46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

— І радзімы ў цябе няма?

— Няма. Была, ды згарэла. Во, во! Гарыць яна. Бачу, як ад болю курчыцца! У крыку зайшлася, аж сківіцы звяло. Балюча ёй!

— Шкадуеш яе?

— Не. У мяне ж няма душы.

— Добра. Няхай гарыць твая радзіма сінім агнём. Няхай твой род разам з ёю згарыць. Няхай!

— Няхай! — паўтарыў Бурхан, як закляцце. Бардун пальцам тыцнуў яму ў грудзі.

— А можа, пра сяброў ты ўспомніў? Былі ж яны ў цябе. Ва ўсіх нас змалку былі сябры. Маленькімі мы вучыліся сябраваць. А сталі падрастаць — сталі развучвацца. Кхе-кхе-кхе… Бачыў, як вада праз рэшата працякае, як знікае непрыкметна, бясследна?

Бурхан махнуў галавою.

— Бачыў.

— Так і з сябрамі мы расстаёмся. Непрыкметна, адзін за адным, кропелька па кропельцы, яны ад нас адыходзяць. Быццам на вечны спакой.

— У мяне няма сяброў. Душы ў мяне няма, — прамовіў Бурхан.

— Добра, — прагаварыў Бардун. — Ты забраў у мяне маю ўцеху — майго Касмача, хоць і служыў мне, сам таго не ведаючы. Аднаго разу я да цябе ў сне падкраўся, слова запаветнае табе ўвёў у вушы. Дайшло яно да цябе, прыняла яго твая душа, ды цяпер яна не з табою, пакінула яна цябе. Кхе-кхе-кхе… Цяпер па-іншаму будзеш мне служыць. Цяпер за сваёю душою будзеш хадзіць. Куды яна паляціць, туды і ты пойдзеш. Будзеш шукаць яе, але не знойдзеш. Не дасца яна табе ў рукі. Ідзі за ёю. Пойдзеш? Будзеш шукаць?

— Буду.

Бардун пхнуў Бурхана ў грудзі.

— Ідзі!

Бурхан павярнуўся і, нібы сляпы, пасунуўся ў лес.

— Кхе-кхе-кхе… — зайшоўся ад смеху Бардун.

Сустрэча з Бурханам

Базыль і Раман пачалі адпаўзаць назад, а пасля, усхапіўшыся, панесліся з пагорка. Беглі, пакуль зусім не знемагліся. Раман сеў на гнілы пяньчук, затуліў далонямі твар і заплакаў.

— Чаго ты? — кінуўся да яго Базыль.

Раман плакаў наўзрыд, калаціўся, нібыта ў ліхаманцы. Такім яго Базыль яшчэ ні разу не бачыў. Ён схапіў брата за рукі, стараючыся адарваць іх ад твару.

— Раман, супакойся. Чаго ты?

— Ты бачыў?.. Бачыў?.. Татарын Бурхан грыз нежывога мядзведзя.

— Няхай грызе! Няхай!

— Ты бачыў? Ягоныя рукі былі ў крыві. І твар у крыві. Бачыў?

Базылю і самому хацелася заплакаць, закрычаць немым голасам, але ён стрымліваў сябе.

— Раман, не плач. Не думай пра гэта. Зусім не думай. Вось і палягчае табе.

— Мне ўжо ніколі не палягчае. Праўда, што Бардун у Бурхана душу адабраў? Праўда, што яна будзе лятаць, блукаючы?

Базыль стаяў, сцяўшы вусны. Так, болей няма душы ў Бурхана. Хоць меў і шаблю, і лук, але стаяў перад Бардуном, як малое дзіця, з усім пагаджаўся, усё-ўсё ўслед за ім паўтараў. Ну, ды халера з ім, з Бурханам. Так яму і трэба. Няхай даганяе сваю душу. Не будзе калі па лесе гойсаць, дзяцей лавіць. Рамана трэба супакоіць, бо зусім сплачацца.

— Раман, перастань плакаць. Даўся табе гэты Бурхан. Ён і сам ад сваёй душы адмовіўся.

— Бурханава душа будзе па свеце лятаць… Яна нядобрая… Яна нас задушыць…

— Дзядуля татараў не пабаяўся. А ты… Чаго ты расплакаўся?

— Душа жывога чалавека па лесе лятае. Хіба гэта не страшна?

Базыль мусіў пагадзіцца з братам. І праўда, страшна. Недзе ляціць яна, нябачная, а Бурхан сунецца за ёю, хоча рукамі яе схапіць… Ды лепей не думаць пра гэткае. Трэба Базыля супакоіць і ісці хутчэй у вёску, каб паведаміць, што татары ў лесе. Мужчыны не пабаяцца ні татараў, ні Бурханавай душы. Нешта прыдумаюць, нешта зробяць, каб і татараў разбіць, і Бурханаву душу адгэтуль прагнаць. Няхай не палохае тутэйшых людзей, няхай ляціць у тыя землі, адкуль татары прыехалі. Няхай ведаюць іхнія супляменнікі, як сваіх вояў-коннікаў за паланянкамі пасылаць.

І Базыль з Раманам, аглядваючыся, пайшлі па лесе.

— Братка… — прамовіў Раман.

— Цішэй ты, — папрасіў яго Базыль.

— Чаму? Бардун нас не пачуе.

— Хто-небудзь іншы пачуе.

— Хто? — дрыготкім голасам прагаварыў Раман. Базыль хацеў сказаць яму, каб памаўчаў, а ён зноў запытаў:

— Чарнабог нас не пачуе, не зловіць у лесе?

— Не зловіць, — чамусьці ўпэўнена адказаў Базыль. Ад дзядулі яны ведалі, што Чарнабог жыве ў лясных нетрах, а яму служаць ваўкі, чэрці, злыя духі і лясун.

— А што было б, — спытаў Раман, — калі б супраць татараў паўсталі ўсе Чарнабогавы слугі?

— Чарнабогавы слугі з татарамі доўга не ваявалі б, хутка з імі памірыліся, — прагаварыў Базыль.

— Таму памірыліся б, што гэтыя татары нам зло чыняць?

— Так, Раман.

Раптам наперадзе, за маладым ельнікам, трэснула, быццам хтосьці на сухую галіну неасцярожна нагой наступіў. Хто ж там? Няўжо Чарнабогавы слугі? А можа, сам Чарнабог з балота вылез? Калі ён, то не выпусціць з рук. З ім, як і з татарамі, лепей не сустракацца. А можа, татары ў ельніку?

— Братка, ты чуў? — прашаптаў Раман. Базыль, ледзь раскрываючы вусны, прамовіў: — Чуў.

— Там звер ці чалавек? Як думаеш? Там…

Базыль не паспеў дакончыць, бо з ельніку вылез Бурхан. Ягоны лук вісеў за спінаю, а сам ён ішоў, наставіўшы рукі, і ўсё бубнеў пад нос: "Знайду, знайду, знайду…"

Базыль быццам прырос. Ён стаяў і глядзеў на скрываўлены Бурханаў твар.