46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 46

Татарын падышоў да іх і, вырачыўшы вочы, прахрыпеў:

— Знайшоў…

— Не-э! Не-э! — закалаціўся Раман.

Бурхан ступіў уперад, цягнучы рукі да Базыля. Базыль адхіснуўся.

— Не даешся? — прамовіў Бурхан.

— Ы-ы-ы… — завыў Раман.

Базыль узяў брата за руку і пачаў адступацца назад. Бурхан прагаварыў:

— Я ішоў па пнях, па карчах. Я ішоў праз балота. Я шукаў. Я знайшоў. Кхе-кхе-кхе…

Кхекае, нібы Бардун. Чаго ж яму трэба? Які ж страшны ён!

Базыль махнуў рукою:

— Згінь! Згінь!

— Кхе-кхе-кхе… — закхекаў Бурхан. — Я знайшоў. Я яе дагнаў. Яна ўцякала ад мяне, а я яе дагнаў.

Базыль, адступаючыся, прагаварыў:

— У балота ідзі. Там Чарнабог. Ён цябе чакае. З Чарнабогам сябруй.

— З Чарнабогам? — выскаліў зубы Бурхан.

— З ім, з Чарнабогам, — замахаў галавою Базыль. — У Чарнабога шмат слугаў. Ты з усімі пасябруеш. Да іх ідзі. Яны чакаюць цябе.

— Я ўсё балота прайшоў. Нідзе не бачыў ні Чарнабога, ні Чарнабогавых слугаў. Вось тут яе знайшоў! Кхе-кхе-кхе… Знайшоў…

— Уцякайма! — крыкнуў брату Базыль і прыпусціўся па лесе.

— Знайшоў! — данеслася ім услед.

Бурхан даганяе

Базыль і Раман ляцелі на злом галавы, аж пакуль не апынуліся ў бярозавым гаі. Аддыхваючыся, селі на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Вакол стаялі белыя-бялюткія бярозкі — усе як адна стройныя, тонкія, кучаравыя.

— Братка, і ты моцна спалохаўся? — першым парушыў маўчанне Раман.

У Базыля перад вачыма, нібы жывы, паўстаў Бурхан.

— І не пытайся. У мяне ногі сталі як драўляныя. Раман дакрануўся рукою да свайго калена.

— А ў мяне і цяпер калені трасуцца. Я баяўся, што на мяне Бурханава душа наваліцца. Яна была дзесьці паблізу. Нездарма ён казаў, што знайшоў яе. Бурхан, вядома, сваю душу не бачыў. Ен нас убачыў і падышоў. Падумаў, што мы — ягоная душа. Таму і ўзрадаваўся, закрычаў: "Знайшоў!" Базыль, а ты каго болей баяўся: Бурхана ці ягонай душы?

Што сказаць? Калі ён, Базыль, убачыў скрываўленага Бурхана, калі Бурхан, наставіўшы валасатыя рукі, стаў падступацца да яго, то ён зусім забыўся, што Бардун у татарына душу адабраў. Мае рацыю Раман. Паблізу была Бурханава душа. Магла б яна на іх наваліцца, як непрыкметна навальваецца туман на балота. Здушыла б горла, не дала б дыхнуць. Чамусьці не напала, не навалілася. Мажліва, пашкадавала. А можа, чакала, пакуль Бурхан наваліцца? Хіба зразумееш, што хацела яна, ягоная беспрытульная душа? Ды лепей не думаць пра гэта, выкінуць з галавы.

— Раман, Бурхан хваліўся, што праз балота прайшоў. Як ён не праваліўся? — вырашыў перавесці гаворку на іншае Базыль.

— Можа, хлусіў?

— Мне здаецца, што праўду казаў.

— Неяк прайшоў. Можа, чэрці дапамаглі яму праз балота прайсці? — прамовіў Раман.

Базыль не пагадзіўся з братам, але прамаўчаў. Хіба чэрці дапамогуць? Такі бяздушны, як Бурхан, ім якраз і патрэбен. Калі б убачылі яго, то схапілі б за вушы і ў балота пацягнулі. Як жа ён прайшоў праз балота, чаму не праваліўся? Як відаць, ягоная душа яму дапамагла.

Нечакана пачулася песня:

Ой, у полі азярэчка,Там плавала ведзярэчка,Саснова клёпка, дубова донца,Не цурайся, ды маё сэрца,—

данеслася да іх песня. Раман усхапіўся:

— Нашы дзяўчаты спяваюць!

Базыль прыслухаўся. І праўда, галасы знаёмыя. Свае, нарастаўскія, дзяўчаты спяваюць, стараюцца, выводзяць:

Яно плавала, плавалаТры дзянёчкі да й з вадою.— Выйдзі, дзяўчына, выйдзі, кахана,— Пагаворым да мы з табою.

— Чуеш? Гэта ж Параска! — усклікнуў Раман.

Так, сярод іншых выдзяляецца голас Параскі, іхняй суседкі. Дый не дзіва: лепшай пявунні, чым яна, і ў суседніх вёсках не знойдзеш.

— Ох, і рада б выхадзіш,І з табою гаварыці.Край мяне маці палажыла спаці,Я й баюся ды разбудзіці.— Я — хлапчына маладзенькі,У мяне конік вараненькі.Калі не выйдзеш, дзяўчына, з двара —Я не твой, а ты не мая.

Базыль прыўстаў, ловячы кожнае слова. Дзяўчаты спяваюць. Яны тут, у бярозавым гаёчку. Выходзіць, вёска непадалёку. Спяваюць… Каб толькі татары іх не пачулі.

Хлопец коніка сядлае,З канём рэчы размаўляе:— Едзем, мой косю, едзем, вараны.Аж да цёмнага Дунаю.Каля ціхага ДупаюСтану, гляну, падумаю.Ці мне ўтапіцца, ці з канём забіцца,Ці дадому вараціцца?

Базыль устаў. Дзяўчаты, пэўна, па шчаўе прыйшлі, тут, у бярозавым гаі, будуць збіраць яго. Не ведаюць, што татары ў лесе.

Я ўтапіцца не ўтаплюся,І з конікам не заб'юся.Бывай, дзяўчына, бывай, кахана,Больш да цябе не вярнуся,—

гучыць, ліецца ў бярозавым гаі песня.

— Прыгожа спяваюць дзяўчаты, — прамовіў Раман.

— Наспяваюць на сваю галаву, — сказаў Базыль. — Татары ж у лесе.

Удалечыні паказаліся дзяўчаты.

— Гэ-эй! — гукнуў Базыль.

— Базылё-ок! — заўважыла яго Параска.

Пазірае, усміхаецца, не ведае, што татары груганамі на дзядулю наляцелі і што Марысю схапілі. Не ведае, што акрываўлены Бурхан па лесе цягаецца, сваю душу шукае. Калі б ведала, то не ўсміхалася б. Як жа сказаць дзяўчатам пра гэта, каб моцна не перапалохаць?

— Параска, у лесе… У лесе… — пачаў ён. Параска, мусіць, знарок, каб падражніцца, зацягнула:

Ой, у полі азярэчка,Там плавае ведзярэчка…

Як жа паведаміць дзяўчатам, што татары ў лесе? Мабыць, не павераць, калі і пачуюць. Весела ім.

Параска раптам перапыніла песню, крыкнула:

— Дзеўкі! Гляньце, які страхалюд!

Базыль спярша не зразумеў, пра каго яна так незычліва сказала, а пасля, зірнуўшы ўбок, убачыў Бурхана, які, наставіўшы рукі, ішоў да дзяўчат.