46408.fb2
— Дзядуля, чаму так шмат злыдняў на свеце? — прагаварыў паціху Раман.
— Чаму? — перапытаў дзядуля. — Паслухайце, што я вам раскажу. На Каляды, калі прыходзіць халодная зіма, нават пустэльныя балоты замярзаюць. Зюзя-зімавіца сваю ўладу ўсталёўвае, да людзей прыходзіць, завірухі, сцюжы з сабою прыносіць. Як стукне, як грукне кіем па пнях, дык такія маразы наваляцца, што і дрэвы, і платы трашчаць. Каго сустрэне ў дарозе, то стараецца дагнаць, каб замарозіць. Лютуе Зюзя, бо ведае, што прыйдзе вясна і прынясе цяпло.
— Дзядуля, чаму ты нам пра Зюзю напомніў? — запытаў Раман.
— Не здагадаешся?
— Не.
— І ты, Базыль, не скажаш чаму?
Бач, які хітры дзядуля. Сам не хоча казаць. Хоча, каб падумалі. Пра што ж раней пытаўся ў яго Раман? А-а, цікавіўся, чаму так шмат злыдняў на свеце. А дзядуля расказаў, як Зюзя-зімавіца шалела, праведаўшы, што вясна, што цяпло наступіць.
— Дык не скажаш, чаму? — напомніў Базылю дзядуля.
— Ты хацеў сказаць нам, што злыдні даўно на свеце з'явіліся?
— І гэта хацеў сказаць. Не за адзін год яны распладзіліся на нашай зямлі.
— Але ж злыдні не перамогуць добрых людзей. І наша Марыся ад іх выратуецца. Так, дзядуля?
Дзядуля не адказаў, бо яны, выйшаўшы з лесу, заўважылі коннікаў, якія імчаліся па балоце. Коннікі таксама ўбачылі іх і сталі. Ад іх аддзяліўся адзін і паімчаўся да лесу.
— Татка-а! — крыкнуў Раман. — Татка на Гнядым скача!
Ён хацеў кінуцца да бацькі, але дзядуля спыніў яго:
— Пачакай.
Бацька ўсё бліжэй, бліжэй, ужо чуваць, як нокае, паганяе каня. Нарэшце падскакаў да іх, рэзка таргануў Гнядога за вобруць.
— Татка, — усхліпнуў Раман і ўхапіўся рукою за стрэмя.
— Чаго ты? — з трывогай у голасе запытаў бацька.
— Татка-а…
— Дзе вы так доўга бавіліся? Нашы дзяўчаты казалі, што нейкі татарын цягаецца па лесе. Мы чакалі, калі вы прыйдзеце, а вас усё няма і няма. Не вытрывалі, едзем вось…
— У лесе цэлы атрад татараў,— вырвалася ў Базыля. — Яны схапілі дзядулю, прывязалі яго да хвойкі, а мы ўбачылі яго і развязалі. Мы…
Бацька, не даслухаўшы, перапыніў яго:
— Дзе Марыся?
— Бяда, сынку! — глуха прагаварыў дзядуля. — Схапілі нечысці Марысю. Не ўбярог я яе.
Бацька ўзняў угору дзіду.
— Адаб'ем!
— Сынку! — памкнуўся да яго дзядуля. — Будзьце асцярожныя. Татары, як мне здаецца, у Дуброву падаліся. Яны…
— Не выпусцім іх з лесу, — працадзіў праз зубы бацька і паімчаўся да мужчын-аднавяскоўцаў.
Дзядуля з дакорам прагаварыў:
— У гарачай вадзе купаны. Нават не даслухаў мяне. Моцна ўзяло яго за душу.
— Татка абавязкова вызваліць Марысю, — прамовіў Раман.
— На ведаю, не ведаю, — двойчы паўтарыў дзядуля. — Мусіць, мне яшчэ раз прыйдзецца сустрэцца з Джавадам.
— Чаму? — не зразумеў яго Базыль.
— Ат, рознае ў галаву лезе.
— Татка вызваліць Марысю! — усклікнуў Раман.
Па балоце птушкай слаўся Гняды, а бацька нешта крычаў, махаючы дзідай.
Бацька вярнуўся з лесу толькі як звечарэла. Маці ні на хвілінку не заходзіла ў хату, усё выглядала, прыслухоўвалася, часам паціху плакала, прыгаворваючы: "Ой, дзецят-ка-а!.." Нарэшце на вуліцы пачуўся тупат капыт. У паўзмроку паказаўся Гняды.
— Рыгор, ну ці знайшлі яе? — усклікнула маці. Бацька саскочыў з каня, у роспачы махнуў рукою.
— Не знайшлі. Татары як скрозь зямлю праваліліся. Базыль думаў, што маці закрычыць, загалосіць на ўсю вуліцу. Тады яе абняў бы, суцяшаў. А яна памкнулася да бацькі, працягнула рукі і адразу ж апусціла іх.
— Рыгор, ведала, што вы яе не знойдзеце. Адчувала мая душа. Ой, дзецятка-а!.. Крывіначка мая-а!..
Бацька стаяў, апусціўшы галаву. Потым сказаў:
— Я зараз зноў паеду ў лес. Мы знойдзем Марысю. Яе і цяпер шукаюць. У лесе мужчыны і з іншых вёсак. Нават князь прыслаў сваіх вояў. На ўсіх дарогах старожу паставілі. Не прарвуцца татары. Знойдзем. Зараз… Зараз паеду. Трэба паходні ўзяць. Запалім паходні…
Да бацькі падышоў дзядуля, стаў штосьці паціху яму казаць. Вядома, Базылю вельмі хацелася пачуць, што ён кажа, ды маці паклікала:
— Базыль, ідзіце з Раманам у хату. Кладзіцеся спаць.
— Мы крышку на двары пабудзем. Можна? — завёў Раман.
— Хадзем, — перапыніў яго Базыль.
Не, не след сёння прасіцца, назаляць маці. У яе і так уся душа збалела.
Яны з Раманам зайшлі ў хату, распрануліся, ляглі на палок, накрыліся радзюжкамі. Палок за печкаю, каля сцяны. Калісьці дзядуля яго рабіў, шчыльна дастасоўваючы дошку да дошкі. Дошкі былі смалістыя, і ў хаце доўга пахла смалою…
Базыль ляжаў на спіне, шырока расплюшчыўшы вочы. Што ж цяпер з Марыся й? Дзе яна?