46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

— Не, — смяецца гэтая незвычайная дзяўчына. — Я — твая доля. Ты не пазнаў мяне?

Ён стаіць, апусціўшы галаву: сорамна прызнавацца, што не пазнаў уласную долю. Дзяўчына-доля павольна ўзнімае рукі і ўзмахвае імі — ён бачыць перад сабою лес, завалены бураломам. На гнілых пнях, парослых імхом, сядзяць злосныя гадзюкі. Дзяўчына-доля другі раз узмахвае рукамі, і лес кудысьці знікае. Цяпер перад ім — шырокая рака. Яна імкліва бяжыць, віруе, нясе вывернутыя з каранямі дрэвы. За рэчкай віднеецца балота, над якім суцэльнай хмарай вісяць камары. На берагах балота сядзяць, цяжка дыхаючы, вялізныя пузатыя жабы. З-за карча высоўваецца чорная, страшэнная морда, якая агідна хіхікае. "Гэта ж чорт!" — даходзіць да Базыля. Дзяўчына-доля трэці раз узмахвае рукамі, і ён бачыць поле, спрэс усыпанае вострымі камянямі. На гэтым полі сядзіць… дзядуля Піліп. Ён рве на кавалкі белую кашулю і завязвае імі акрываўленыя ногі. Базыль было памкнуўся да яго, але тут усё знікла.

— Ты бачыў? — сказала дзяўчына-доля. — Зараз я пайду і праз лес, і праз гэтае балота, пераплыву раку, узыду на поле. Ты пойдзеш са мною?

Ён моўчкі пераступіў з нагі на нагу. Дзяўчына-доля спахмурнела. "Зараз яна пойдзе і пакіне мяне аднаго, — тахнула Базылю ў галаву. — А на полі ж дзядуля сядзіць. Ён жа, відаць, і лес, і балота, і раку прайшоў, а там, на полі, зусім абяссілеў. Яму патрэбна мая дапамога". Базыль хацеў сказаць дзяўчыне-долі, што пойдзе з ёю, а яна запытала:

— Табе здавалася, што ты Ярыла?

— Здавалася і цяпер здаецца, — прызнаўся ён.

— Ты ведаеш, што было з Ярылам пасля таго, як ён з Ляляй сустрэўся?

— Ведаю. Яму давялося з Чарнабогавымі слугамі ваяваць.

— Правільна, — прагаварыла дзяўчына-доля. — Заўжды святло з цемрай змагалася. Запомні гэта.

— І мне прыйдзецца з цемрай ваяваць? — усклікнуў ён.

— А як жа ты думаў? Рыхтуйся, усе свае сілы збірай, — сказала дзяўчына-доля.

Базыль, ашаломлены, стаяў перад ёю. "Ну і ну! — думаў ён. — Са слугамі Чарнабогавымі мне прыйдзецца ваяваць. З імі і Ярыла ваяваў, і дзядуля, але яны хітрыя: калі бачаць, што слабеюць, то хаваюцца ў цёмныя норы, у балота, пад карчы — і не выцягнеш іх адтуль".

— Чаго ж ты маўчыш? — усміхнулася дзяўчына-доля і раптам пачала памяншацца, раставаць на вачах, а на сцяжынцы з'явіліся Чарнабогавы слугі: лясун, карачун, чорт, ведзьмы, вадзянік.

— Прыйшлі? — спакойна сказаў Базыль. Чорт, задраўшы хвост, галёкнуў:

— Гэй! Падыходзьце сюды! Зараз будзем ягоную душу дзяліць! Усім па кавалачку!

Базыль адчуў, як нешта сціснулася ўсярэдзіне, зашчымела. Ён хацеў кінуцца наўцёкі, але зноў з'явілася дзяўчына-доля і махнула рукою:

— Ідзі да мяне. Ты ж абяцаў. Ідзі, не бойся. Усе твае прашчуры за мной ішлі.

— Не адолею я слуг Чарнабогавых. Мне трэба яшчэ падрасці, сілы набрацца, — з роспаччу сказаў ён.

— А яны хіба будуць чакаць, пакуль ты падрасцеш? — прамовіла дзяўчына-доля і зноў знікла.

На сцяжынцы Базыль нечакана ўбачыў Марысю. На яе шыі вісела вяроўка. Яна так паглядзела на Чарнабогавых слуг, што тыя пачалі адступацца. І Марыся чамусьці пабегла за імі, крыкнуўшы Базылю:

— Ратуйся! Цябе княжацкія дружыннікі шукаюць!

Ён нічога не зразумеў: "Якія княжацкія дружыннікі? Чаму яны тут, у нашым лесе? Чаму шукаюць мяне?" Раптам уздрыгнула, закалацілася зямля. На сцяжынку вылецелі коннікі ў паласатых татарскіх халатах і цёмнай хмарай панесліся на яго. "Зараз наваляцца, растопчуць капытамі," — прамільгнула ў галаве. Ён наставіў рукі. Коннікі спыніліся, як па загадзе невядомай сілы. Бліжэйшы з іх, падобны на Джавада, сказаў:

— Мы дружыннікі кіеўскага князя. А ты хто? Базыль глянуў яму ў вочы:

— Няпраўда. Ты Джавад. Я пазнаў цябе. Джавад падміргнуў сваім паплечнікам:

— Так, памяць у яго някепская. Я Джавад, але служу кіеўскаму князю. А ты хто?

— Я Ярыла, — сказаў Базыль. — Я нясу людзям вясну. У мяне ёсць ключы, якія адчыняюць зямлю да жыцця. Калі я еду на сваім белым кані, то пад яго капытамі расцвітаюць кветкі.

Джавад сцёбнуў траву бізуном:

— Годзе! Хто паверыць табе? Базыль не разгубіўся:

— А ты ў людзей папытай. Яны вераць у мяне, Ярылу. Яны славяць мяне, і не толькі мяне — і Перуна, і Дажбога, і Каляду.

— Не будзе больш гэтага, — прагаварыў Джавад. — Мы зробім так, што ніхто і ведаць не будзе, што ты быў на гэтай зямлі.

І Джавад, саскочыўшы з каня, стаў падкрадвацца да Базыля.

— А-а-а! — заенчыў Базыль.

Ачышчэнне агнём

Базыль сядзеў на сцяжынцы, а побач стаяў Раман.

— Братка, — прамовіў Раман. — Ты ведаеш? Ведаеш?

— Што?

— Мне ўяўлялася, што я Ярыла.

Базыль аж галавою пакруціў. Выходзіць, не толькі яму, але і Раману ўяўлялася, што ён Ярыла. Неяк не верыцца.

Няўжо яны спалі і адзін і той жа сон прыснілі? Ні разу ён, Базыль, не чуў, каб аднолькавыя сны сніліся. Можа, проста так сказаў Раман, можа, дзеля смеху?

— І што ж ты рабіў? — пацікавіўся Базыль у брата.

— Я ішоў па сцяжынцы і сустрэў багіню Лялю.

— Багіню Лялю?

— Ага. Пасля яна знікла, а з'явілася дзяўчына-доля, падобная на яе. Яна мяне за сабою клікала.

— Пасля Чарнабогавы слугі з'явіліся? — запытаў Базыль у брата.

— З'явіліся, каб ім пуста было. І лясун, і вадзянік, і чорт рагаты, і ведзьмы ў ступах. Ляталі, кружыліся, гігікалі.

— А татары не прыскакалі на конях? Не пагражалі, што ў рацэ цябе ўтопяць?

Цяпер Раман аж галавою пакруціў.

— Былі і татары. Джавад назваўся дружыннікам кіеўскага князя.

— Ён з каня саскочыў?

— Саскочыў. Ты хіба ведаеш?

— І мне такое ўяўлялася. І я быў Ярылам, па сцяжынцы ішоў.