46408.fb2
— Нашага ведзьмака. Вы яго з вёскі прагналі, а ён у лесе хаціну пабудаваў і Жыве ў ёй, — растлумачыў Базыль.
— І мядзведзь з ім жыў,— падхапіў Раман. — Мядзведзя татарын Бурхан шабляй засек. А Бардун у Бурхана душу адабраў. Цяпер Бурхан за ёю па ўсім лесе бегае.
— Не трашчы, — перапыніў яго дзядуля. — Няхай Базыль расказвае. Дзе вы сустрэлі Бардуна?
Раман, не зважаючы, запытаў:
— Дзядулька, хто цябе прывязаў?
— Татары, каб на іх немач!
— Чаму яны на тваю галаву світку нацягнулі?
— Хацелі, каб свету белага не бачыў, каб у цемры паміраў, трасца ім у бок!
— Джавад так загадаў? Той самы галоўны татарын, які захацеў, каб ты з Ак-Бугаем біўся?
— Не балбачы, — зноў перапыніў яго дзядуля. — Базыль, дзе вы сустрэлі Бардуна? Раскажы. Мне ўсё трэба ведаць.
І Базыль пачаў расказваць. Потым дзядуля запытаў:
— Марысі з вамі не было?
Базыль са здзіўленнем паглядзеў на яго. Няўжо ж ён не бачыў Марысю? Яе ж татары ўзялі ў палон. І дзядуля быў у іхніх руках. Сам жа казаў, што яны яго прывязалі да сасны. Чаму ж пра Марысю пытаецца?
— Хіба ты не бачыў Марысю? — звярнуўся ён да дзядулі.
— Пасля таго як вы ў лес пабеглі, болей не бачыў яе.
Вось яно што! Татары асобна Марысю трымалі. Не хацелі, каб бачыў яе дзядуля. Як сказаць дзядулю, што татары Марысю злавілі? З чаго пачаць?
— Дзядуля, — падаў голас Раман, — Марысю татары ў палон узялі. Нядаўна мы з Базылём бачылі, як яе Джавад вёў на вяроўцы.
Дзядуля глянуў на Базыля, паківаў галавою.
— Не ўбярог ты Марысю. А я спадзяваўся на цябе.
На вачах у Базыля выступілі слёзы. Так, ён, Базыль, згубіў сястрычку ў лесе. Але хіба ведаў, што яна адстане? Хіба ў лесе, у гушчары, адразу заўважыш, што адстала? Яны ж з Раманам вярнуліся, шукалі яе.
— Дзядуля, я… — пачаў ён. Дзядуля не даў дакончыць:
— Не трэба. Не апраўдвайся. І не крыўдуй на мяне. З горычы цяпер у мяне вырвалася. Тут не так ты, як я вінаваты. Не заўважыў я татараў. Марысю мы як-небудзь выбавім з палону. Дзесьці тут гэтыя нячысцікі. Джавад пахваліўся мне, што на нашу вёску яны нападуць, што шмат у палон набяруць.
Раман ускочыў, замахаў рукамі.
— І мы чулі, як Джавад казаў Марысі, што татку бізуном ссячэ. Калі б у мяне была дзіда, то я яму паказаў бы!
Дзядуля ўстаў, абапёршыся рукамі аб ствол.
— Ваяка ты, бачу. З дзідай на Джавада пайшоў бы! Раман шмаргануў носам.
— Я хацеў накінуцца на яго, але Базыль мяне не пусціў.
— І правільна зрабіў, што не пусціў. Базыль, ты казаў, што Бардун загадаў, каб вы ішлі па сцяжынцы. Так?
Базыль кіўнуў галавою.
— Так. Ён сказаў, каб мы тры павароткі мінулі. За трэцяй павароткай мы цябе і ўбачылі.
— Бардун за намі сачыў,— зашаптаў Раман. — Ён на нас нейкія чары напусціў. Мы не хочучы ішлі па сцяжынцы. Ён і цяпер сочыць за намі.
— Няхай сочыць, — прамовіў дзядуля. — Я яго зусім не баюся. Я даўно вывучыў ягоныя хітрыкі. Як-ніяк, разам раслі, разам гадаваліся. Я вось пра што думаю. Нездарма ён вам загадаў, каб ішлі па гэтай сцяжынцы. Чаму ж?
— Я ведаю, — сказаў Раман.
— Ведаеш?
— Ведаю. Ён хоча ў вёску вярнуцца. Нудна яму ў лесе. Гняце яго нуда. Вось і вырашыў такім чынам табе дапамагчы. Спадзяецца, што ты заступішся за яго перад грамадой. Ён хітры.
— Хітрасці ў яго хапае. Гэтага яму не пазычаць, — сказаў дзядуля. — А ў вёску ён не думае вяртацца. Ён ужо не прыжывецца сярод людзей. Дый людзі яго не любяць. Не ўклініцца ён у нашу грамаду. Нешта іншае задумаў. Прыйдзе час — разгадаем. Само наверх выплыве. Хадзем.
— А Марысю ратаваць? — пацікавіўся Раман. Дзядуля адказаў не адразу:
— Марысю мы выратуем, а цяпер трэба ісці ў вёску за падмогай.
Яны паволі ішлі па лесе. Базыль вырашыў запытацца ў дзядулі пра тое, аб чым даўно думаў. — Дзядуля, — сказаў ён, — а татары даўно жывуць на нашай зямлі?
— Многія даўно, — прагаварыў дзядуля. — Нямала летаў прайшло, як яны тут прыжыліся. Пры князі Вітаўце ў нас пасяліліся. Адны кажуць, што князь іх палоннымі прыгнаў, другія — што запрасіў іх да сябе на вайсковую службу і яны ваявалі побач з беларусамі.
— Чаму ж цяпер на нас нападаюць? Чаму цяпер сталі ворагамі? — спытаў Базыль.
— Бывае, што і нашы, беларускія князі, адзін з адным ваююць, адзін аднаму чубы трасуць.
— Чаму ж яны так?
— З-за прагнасці. На чужое багацце квапяцца. Калі свайго мала, то чужое хочацца адабраць.
— Іх Чарнабогавы слугі штурхаюць на вайну, — уставіў сваё слова Раман.
— Чарнабогавы слугі шмат людзей на вайну паслалі,— сказаў дзядуля. — Вайна людзям не нясе дабра. Ад вайны душа ледзянее, застывае, як зямля пад лёдам.
Базыль задумаўся. Неяк дзіўна выходзіць. Калісьці поплеч ваявалі і польскія, і беларускія, і татарскія воі. У згодзе жылі. Чаму ж цяпер не так? Вось гэты Бурхан… Ягоны бацька, мажліва, разам з нашымі воямі ў бой хадзіў. Што ён сказаў бы Бурхану, калі б даведаўся, што ягоны сынок на дзяцей палюе? Відаць, не пахваліў бы… І тут Раман як крыкне на ўвесь голас:
— Мядзведзь!
І праўда, з густога ельніку, які яны ўжо міналі, вылез буры калматы мядзведзь. Ён устаў на заднія лапы і пайшоў проста на дзядулю. Дзядуля, шырока расставіўшы ногі, моўчкі глядзеў на яго. У Базыля перахапіла дыханне. Чаму стаіць дзядуля? Чаго ён чакае? У яго ж з сабою нават нажа няма. Няма чым абараніцца. Разарве яго мядзведзь.