46408.fb2
Базыль глядзеў на брата, як глядзяць на дзівака. Хіба мажліва, каб дзядуля застаўся жывы? Тыя татары яго жывым з рук не выпусцілі. Няўжо Раман думае, што дзядуля лясінай адбіўся ад іх? Калі б нават быў казачным асілкам, то ад цэлай зграі татараў не адбіўся б.
— Братка, — бліжэй прыціснуўся Раман, — ты казаў, што ў дзядулі рана на лбе. Мусіць, паранілі яго татары, цяжка яму. Але ж ён жывы. А Бардуну ты не вер. Ён хацеў паддобрыцца да цябе.
— Я не паверыў яму.
— І правільна зрабіў, што не паверыў. Гэта ён чорную змяю выпусціў. Яна цябе хацела ўкусіць?
— Хацела, — кіўнуў галавою Базыль.
Самі таго не заўважаючы, яны разважалі, пераконвалі адзін аднаго, нібыта ўсё гэта было з ім, з Базылём, не ў сне, а на яве. І Базыль быццам забыўся, што яму гэта толькі прыснілася. Яны вылезлі з-пад елкі. У паветры пахла рознымі травамі, зёлкамі, смалою. Лес, памыты дажджом, быццам памаладзеў.
— Глянь! — усклікнуў Раман, задраўшы галаву. Над самымі дрэвамі, кідаючыся з боку ў бок, ляцеў дзікі голуб. Яго даганяў вялізны чырванавата-руды каршун.
— Акыш! Акыш! — Базыль, каб напалохаць драпежніка, закрычаў на яго, як звычайна крычаць на курэй.
А каршун, не зважаючы на крык, ляціць, ужо даганяе голуба. Вось-вось схопіць. Голуб раптам каменем упаў пад ногі. Каршун бясшумна, што здань, паляцеў далей.
Базыль нагнуўся, падняў голуба, пагладзіў яго па спінцы.
— За табою, як і за намі, драпежнік палюе, — прагаварыў.
Раман дакрануўся рукою да белай плямкі, якая выдзялялася на шыі голуба.
— Базыль, чаму ты сказаў, што і за намі драпежнік палюе?
— А хіба не?
Раман крыху падумаў і згадзіўся:
— Сапраўды. Тут і татары, і Бардун, і розныя нячысцікі. Голуб нас не пабаяўся, каля нас знайшоў ратунак. А мы дзе знойдзем?
Базыль адчуваў, як пад рукою часта б'ецца маленькае сэрца голуба. Напэўна, так білася яно і ў Марысі, калі яе даганялі татары. Дзе ж яна цяпер? Мусіць, недзе ціхенька плача ў кулачок.
Базыль пагладзіў голуба па крылцах, падкінуў угору, усклікнуўшы:
— Ляці!
Голуб узмахнуў крыламі, падняўся ўверх і неўзабаве знік з вачэй.
— Куды мы цяпер? — запытаў Раман.
Базыль стаяў, прыслухоўваючыся. Здалёк, гэта ён добра пачуў, даносілася нейкая гамонка. Хто ж яшчэ тут, у лесе? Можа, мужчыны-вяскоўцы, даведаўшыся ад дзяўчат, што нейкі татарын іх напалохаў, прыйшлі ў лес? Базыль зірнуў на Рамана.
— Чуеш гамонку?
— Чую, — кіўнуў галавою Раман.
— Хто гэта? Як ты думаеш? Не нашы мужчыны?
— Нашы! Яны нас шукаюць! Пабеглі! Сустрэнем іх! — узрадаваўся Раман.
— Пачакай, — спыніў яго Базыль.
Ен зноў стаў прыслухоўвацца. Усё гучней, усё выразней галасы. Але чамусьці ніводнага слова не разабраць. Не, не вяскоўцы ў лесе — чужая гаворка чуецца. Татары гэта.
Базыль пацягнуў Рамана за сабою. Яны ляглі за густым ядлоўцавым кустом, які рос воддаль ад сцяжынкі.
— Братка, трэба ўцякаць. Заўважаць нас татары, — не сцярпеў Раман.
— Не заўважаць.
— А калі заўважаць?
— Раман, татары, мажліва, дзядулю і Марысю з сабою вязуць. Трэба паглядзець.
Над лесам ярка свяціла сонца. На кустах блішчалі важкія дажджынкі. Птушкі спявалі на розныя галасы. Базыль адчуў, як зашчымела ў грудзях. Нясцерпна вось так, выцягнуўшыся, ляжаць і чакаць немаведама чаго. Што ж гэта дзеецца на свеце? У сваім жа лесе трэба хавацца.
Татары на сцяжынцы з'явіліся неяк нечакана. Базыль ледзь стрымаўся, каб не ўсклікнуць. Уперадзе ехаў Джавад, а за ягоным канём ішла Марыся. На яе шыі была вяроўка, якую трымаў Джавад.
— Марыся. Ма… — заварушыўся Раман. Базыль паказаў яму кулак.
— Маўчы!
Ён глядзеў на Марысю. У сястрычкі ногі, рукі ў гразі, твар схуднелы, бледны. А раней жа заўжды шчокі ў яе былі круглыя, ружовыя. "Мая вішанька", — так звычайна называў яе бацька. Бывае, падніме на руках, падкіне некалькі разоў угору, пасля апусціць на зямлю, запытаецца: "Ну, як? Высока ты ўзлятала, мая вішанька?" Марыся бліскае вачанятамі, заліваецца смехам. Счарнеў бы бацька, калі б убачыў яе цяпер з вяроўкай на шыі.
Марыся стала якраз насупраць кашлатай елкі, нагнулася, заскакаўшы на адной назе. Джавад таргануў за вяроўку.
— Цаго стала?
Марыся схапілася рукою за нагу.
— Мне ножка баліць. Застраміла.
— Не баліць твая носка. Хлусіс.
— Не хлушу. Баліць. Зараз выму стрэмку і далей пайду. Крыху пачакайце.
— Няма калі цакаць, — і Джавад мацней таргануў за вяроўку.
Марыся, узмахнуўшы рукою, упала. Татарын захіхікаў. Марыся ўзялася рукамі за вяроўку, спрабуючы скінуць яе, але Джавад закрычаў:
— Не скідай! Буду бізуном аперазаць!
— Ма… — зноў заварушыўся Раман. Базыль прыціснуў яго да зямлі:
— Ляжы і не высоўвайся!