэ дагаварыліся б хлопцы, якіх яшчэ страхаў на сябе нагналі, але, на шчасце, лагчына скончылася, і яны пачалі падымацца на пагорак, парослы хвойкамі.
— Калі паднімемся на пагорак, то залезу на самую высокую сасну і пагляджу, у якім баку наша вёска, — сказаў Базыль.
Раман, апярэдзіўшы брата, узбег на пагорак і прысеў, працягла прамовіўшы:
— Базы-ыль!
"Няўжо тут татары?" — падумаў Базыль. Ён, прыгнуўшыся, таксама ўзбег на пагорак і ўбачыў за пагоркам у нізіне невялікую хаціну, пакрытую чаротам.
— Вось дзе жыве лясун! — прагаварыў Раман.
— Прысядзь! — загадаў яму Базыль.
"Хто ж пабудаваў тут хаціну? — думаў Базыль. — Няўжо сапраўды лясун? Відаць, ён. Бач, колькі дрэў паблізу сваёй хаціны навыварочваў. Мабыць, звяроў палохаў. Рабіць яму не было чаго. Што ж, ён не косіць, не арэ, не сее. Мусіць, спіць цэлымі днямі ў сваёй хаціне, сілы набіраецца".
— Братка, гэта ягоны човен стаяў на возеры, — прашаптаў Раман.
— Ты пра каго? — не дайшло да Базыля.
— Пра лесуна. Ягоны човен на возеры. Ён на ім па возеры катаецца, рыбу ловіць. Яму там русалкі свае песні пяюць. Добра, што нас яны не ўбачылі. Вылезлі б з возера і…