46408.fb2
Базыль стукнуў сабе кулаком у грудзі.
— Праўда! Дальбог! Мабыць, заснулі мы. Вось і снілася нам.
— Не. Калі б заснулі, то прачнуліся б каля елкі.
— Каля якой елкі? — не зразумеў Базыль.
— Дзе ад дажджу хаваліся. Дзе смалісты пень. Базыль глянуў у адзін бок, у другі. І праўда, няма паблізу смалістага пня, са сцяжынкі не відаць яго. Выходзіць, не ляжалі, не спалі, а па сцяжынцы ішлі. Няўжо з заплюшчанымі вачыма? Мабыць, не, з расплюшчанымі. Калі так, то сапраўды сустрэлі Чарнабогавых слугаў. Вось табе і на! Усіх адразу. Такога, відаць, ні з кім не было. Бывае, што сустрэнецца чалавек з нячыстай сілай. Але ж не з усёй адразу. Ну, чорт спакусіць ці лясун напалохае. А тут нават ведзьмаў сабралася, што грыбоў у кошыку. Так, Чарнабогавых слугаў сустрэлі. І дзяўчына-доля тут была. Але чаму дружыннікі кіеўскага князя падобныя на татараў? Дый Марыся сюды прыйшла. Яна ж у палоне.
Базыль нагнуўся, зашаптаў Раману ў самае вуха:
— Зноў Бардун падстроіў. Нездарма крычаў: "Ідзіце па сцяжынцы! Ідзіце!" Памятаеш?
Раман вылупіў вочы.
— Памятаю.
— Вось мы і пайшлі,— сказаў Базыль.
— Пайшлі,— як рэха, адгукнуўся Раман. Базыль махнуў рукою.
— Ён хутка і ў нас душы забярэ, ён жа з нячыстай сілай звязаны.
— Канешне, звязаны. На тое ён і вядзьмак.
— Я не пра гэта хачу сказаць. Я пра іншае. Нячыстая сіла, відаць, і да нас прыляпілася. Трэба ад яе агнём ачысціцца. Агонь святы, ён ачышчае.
— Твая праўда, — прагаварыў Базыль. — Збірай галлё.
Яны назбіралі сухога галля, якое ляжала паабапал сцяжынкі, пасля Базыль наламаў тонкіх сухіх былінак, склаў іх стажком, укленчыў, дастаў крэсіва, паднёс яго да стажка з былінак і пачаў высякаць іскры. Неўзабаве па былінках заскакалі жоўтыя языкі полымя. Раман стаў падкладваць тонкія сухія галінкі. Агеньчыкі прагна абхоплівалі іх. Полымя ўсё разгаралася, і вось на сцяжынцы ўжо трашчала, бушавала вогнішча.
— Будзем скакаць цераз касцёр, як хлопцы і дзяўчаты на Купалле скачуць. Інакш не ачысціцца нам ад нячыстай сілы, — сказаў Базыль.
— Давай ты першы, — прапанаваў Раман.
Базыль разагнаўся і скокнуў цераз вогнішча, на імгненне адчуўшы, як яно абдало яго сваім гарачым подыхам. За ім пераскочыў Раман, потым яшчэ раз і яшчэ. Яны плячо ў плячо селі каля вогнішча, якое ўсё разгаралася, патрэсвала.
— Цяпер нячыстая сіла да нас не прычэпіцца, — прамовіў Раман. — Святы агонь не дасць. Можа, цяпер і Бардуновы чары спадуць? Як ты мяркуеш?
— Можа, і спадуць. Паспрабуем сысці са сцяжынкі. Трэба нам у вёску бегчы.
Базыль замаўчаў. Яму здалося, што нехта чужы стаіць ззаду і глядзіць проста ў патыліцу. У патыліцы аж пякло, бы ад пажарышча-полымя. Рупіла азірнуцца, але ён сядзеў прама, бо адчуваў: азірніся — і сустрэнешся з чужымі страшнымі вачыма.
"Хто ж стаіць за спінай? Хто ж глядзіць не адрываючыся? Няўжо Бардун? А можа, сам лясун, слуга Чарнабогаў? — думаў Базыль. — Сказаць Раману ці не? Што, калі той чужынец, пачуўшы, накінецца з крыкам? Раман ад аднаго страху здранцвее. Трэба непрыкметна адпаўзці ад вогнішча і даць лататы…"
Патыліцу пякло агнём. Базыль не стрываў, азірнуўся: ззаду, выскаліўшы зубы, стаяў Бурхан.
Не, Базыль не закрычаў, хоць і хацелася яму крыкнуць на ўвесь свет. Ён ускочыў, сілком падняў Рамана, прытуліў яго да сябе.
— А-а-а! — усклікнуў Раман, калі заўважыў Бурхана. Бурхан падышоў бліжэй, прагаварыў:
— Мая душа захацела каля цяпельца пагрэцца. Няхай грэецца. І я разам з ёю пагрэюся.
— Няма яе тут! Няма! У балоце яна! Там яе шукай! — залямантаваў Раман.
— Няхай грэецца. Я таксама пагрэюся. Холадна мне. Ой, як холадна! — Бурхан стаяў, калаціўся, нібы сапраўды марозам праняло яго.
Базылю здалося, што на плечы наваліўся цяжар. "Няўжо Бурханава душа на мяне насела?" — прамільгнула ў галаве.
— Братка-а… — прагаварыў Раман. Бурхан працягнуў рукі да агня.
— Не пускалі мяне. Не хацелі, каб я тут пагрэўся. А маю душу пусцілі, месца ёй далі.
— Яна сама. Сама п-прыляцела, — сказаў Базыль.
— Сама?
— Але, с-сама прыляцела.
— Прыляцела. Яна доўга ляцела. Ёй цёпла, і мне цёпла. Ці не так?
— Так, — кіўнуў галавою Раман.
— Цьфу! — раптам плюнуў у агонь Бурхан і, крыкнуўшы: "Мая душа ўцякае!", ірвануў у лес.
Базыль з палёгкай уздыхнуў.
— Братка, адпусці маю руку, — папрасіў Раман.
Толькі цяпер да Базыля дайшло, што ён усё яшчэ трымае Рамана за руку. Неспадзявана з'явіўся Бурхан. Не думалася, што прывалачэцца да вогнішча. Бач, ягонай душы захацелася пагрэцца, холадна ёй стала. І сам тросся, нібы яго голым узімку на мароз з хаты выгналі. Сонейка свеціць, прыпякае, а яго ад холаду калоціць.
Базыль адпусціў Раманаву руку.
— Пойдзем адгэтуль, пакуль Бурханава душа да вогнішча не вярнулася. І ён за ёю прыпрэцца. Пабачыш, — заморгаў вачыма Раман.
Яны пайшлі па сцяжынцы. У Базыля цяпер было адно жаданне: як мага далей адысціся ад гэтага заклятага месца, якое аблюбавала не толькі Бурханава душа, але і Чарнабогавы слугі. Ды неўзабаве яны ўбачылі такое, ад чаго зноў вочы на лоб палезлі: каля сцяжынкі нерухома стаяла лісіца і глядзела на іх.
Базылю не раз прыходзілася бачыць лісіц. І не толькі ў лесе, але і на полі, на лузе, нават каля самай вёскі. Звычайна яны ўцякалі, заўважыўшы чалавека. А гэтая стаіць, што авечка, і пазірае.
— Чаго яна ўставілася на нас? — усклікнуў Раман.
— Не ведаю, — прамовіў Базыль. Раман тупнуў нагою:
— Э-э-э!..
Лісіца нават не ўздрыганулася. Усё гэтак жа нерухома стаіць і пазірае.