46408.fb2
— Што гэта? — усклікнуў Раман.
Над лесам раптам з'явілася чорная хмара.
— Братка! — зноў усклікнуў Раман. — Гэта Бардунова работа. Ён навальнічную хмару наслаў. Папярэджваў, што будзе нам цяжка. Збываецца! Зараз…
Над галавою трэснула, звонкім пошчакам разляцелася па лесе. Халодная бліскавіца змяёю прабегла па небе. Вецер праляцеў па вершалінах. Яны закачаліся, загудзелі. Зноў бліснула маланка, трэснуў гром. Пасля стала ціха-ціха.
Раман абхапіў галаву:
— Ох, зараз і дасць!
"Так, будзе вялікая навальніца, — падумаў Базыль. — Нездарма ўсё замерла, заціхла".
Узбоч сцяжынкі Базыль убачыў старую кашлатую елку, каля якой стаяў высокі смалісты пень.
— Раман! — крыкнуў ён. — Пад елкай схаваемся, пераседзім навалу-навальніцу!
— Пад якой?
Базыль тыцнуў пальцам, паказваючы на старую елку.
— Вунь пад той!
Ужо трэці раз трэснула над галавою, вочы рэзнула агнём-маланкай.
"Бум-бум-бум", — забарабанілі кроплі дажджу.
Базыль і Раман хуценька залезлі пад елку. Тут было суха, утульна, як у будане. А дождж ужо сцёбаў па дрэвах, па траве, расцякаючыся па зямлі ручайкамі, лужынкамі.
Гром лупіў, бухаў, здавалася, над самаю галавою, праз густыя лапы яліны закапалі першыя важкія кроплі.
— Не ўседжу-у я ту-ут, — тоненька завёў Раман.
— Баішся? — запытаў у яго Базыль.
— Яшчэ як баюся!
Базыль і сам баяўся, міжволі ўздрыгваў, калі бліскала маланка, а адразу ж за ёю лупіў гром. Ды ён стараўся не паказваць страху.
— Базыль, навальніца не хутка скончыцца, — зноў прагаварыў Раман.
Зусім побач трэснула. Здалося, што зямля хадуном захадзіла. Маланка сляпіла вочы.
— У дрэва Пярун пацэліў! — усклікнуў Раман.
— Ляж мне на калені,— звярнуўся да яго Базыль.
Раман ніцма лёг Базылю на калені, часта-часта засоп носам. Базыль нахіліўся над ім, затуляючы яго ад кропляў-дажджынак, і неспадзявана для самога сябе ціхенька, як калісьці маці, заспяваў:
Дзіўна, але маміна даўняя калыханка супакойвала і яго, Базыля. Ён спяваў і быццам не заўважаў бліскавіц-маланак, быццам не чуў траскучых грымотаў.
А лес гудзеў, стагнаў, нібы ўсе д'яблы з ваколіцы сабраліся тут спраўляць свой жудасны баль.
Раман, скурчыўшыся, ляжаў на каленях і паціху соп носам. Калі Базыль скончыў спяваць, ён папрасіў:
— Яшчэ паспявай.
Базыль ніжэй нагнуўся над ім і зноў заспяваў:
Зноў суха трэснула, разносячыся па лесе шматгалосым рэхам. Базыль заплюшчыў вочы і, прыціснуўшыся да Рамана, непрыкметна заснуў. На кашулю, на плечы, часта капалі цёплыя кроплі дажджу.
Базылю снілася, што ён у лесе, залітым сонцам. У мяккай шаўкавістай траве чырванеюць суніцы — вялікія, важкія, што вішні. Раптам з'явіўся дзядуля. На ягоным ілбе — рана, такая ж чырвоная, як і гэтыя суніцы. У руках у дзядулі лясіна, якой ён біўся з татарскім сілачом Ак-Бугаем. Ён, Базыль, падышоў да дзядулі, запытаў: "Дзядуля, табе ўдалося вырвацца ад татараў?" Дзядуля ўсміхаецца: "Ты мне дапамог". "Я дапамог? — дзівіцца Базыль. — Я сам уцёк ад татараў. Яны мяне ледзь не дагналі". Дзядуля моўчкі ўзнімае лясіну і, размахнуўшыся ёю, б'е па суніцах. Раз, другі, трэці… Чырвоны сок кроплямі пырскае на траву, на дзядулевы нагавіцы. на ягоную кашулю. Дзядуля ўсё лупіць па суніцах. "Гэ-эх! Гэ-эх!" — раз-пораз вырываецца з ягоных грудзей. "Дзядуля, што ты робіш? — крычыць ён, Базыль. — Хутка дзяўчаты прыйдуць збіраць суніцы". Дзядуля, апусціўшы лясіну, кажа: "Гэта не суніцы. Гэта татары. Хіба ж не бачыш?" Базыль уважліва прыглядаецца. І праўда, цяпер тут, дзе раслі суніцы, сядзяць татары. Чамусьці ва ўсіх галовы вялізныя, а ногі тоўстыя, кароценькія, крывыя. Некаторыя татары, усхапіўшыся, уцякаюць у лес. "Вось яно што! — думае Базыль. — Татары знарок перакінуліся ў суніцы. Ведалі яны, што сюды прыйдуць дзяўчаты. Схапілі б, прымусілі, каб для іх песні спявалі". "Дзядуля, як ты здагадаўся, што татары ў суніцы перакінуліся?" — пытаецца ён, Базыль. Дзядуля прыкладвае палец да вуснаў: "Тс-с… Унучак, сюды Бардун ідзе. Ён мяне шукае. Я зараз уцяку, а ты скажаш яму, што няма мяне на гэтым белым свеце. Добра?" Базыль ківае галавою: "Добра. Хутчэй уцякай". Дзядуля кідае лясіну і бяжыць у гушчар. Ён, Базыль, паварочваецца і бачыць Бардуна. Бардун стаіць, насупіўшыся. "Няма тут дзядулі. Ён на тым свеце!" — крыкнуў яму Базыль. Бардун тыцкае пальцам, паказваючы на лясіну: "А гэтая лясіна чыя? Хто яе тут пакінуў? Хіба не твой дзядуля? Хіба не ён гэтай лясінай біўся з татарамі? Ці, можа, гэта не лясіна? Можа, змяя?" "Можа, змяя," — прамовіў Базыль і ўбачыў, што на тым месцы, дзе ляжала лясіна, варушыцца доўгая тоўстая змяя. Яна, уставіўшыся, глядзіць на яго, на Базыля. Ён пачаў адступацца назад, а Бардун наставіў рукі, не пускае: "Куды ты?" Змяя падняла галаву і папаўзла на Базыля. Здаецца, што яна не паўзе па траве, а ціха, бясшумна плыве ў вадзе, высунуўшы галаву. Вось-вось накінецца на яго. Ды раптам павярнула ўбок і знікла ў лесе. "Кхе-кхе, — закхекаў Бардун. — Змяя за тваім дзядулем пагналася". "Яна ж яго дагоніць, укусіць, — з жахам падумаў Базыль і на ўсю моц галёкнуў: — Дзеду, беражыся!" Бардун усміхнуўся: "Ты ж казаў, што твой дзядуля на тым свеце. Хлусіў мне". "Пусціце мяне да дзядулі", — папрасіў Базыль. Бардун зарагатаў: "Да дзядулі? На той свет? Хіба табе надакучыла на гэтым свеце?" Бардун рагатаў, ківаючыся з боку на бок, і рэха разносіла па лесе ягоны траскучы смех. Нарэшце ён перастаў смяяцца, прагаварыў: "Ты не бядуй. Я буду тваім дзядулем. Мы будзем у лесе жыць. Непадалёку стаіць мая хаціна. Ты яшчэ ўбачыш яе. Нядаўна ў мяне жыў мядзведзь. Я яго зваў Касмачом. Калі мне станавілася сумна, я прасіў Касмача, каб патанцаваў. Ён танцаваў, а я цешыўся. Ды цяпер у мяне няма Касмача. Татарын Бурхан яго засек. Ты будзеш у мяне за Касмача. Калі я засумую, то папрашу цябе, каб патанцаваў. Ты будзеш танцаваць, а я буду цешыцца. Не бойся. Я цябе буду даглядаць, буду адным ліпавым мёдам карміць. А калі вельмі захочаш, то стану тваім дзядулем. Я і цяпер магу стаць тваім дзядулем. Хочаш?" Базыль замахаў рукамі: "Не хачу! Чаго смаліцаю прычапіліся да мяне?" "Я табе песню праспяваю. Паслухай, як хораша ў мяне выходзіць, — прагаварыў Бардун і заспяваў хрыплым голасам:
Базылю здалося, што сапраўды ў лесе сакочуць куры. Здалося, што іх процьма, што іхняе сакатанне ніколі не скончыцца. Ён скрывіўся, хацеў заплакаць, а Бардун, заўважыўшы гэта, сказаў: "Бачу, што табе не даспадобы мая песня. Можа, расказаць казку?" Базыль хацеў сказаць Бардуну, што яму трэба ісці дамоў, ды вядзьмак раптам усклікнуў: "Піліп!" Базыль азірнуўся і ўбачыў дзядулю, які выйшаў з-за кашлатай яліны. Цяпер на ягоным ілбе не было раны. "Піліп, давай прывітаемся, давай абдымемся!" — зноў усклікнуў Бардун. "Не хачу з табой вітацца, — сказаў дзядуля. — Ты на мяне змяю напусціў". Бардун прамовіў: "Якую змяю?" "Эх, Бардун! — прагаварыў дзядуля. — Усё хітруеш. Не мяняеш свайго нораву. Глянь на маю нагу. Пабачыш, дзе змяя ўкусіла". Базыль глянуў на дзядулеву нагу і жахнуўся: яна была сіняя і тоўстая, што калода. "Вось што ты нарабіў, Бардун, — сказаў дзядуля. — На сваіх людзей змяю напускаеш. Ну, крыўдуеш на нас. Але хіба можна змяю напускаць? Мы ж на адной зямлі нарадзіліся". Бардун глуха прагаварыў: "Піліп, я цябе выратаваў. Цябе татары ў палон узялі, а я вызваліў. Мне шкада цябе стала". "Зноў хлусіш. Не для таго ты мяне вызваліў. Ты майго ўнука Базыля баламуціш, самым страшным чарам хочаш навучыць. Няма каму табе сваё зладзейскае вядзьмарства перадаць. Таму і ўзяўся за Базыля. Не паддасца ён табе. Дый я за яго заступлюся. Яшчэ ёсць у мяне сіла, не ўсю змяя забрала. А чорная страла чыя? Га?" Бардун закалаціўся ад злосці: "Я цябе з таго свету вярнуў, а ты немаведама што вернеш на мяне! Мы з табою яшчэ сустрэнемся!"
Дзядуля нечакана выхапіў з-за пазухі змяю, скручаную ў колца. Гэта была тая самая чорная змяя, якая не так даўно знікла ў лесе. "Піліп, навошта ты прынёс яе?" — усклікнуў Бардун. "Вазьмі свой падаруначак!" — гукнуў дзядуля і кінуў змяю на Бардуна. "А-а-а!" — залямантаваў Базыль.
— Братка, што з табою? — пачуў Базыль голас Рамана.
Базыль ляжаў на баку, а ўгары зелянелі лапкі яліны, праз якія прасвечвала сонца. "Дык гэта ж быў сон. Гэта толькі прыснілася мне, — здагадаўся ён. — Няўжо толькі прыснілася? Не верыцца. І дзядуля, і Бардун былі як жывыя. Размаўлялі…"
— Братка, што з табою? — дакрануўся да пляча Раман. — Я спаў, а ты як крыкнеш, як падскочыш! Разбудзіў ты мяне.
Базыль, абапершыся рукою аб зямлю, устаў. Моцна, як у хворага, баліць галава. Чамусьці аж у скроні коле. А навокал цішыня. Свеціць сонца, палошча свае праменьчыкі ў лужынах. Выходзіць, скончылася навальніца, пакуль яны спалі.
— Братка, чаго ты крычаў?
— Кепскі сон мне прысніўся.
— Які? Раскажы. Базыль махнуў рукою:
— А-а, лепей не ўспамінаць яго.
— Раскажы.
Базыль, час ад часу ўздыхаючы, мусіў расказаць, як у залітым сонцам лесе ўбачыў дзядулю, як ён спрачаўся з Бардуном.
Калі Базыль скончыў расказваць, Раман пацікавіўся ў яго:
— Марысю ў сне ты не бачыў?
— Не, — сказаў Базыль. Раман пляснуў рукою па калене.
— Братка, наш дзядуля жывы! Базыль аж вочы вылупіў:
— Ты хіба ведаеш?