46408.fb2
— Уставай! — таргануў за вяроўку Джавад.
Базыль з нянавісцю глядзеў на яго. Ён ледзь стрымліваўся, каб не ўскочыць.
— Ножка баліць, — усхліпнула Марыся.
— Не баліць твая носка. Ты махлюес. Хітрая. Усе вы тут хітрыя. Вас трэба бізуном аперазаць.
Базыль да болю сцяў кулакі. Марыся сядзела на траве, а Джавад усё торгаў за вяроўку. Базыль здагадаўся, што сястра зусім знясілела. Пэўна, нямала ёй прыйшлося прайсці, папацягалі яе татары за сабою. Нездарма ўся ў гразі. Як жа дапамагчы ёй? Накінуцца на татараў? Але што гэта дасць?
— Уставай! Бізуном буду аперазаць! — крыкнуў Джавад.
Марыся, абапершыся рукою аб зямлю, устала. "Эх, каб хоць знак ёй падаць, каб хоць паказаць, што мы тут! — падумаў Базыль. — Можа, прыўстаць, махнуць рукою? Не, нельга ўставаць. Адразу татары заўважаць. Яны ж не сляпыя".
— Цаго стаіс? Ідзі! — гукнуў Джавад. — Хутка дабяруся і да твайго бацькі, і да ўсіх тваіх сваякоў. Буду ўсіх іх бізуном аперазаць.
— Дзядзечка, адпусціце мяне, — скрывілася Марыся.
— Ідзі! — вызверыўся Джавад.
Марыся, усхліпваючы, паплялася па сцяжынцы. Атрад татараў схаваўся за павароткай, а яны, Базыль і Раман, усё ляжалі на зямлі. Базылю ніяк не верылася, што зусім нядаўна тут былі татары, што Марыся прасіла Джавада, каб адпусціў яе. Як жа змарнела яна! А сёння ж зранку, падскокваючы, бегла ў лес.
— Братка, — прысеў на траву Раман. — Чаму ты мяне ўтрымаў? Чаму не пусціў?
— Што ты зрабіў бы?
— Біў бы іх.
— Чым?
— Чым папала.
— Так яны табе і даліся б.
Базыль ляжаў на зямлі. Млявасць апанавала яго.
— Братка, — падаў голас Раман.
— Чаго? — азваўся Базыль.
— Трэба нам за татарамі бегчы. Недзе спыняцца яны.
— А Бардун?
— Бардун нам не ўказ.
— Яшчэ які ўказ. Забыўся, што казаў?
— Не забыўся, — адказаў Раман.
Базыль павярнуўся на бок. Шкада Рамана. Аж сінія кругі пад вачыма. Моцна яго праняло. Татары ўсё-ткі злавілі Марысю. А вось дзядулі ў іхнім атрадзе не было. Выходзіць, там, на паляне, яны расправіліся з ім. Раман казаў, што павінны сустрэцца з дзядулем. Не, не збудзецца сон…
Базыль убачыў муравейку, які поўз па сцябліне. Асцярожна, двума пальцамі, узяў яго, патрымаў і апусціў на зямлю. Муравейка, спрытна мінаючы травінкі, хутка-хутка папоўз. Кудысьці спяшаецца. Мабыць, у муравейнік. А можа, паўзе, каб сябра выручыць? Сваё жыццё ў мураўёў, патаемнае.
— Братка, — сказаў Раман, — а дзядулі сярод татараў не было.
І ён заўважыў, што не было дзядулі. Да гэтага не казаў, маўчаў. Пэўна, не хацеў ні сабе, ні яму, Базылю, душу квяліць. Цяпер не стрымаўся.
— Не было, — прамовіў Базыль.
— Ты думаеш, што ён загінуў? Не, дзядуля жывы. Наш дзядуля такі, такі… Яго не возьме ні татарская дзіда, ні татарская шабля. Не верыш?
Базыль, каб перапыніць гэтую гаворку, запытаў:
— Ты ведаеш, што татары задумалі зрабіць? Раман падаўся наперад:
— Што?
— Яны хочуць напасці на нашу вёску. У Рамана аж твар выцягнуўся.
— Адкуль ты ведаеш?
— Адкуль? Сам Джавад хваліўся, што і нашага бацьку, і ўсіх нашых сваякоў будзе бізуном біць. Хіба ты не чуў?
— Няхай паспрабуе. Нашы мужчыны на іх наваляцца з усіх бакоў!
— Раман, татары гэта ведаюць. Яны хітрыя. Таму на нашу вёску нападуць ноччу, калі ўсе заснуць. Знянацку нашых захопяць. Каго заб'юць, каго ў палон забяруць. Мала ім адной Марысі. Не задаволіліся яны.
— Базыль, дык трэба хутчэй у вёску бегчы. Можа, не зловіць нас Бардун. Во колькі часу прайшло, а ён усё не паказваецца.
Базыль адчуваў, што Бардун дзесьці побач, непадалёку. Ды трэба нешта ж рабіць, трэба рызыкаваць, пакуль татары яшчэ большай бяды не нарабілі.
Базыль устаў.
— Ну, Раман, паспрабуем вырвацца ад ведзьмака.
Яны, асцярожна ступаючы, абмінаючы галлё, ішлі па лесе. З дупла яліны высунулася вавёрка, убачыла іх, стала пазіраць.
— Не баіцца, — прагаварыў Раман.
— А чаго ёй баяцца? — сказаў Базыль. — Яна адчувае, што мы яе не кранем.
Мінулі дуплістую яліну, пайшлі далей. Базыль уважліва ўглядаўся ўперад, прыслухоўваўся. Не, Бардуна не відаць. Няўжо затаіўся?
— Базыль, няма тут Бардуна. Дарма ты хваляваўся, — парушыў маўчанне Раман.
Базыль стаў што ўкопаны. Што гэта? Перад імі той жа самы смалісты пень, тая ж самая кашлатая яліна, пад якою ратаваліся ад навальніцы. І парослая мохам сцяжынка непадалёку. На ёй яшчэ прыкметныя сляды татарскіх коней.