46408.fb2
— Ідзіце за мною, — прамовіў Бардун.
"Куды ж вядзе нас вядзьмак? — думаў Базыль. — Няўжо на згубу? Што ж ён прыдумаў, каб нас загубіць? Можа, да дрыгвы падвядзе, у плечы пхне, каб праваліліся ў самае Чарнабогава царства?"
— Дзеду-у… — усхліпнуў Раман.
— Чаго табе? — азваўся Бардун.
— Нам хочацца ў вёску.
— А мне, вы думаеце, не хочацца? Куды мышка зерне цягне? Га?
— У свой закуток, — нясмела сказаў Раман. Бардун падняў угору руку.
— Во! Во! У свой закуток. Там яна яго зберагае. Калісьці і ў мяне быў свой закутак.
— Дык у вас і цяпер… — пачаў Базыль, ды не дакончыў.
— Што ў мяне цяпер? — запытаў Бардун.
Базыль адчуў, што на лобе выступілі кропелькі поту. Які ён недарэка! Баяўся, што Раман прагаворыцца, што пра лясную хаціну скажа, а цяпер сам ледзь не ляпнуў пра гэта. Як жа выкруціцца, каб не здагадаўся Бардун, што былі каля хаціны?
— Дык што ў мяне цяпер? — зноў запытаў вядзьмак. Базыль, ледзь стрымліваючы хваляванне, прагаварыў:
— Ёсць жа недзе ў вас сваё жытло. Недзе ж начуеце вы.
— Недзе начую. Ты гэта добра падмеціў. А вось сапраўдны закутак быў у вёсцы. У вёску нават вераб'і ляцяць, хоць, бывае, малыя са страхі выпорваюць іх вечарам. Здавалася б, чаго табе, верабейку, трэба ў вёсцы? У лесе жыві, а ў вёску толькі наведвайся. У лесе ж спакайней. Не, у вёску ляцяць. Туды іх цягне. Добра ім там.
Базыль стараўся не глядзець на Бардуна. Вёску ўспамінае. Добра яму там было. А хіба добра было тым людзям, якім зло рабіў? У іх душа смылела, слязьмі аблівалася. Чаму ж ладна з людзьмі не жыў? Яны ж дабром адплацілі б.
Толькі пра сябе думаў, толькі сабе дабра хацеў. Дык і татарам добра, калі палоннікаў наловяць, калі пасля з выгадай для сябе іх прададуць. Вось каб сказаць пра гэта! Няхай паслухаў бы. Не, трэба маўчаць, трэба трымаць язык за зубамі.
— Не любіце вы мяне, як ваш дзядуля не любіў. Што ж, яшчэ ўспомніцца яму, — прагаварыў Бардун.
— Нашага дзядулю татары забілі,— не стрываў Базыль.
— І на тым свеце яму ўспомніцца.
Яны выйшлі на сцяжынку, парослую мохам. Бардун стаў.
— Бачыце гэтую сцяжынку?
— Канешне, бачым, — адказаў Раман.
— Дык ідзіце па ёй.
— Вы нас адпускаеце? — не паверылася Базылю.
— Ідзіце. Вам будзе цяжка. Але ж не думайце ўбок зварочваць. Звернеце — век будзеце шкадаваць, век будзеце на душы цяжар насіць. Кхе-кхе-кхе…
Базыль стаяў, увагнуўшы галаву. Куды ж пасылае іх вядзьмак? Палохае, што будзе цяжка. Можа, проста страх наганяе? Не, не падобны ён на таго, хто словы на вецер кідае. Нешта задумаў.
— Чаго стаіце, раты разявіўшы? Душа ў пятках сядзіць? — нейкім рыпучым голасам прагаварыў Бардун.
Базыль не мог падняць вачэй. Бач, пра душу напамінае вядзьмак. Любіць чужыя душы адбіраць, каб распараджацца імі па-свойму. Сапраўдны злыдзень.
— Душа ў пятках сядзіць, — ужо лагодна, як і раней, калі сустрэліся з ім, прагаварыў Бардун. — Я не махлюю. Будзеце век цяжар насіць, калі не паслухаецеся мяне, калі са сцяжынкі збочыце. Ведаю: захочацца вам збочыць, наперакор мне зрабіць. Што ж, тады маё запаветнае слова вам дапаможа.
— Якое слова? — не стрываў Раман.
— Слухайце і запамінайце. Інакш папаводзіць вас гора вакол смалістага пня. Слухайце запаветнае слова! Гадзіна вадзяная, земляная, сляпні і вужы, змеі і вужакі, ярыца, пераярыца! Аддайце і вазьміце сваю жаласць і ярасць…
У Базыля, як і тады, калі былі каля хаціны, пашэрхлі валасы на галаве. Ці запамінаў ён, ці стараўся запомніць Бардуновы словы? Не, яны толькі жах наганялі. Яму хацелася аднаго: каб хутчэй адпусціў Бардун.
— Запомнілі? — бы здалёк данёсся голас Бардуна. Базыль кіўнуў галавою.
— Запомнілі.
— Усё запомнілі?
— Усё.
— Дык ідзіце і не зварочвайце са сцежкі. Вам трэба тры павароткі мінуць.
Базыль і Раман пацёпкалі па сцяжынцы. Калі адышліся крыху далей, Раман запытаў:
— Братка, куды ён нас пасылае?
— Хто яго ведае.
— Давай са сцежкі збочым і ў вёску пабяжым.
Базыль і сам пра гэта падумаў. Але ж вядзьмак папярэджваў, каб не зварочвалі са сцежкі, пакуль трэцюю паваротку не мінуць. Мажліва, сочыць з кустоў, глядзіць, як яны, Базыль і Раман, слова, дадзенае яму, трымаюць. Яшчэ пракляне ці якой-небудзь немачы напусціць, калі ўбачыць, што са сцежкі збочылі. З ім жарты кепскія.
— Не, па сцежцы пойдзем, — сказаў Базыль.
— Братка, я іду па гэтай сцежцы, а ў мяне аж падэшвы пякуць, — прызнаўся Раман. — Можа, яна чарцямі пратаптаная?
— Можа, і чарцямі,— нявесела сказаў Базыль.
— Базыль, ты запомніў тыя словы, якія казаў Бардун? — пацікавіўся Раман.
— Не. А ты?
Раман плюнуў пад ногі.
— Цьфу! Пра вужакаў, пра вужоў… Хіба гэткае будзеш запамінаць? Яшчэ прысніцца.