46408.fb2
— Чаго табе?
— Не магу заснуць, — прызнаўся Раман.
І яму не спіцца. Напэўна, таксама пра Марысю думае.
— Ляжы і ні аб чым не думай. Вось і заснеш.
— Я стараўся не думаць. Не выходзіць у мяне. Братка, ты мне загадкі пазагадвай. Калі мне дзядуля на ноч загадкі загадвае, то я хутка засынаю. Вочы самі сабою зліпаюцца. Братка, пазагадвай.
Базыль уздыхнуў. Што ж рабіць? Трэба загадваць, раз просіць. Можа, сапраўды хутка засне?
— У дзвюх матак па пяць хлапчанятак але ў кожнага сынка адно імя. Што гэта? — запытаў ён.
— Па пяць хлапчанятак? — здзівіўся Раман.
— Але, па пяць, — сказаў Базыль.
Ён лічыў, што брат не адгадае гэтую загадку, што будзе думаць, пакуль не засне, а Раман прамовіў:
— Я здагадаўся. Гэта пальцы. Цяпер я табе задам загадку. Згодны?
— Задавай, — сказаў Базыль.
— Ляцелі тры галіцы, палі-селі на мяліцы. Адна кажа: "Мне ўлетку лепей". Другая кажа: "Мне ўзімку лепей". Трэцяя кажа: "Мне ўсё роўна, што ўзімку, што ўлетку".
Часта, перарывіста дыхае Раман. Цяжкую загадку ён задаў. Напэўна, ад дзядулі яе пачуў, запомніў. Тры галіцы ляцелі. Першай улетку было лепей. Выходзіць, яна лета любіла. І Марыся вельмі любіла лета. Узімку чакала, не магла дачакацца, калі лета наступіць. Ці не штодзень пыталася: "Калі ўжо Зюзя ад нас пойдзе? Калі будзем суніцы збіраць?"
— Базыль, ты адгадаў загадку? — напомніў Раман.
— Цяжкая яна, — сказаў Базыль.
— А ты падумай. На чым летам ездзяць?
— На возе.
— Правільна. На возе. Першая галіца — гэта воз.
— Другая — сані, а трэцяя — конь? — здагадаўся Базыль.
— Так, — прамовіў Раман.
Базыль заплюшчыў вочы і непрыкметна заснуў.
На другі дзень яны з Раманам сядзелі каля хаты, на прызбе. Непадалёку Марысіны і Раманавы равеснікі гулялі ў "авечачку". Сёння ў іх за пастуха Раманаў сябар Кастусь. У Кастуся доўгі кій у руках. Вакол яго, скупіўшыся, сядзяць дзеці-авечачкі. Непадалёку яшчэ адзін Раманаў сябар — Савось. Яму сёння быць ваўком, дзяцей-авечачак забіраць.
— Раман, ідзі да нас, — паклікаў Кастусь. Раман махнуў рукою:
— Ай, не хачу.
Вядома, чаму ён не хоча. Маці ў хаце сядзіць заплаканая, вочы чырвоныя ад слёз. А бацька і іншыя мужчыны яшчэ з лесу не вярнуліся.
нараспеў зацягнуў Кастусь. Дзеці-авечачкі на розныя галасы забекалі:
— Бэ-э…
— Мэ-э…
Савось, які сёння за ваўка, не зважаючы на тое, што авечачкі просяцца, мекаюць, падкрадваецца да іх, нападае і, схапіўшы, адводзіць убок.
— Бач ты! Савось усіх авечачак перацягаў,— не стрываў Раман.
Цяпер і Кастусь як бы апамятаўся, заўважыў, што няма ягоных авечачак.
— Воўчы след, барані след, воўчы след, барані след. Спаткаў ваўка: "Воўча, воўча, ці не бачыў авечачак?" — звяртаецца ён да Савося.
Савось адварочваецца:
— Не, няма ў мяне. Кастусь махае кіем:
— А хто ж там бляе? То ж, мусіць, мае авечкі. Савось круціць галавою:
— Не, не.
Кастусь падбягае да яго, пачынае адсоўваць кіем. Дзеці-авечачкі з крыкам уцякаюць ад Савося, бяруцца за кій рукою. Ён даганяе іншых дзяцей, бо нельга забіраць тую авечачку, якой удалося ўзяцца за кій.
— Братка, — звяртаецца да Базыля Раман, — зараз ад Савося ўсе авечачкі паўцякаюць.
Базыль моўчкі глядзеў на малых і думаў: "Марысі няма ў вёсцы, схапілі яе злыя татары, а тут усё ідзе па-ранейшаму. Быццам ні хлопчыкі, ні дзяўчынкі не заўважаюць, што яе няма. Ніхто не ўспамінае, што некалі Марыся з імі гуляла. Няўжо чужое гора іх зусім не кранае?"
— Цішэй! — падняў руку Кастусь. Малыя ўраз сціхлі.
— Чаго ты? — запытаў у Кастуся Савось.
— Мне здалося, што нашы мужчыны едуць.
— Можа, нашу Марысю знайшлі? — усклікнуў Савось.
— Не, мне толькі здалося, што едуць, а так нікога няма… Гульня спынілася.
— Я дамоў пайду, — паціху сказаў Савось.
— І я пайду. Нешта не хочацца сёння гуляць, — апусціў галаву Кастусь.
Малыя сталі разыходзіцца. "А яны не такія, як мне здавалася, — падумаў Базыль— Савось Марысю "нашай" назваў. Усе мы тут свае. Усім боль аддаецца".
З хаты выйшла маці. У руках яна трымала вузялок.