46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 62

— Хто яго ведае. Можа, ад сваіх адбіўся. Ён жа нам пра гэта не расказваў.

Кастусь глядзіць на Параску, моргае вачыма, усё дапытваецца:

— Параска, хто яго ў балота пасылаў?

— І гэтага не ведаю. Я толькі чула, як бубніў пад нос… Ідзе, наставіўшы рукі… Лук за спінаю…

— Братка, — звярнуўся да Базыля Раман, — можа, расказаць ім, як Бардун у Бурхана душу адабраў?

Раман хоча расказаць пра тое, што ў лесе бачылі. Ці варта? Відаць, не след пра гэта расказваць. Вось і дзядуля маўчыць. Калі б лічыў патрэбным, то і сам расказаў бы. Навошта яшчэ болей людзей баламуціць? Калі яны пачуюць, што Бурхан, як непрытомны, па лесе бадзяецца, то зусім перапалохаюцца. Жартачкі ж сказаць! Жывы чалавек ходзіць, сваю душу шукае.

— Сказаць, як Бардун у Бурхана душу адабраў? — зноў запытаў Раман.

Базыль зірнуў спярша ў адзін бок, пасля ў другі. Можа, пачуў хто Раманаву гаворку? Не, здаецца, ніхто не пачуў. Ну, й добра, калі так.

— Раман, не распускай язык, — папярэдзіў Базыль.

— Чаму?

— Пасля скажу чаму.

— Базыль, татары на нашу вёску не нападуць? Нездарма брат задаў такое пытанне. Амаль усе воі-мужчыны ў лесе. Толькі пяцёра тут засталося. Знарок іх пакінулі. Усякае ж можа стацца. Цяпер яны разам з усімі стаяць, сваіх з лесу чакаюць.

— Не нападуць. Татары праз рэчку не пераправяцца, бо не ведаюць, дзе брод.

— Гляньце! Нехта з лесу бяжыць! — неспадзявана крыкнула Параска.

Людзі заварушыліся, мацней загаманілі:

— Бач, як ляціць!

— Можа, вестачку нясе?

— Чаму коннага з вестачкай не паслалі?

— Не наш гэта. Нехта чужы.

— Можа, з горада? І князь сваіх паслаў у лес.

— Ды не! Нейкі зусім чужы!

— Здаецца, на татарына падобны.

— Людцы! Татарын бяжыць!

— Гэта Бурхан, — звярнуўся да Базыля Раман. — Я пазнаў яго. Сам да нас ідзе ў рукі.

Цяпер і Базыль пазнаў, што гэта Бурхан. Чаму ж ён у вёску бяжыць? Няўжо не бачыць, што на беразе стаяць людзі? Няўжо спадзяецца, што прывецяць яго тут? Пэўна, ягоная душа ляціць сюды, у вёску. Вось ён і бяжыць за ёю, не адстае.

— Людцы! Гэта ж той самы татарын, які нас у лесе напалохаў! Ён да нас бяжыць! — заверашчэла Параска.

— Цішэй. Не падымай гвалту, — глянуў на яе дзядуля. Бурхан, дабегшы да берага, плюхнуўся ў раку. Базыль чакаў, што зараз каменем пойдзе на дно, што пасля выскачыць з-пад вады, каб крыкнуць: "Ратуйце!" Не, не пайшоў каменем на дно. Плыве, уздымаючы пырскі.

Наперад выйшлі мужчыны з лукамі. І ў дзядулевых руках Базыль заўважыў лук.

— Зараз пераплыве! Зараз… — прамовіла Параска і стала адступацца ў натоўп.

— Страляйце! Страляйце ў татарына! — не сцярпеў, крыкнуў Раман.

Базыль таксама крыкнуў:

— Страляйце!

Мужчыны стаяць, моўчкі пазіраюць на Бурхана. І іншыя вяскоўцы маўчаць. Толькі Параска штосьці шэпча, войкае.

"Няўжо Бурхан пераплыве цераз раку? — дзівіцца Базыль. — У гэтым месцы яшчэ ніхто не адважваўся пераплываць. Тут жа і яміны, і віры круцяць. Няўжо яму нячыстая сіла дапамагае?"

Усё-ткі пераплыў Бурхан. Крыху пастаяў, атросся.

"Куды ж цяпер паляціць ягоная душа? Каб бяды не нарабіла", — падумаў Базыль.

— Не ўцячэш. Ад мяне не ўцячэш, — прамармытаў Бурхан і стаў карабкацца на абрывісты бераг, якраз туды, дзе скупіліся людзі.

— Ён мяне шукае! Мяне! — запішчала Параска.

— Цішэй! — крыкнуў дзядуля Піліп.

Бурхан карабкаецца, сапе. Раптам пахіснуўся і кулём паляцеў уніз.

Людзі закрычалі:

— Увесь бераг носам узараў!

— Ну й страшны! Твар у крыві!

— Недзе ўжо гваздануўся.

— Сам сабе скруціць галаву.

І Базыль падумаў, што нарэшце Бурхан скруціць сабе галаву. Не, абышлося. Зваліўся каля самай вады, паляжаў, адсопваючыся, пасля ўстаў і прабубніў: "Ад мяне не ўцячэш. Не ўцячэш". Зноў лезе, карабкаецца. Ужо на самы бераг узбіраецца.

Раман замахнуўся нагою.

— У-у, паганы! Зараз як рэзну!

— Не трэба, — спыніў яго дзядуля. Дамогся свайго Бурхан, узабраўся на бераг.

— Дзе ты? Дзе-э? — наставіў рукі.