46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Раман не дакончыў, але Базыль добра зразумеў, што ён хацеў сказаць. Шмат людзей русалкі перацягалі на дно рэчкі, на дно азёр. А лясун не баіцца русалак, сябруе з імі. Човен зрабіў, па возеры катаецца.

— Базыль, — зноў пачаў Раман, ды ў гэты час рыпнулі дзверы, і з хаціны вылез вялізны буры мядзведзь. За ім выйшаў стары з доўгаю сівою барадою.

— Бардун! — прамовіў Раман.

Базыль глядзеў на старога. Так, гэта быў іхні аднавясковец Бардун. Ён жыў наводшыбе. Усе міналі ягоную хату, бо кожны ведаў, што Бардун — вядзьмак. Не аднаму чалавеку ён зрабіў зло, а некаторых і са свету звёў, як, напрыклад, сірату Тараса, які з чужых краёў прыйшоў у вёску. Тарас благога не зрабіў Бардуну, а ён (пра гэта вёска гулам гудзела) штосьці накінуў на Тараса, Тарас перастаў працаваць. Цэлымі днямі на прызбе сядзеў і ўсё стагнаў, вохкаў. Гучна, працягла так: "О-ох!" Падыдуць да яго, запытаюць: "Што з табою, Тарас?" А ён вочы пад лоб падверне і застогне: "О-ох!" Пасля як пайшоў у лес, дык і не вярнуўся. Недзе згінуў там. Яшчэ аднаму чалавеку Бардун яйцо цераз хату перакінуў. У таго чалавека праз некалькі дзён здох конь, а ў дупле ліпы, якая расла на падворку, завяліся восы. Такія лютыя, што праходу людзям не давалі. Усіх без разбору джалілі. Як ні выкурвалі іх — не выкурылі з дупла. Бардун хадзіў, пасмейваўся. Прыйшлося спілаваць ліпу. Дык тады самога Бардуна стала круціць. Нават галаву набок скруціла, нібы ад ветру-скразняку. Хадзіў, крахтаў, пакуль зноў на адну маладзіцу хваробу не напусціў. Не вытрывалі людзі. Прыйшлі да Бардуна і заявілі: "Ідзі з нашай вёскі". Дзядуля Піліп дадаў: "Застанешся — хату па бярвеннях расцягну". "Піліп, я і ўнукам тваім не дарую", — сказаў Бардун. Узяў ён сякія-такія манаткі і з таго дня як прапаў. У вёсцы казалі, што на чужой старонцы жыве, а ён, выходзіць, у лесе прытулак сабе знайшоў, хаціну пабудаваў.

Бардун, патаптаўшыся каля хаціны, сеў на прызбе. Мядзведзь, нібы сабака, улёгся каля ягоных ног. Бардун пагладзіў яго па спіне. Мядзведзь закрахтаў.

— Ну што, Касмач? Сонейка свеціць, лецейка ідзе? Будзе табе мёд, будуць і маліны, — прагаварыў Бардун.

Мядзведзь павярнуўся на бок, выцягнуў лапы.

— Братка, уцякайма, — прашаптаў Раман.

Базыль глядзеў не адводзячы вачэй. Ну й Бардун! Не захацеў сябраваць з людзьмі, з мядзведзем сябруе. Гэта ж ягоны човен на возеры. Ён і сцяжынку круглякамі вымасціў. Што ж будзе, калі ўбачыць іх, Піліпавых унукаў? Ён, канешне, памятае, як дзядуля яго з вёскі выганяў. Не даруе. Напэўна, зробіць так, каб вохкалі, як бедны Тарас.

Бардун узяў мядзведзя за вуха.

— Касмач, чаго ўлёгся? Яшчэ наляжышся. Годзе ляжаць. Базыль аж рот адкрыў. Цікава: ці ўстане мядзведзь, ці паслухаецца Бардуна?

— Годзе ляжаць. Ну, годзе. Мядзведзь устаў, прысеў на заднія лапы. Бардун прагаварыў:

— Касмач, калі б ты быў чалавекам, то я цябе свайму вядзьмарству навучыў бы. Хадзілі б па свеце, вядзьмарылі. Ты сабе, а я сабе. Вечарам каля цяпельца сядзелі б, адпачывалі. Многія нас баяліся б, на многіх мы страх нагналі б. Я цябе ў сваю вёску паслаў бы. Не аднаго чалавека да маркоты давёў бы, не аднаго на той свет загнаў бы. Горкімі слязьмі мае аднавяскоўцы заплакалі б. Ну чаму ж ты не чалавек?

У Базыля мароз прабег па спіне. Вось аб чым думае Бардун! Хочацца яму мядзведзя ведзьмаком зрабіць. Крыўдуе, што аднавяскоўцы з ім кепска абышліся. Сам вінаваты. Чаму пра гэта не падумае?

Бардун нечакана абхапіў мядзведзя за шыю і праз слёзы стаў казаць:

— Прагналі мяне. Пустуе мая хата ў вёсцы. Туды і мышы не забягаюць. Спажывы ім там няма. Толькі вераб'і пад страхою начуюць. Ім што, вераб'ям? Абы было ціха, зацішна, цёпла. Мае аднавяскоўцы лічаць: ад мяне пазбавіўшыся, і ад бяды-гора пазбавіліся. Не. Яшчэ не раз яны ўбачаць чорную стралу. Яшчэ не раз чорная страла прасвішча, увап'ецца ў дрэва, як чорная балотная п'яўка ўпіваецца ў нагу. Прасвішча…

"Адкуль ён ведае пра чорную стралу? — падумаў Базыль. — Ен жа ў лесе сядзіць, у вёску не прыходзіць". Бардун устаў.

— Касмач, патанцуй. Ну, патанцуй. Мядзведзь, разявіўшы пашчу, ляніва пазяхнуў.

— Патанцуй. Каму кажу? Патанцуй!

Касмач устаў на заднія лапы і пачаў кружыцца. Бардун пляснуў рукамі па каленях.

— Ох і пацешыў ты мяне, Касмач! Ляж, адпачні, пагрэйся на сонейку. Любіш на сонейку грэцца. Ведаю.

Мядзведзь зноў лёг каля прызбы, выцягнуўшы лапы. А Бардун падняў галаву і пачаў гучна шаптаць:

— Хаджу па лясах, па кустах, па мхах, па балотах, па лыкадзёрах, па гніліцах, па чарніцах, па малінах — куды ні хаджу, ніколі не блуджу; сонца па сонцу, месяц па месяцу; пры частых зорках, пры вячэрніх зорах хаджу не блуджу, а табе, лясны гаспадар, пакорнасць аддам: ад мяне, раба божага, адшатніся, у бярозу абярніся…

Базыль быццам скамянеў, нават дыханне перахапіла. "Бардун заўважыў нас, бяду наклікае. Пра бярозу ўспамінаў. Няўжо хоча нас у бярозкі перакінуць? Будзем расці на пагорку, шумець лісцем, а ён увесну будзе прыходзіць, сок спускаць, конаўкай піць. Мажліва, калі-небудзь нашага бацьку з маці запросіць, ім соку прапануе. Будзе ўсміхацца, шчэрыцца. І чаму ж прывялі сюды нас ногі? Чаму мы ў іншы бок не пайшлі? Будуць шумець дзве бярозкі лісцямі, а Бардун будзе сядзець пад імі са сваім мядзведзем. Бярозкі яго і мядзведзя ад сонца затуляць, прахалоду дадуць…" — думаў Базыль.

— Абярніся ў бярозу, лясун! Амінь! — усклікнуў Бардун і пайшоў у хаціну.

"Дык гэтая замова ад лесуна! — здагадаўся Базыль. — Бардун хоча, каб лясун яму бяды не чыніў. Не, не заўважыў ён нас".

Базыль зірнуў на Рамана. Раман, лежачы на траве, калаціўся, Базыль абняў яго за плечы.

— Супакойся. Ну, супакойся.

— Бардун на нас свае чары напусціў. Мне блага. Мы не будзем жыць. Памрэм мы… — праз слезы прагаварыў Раман.

— Не, Раман. Ён казаў замову ад лесуна.

— Ад лесуна?

— Хіба ты не чуў, як сказаў: табе, лясны гаспадар, пакорнасць аддам? А хто лясны гаспадар? Лясун.

— Я… Я… Братка, Бардун у хаціне схаваўся, а мядзведзь каля хаціны ляжыць.

— Цішэй, — сказаў Базыль, бо ўбачыў, што мядзведзь заварушыўся, прыўзняўся і злосна забурчаў.

Базыль хацеў схапіць за руку Рамана і ўцячы, але з-за Бардуновай хаціны выехалі два татарыны. Аднаго конніка Базыль пазнаў — гэта быў Бурхан.

Мядзведзь, заўважыўшы коннікаў, усхапіўся, устаў на заднія лапы. Спуджаныя коні рвануліся ўбок. Татары, нацягнуўшы аброць, спынілі коней, імгненна знялі з-за спіны лукі. Адна, а пасля і другая страла ўпіліся ў мядзведзя. Касмач прысеў і кінуўся на татараў. Бурхан на кані паспеў адскочыць убок, а мядзведзь, наляцеўшы на ягонага сябрука, сцягнуў таго з сядла і пачаў дзерці лапамі, грызці зубамі.

Звер проста ашалеў ад злосці. Ён падняў татарына, потым кінуў на зямлю і з яшчэ большай лютасцю накінуўся на яго.

Бурхан саскочыў з каня, выхапіў шаблю, падбег да мядзведзя і секануў адзін раз, другі, трэці… Мядзведзь паваліўся на бок. Бурхан усё сек і сек яго. Ён, відаць, і сам ашалеў, раз'юшыўся, як нядаўна той мядзведзь.

— Татарын Бурхан засек Касмача, — не стрымаўся Раман.

— Бардун яму не даруе, — заўважыў Базыль. Нарэшце Бурхан зразумеў, што мядзведзь мёртвы, і адышоў убок.

Бардун і Бурхан

— Братка, уцякайма, пакуль не позна, — прагаварыў Раман.

Базыль і без яго разумеў, што трэба ўцякаць. Але яму вельмі хацелася паглядзець, што будзе далей. Бурхан, вядома, проста так не паедзе. Яму трэба праверыць, хто жыве ў хаціне. Відаць, не думаў ён, як і ягоны сябрук, якога задраў Касмач, што тут стаіць хаціна. Яны ж шукалі Рамана і яго, Базыля.

— Братка, уцякайма, — у другі раз прагаварыў Раман.

— Крыху пачакаем, — трымцячы ад хвалявання, сказаў Базыль.

Бурхан, убачылі яны, нарваў у жменю травы і, выцершы кроў з шаблі, засунуў яе ў ножны. Скрыпнулі, адчыніліся дзверы, і паказаўся Бардун. Базыль думаў, што вядзьмак залямантуе, убачыўшы забітага мядзведзя. Але ён моўчкі стаяў і гладзіў рукою сваю сівую бараду.

Бурхан пазіраў на яго.

— Прыехаў? — першым парушыў маўчанне Бардун.

— Хто ты? — усклікнуў Бурхан. А Бардун, не зважаючы, сказаў:

— Прыехаў, майго Касмача забіў. Ну, чаму ты падняў на яго руку? Не баішся, што адсохне яна?

Базыль глядзеў і ўсё болей дзівіўся. Стары, нямоглы Бардун зусім не баіцца маладога, добра ўзброенага Бурхана. Нават пагражае яму. Бурхан зараз выхапіць шаблю і засячэ Бардуна, як засек ягонага мядзведзя. Не паспее Бардун наслаць на яго сваё пракляцце.