46408.fb2
— Да нас прыйшоў?
— Нашых дзетак цягаць?
— Адальюцца табе нашы слёзы!
Відаць, канец быў бы Бурхану, калі б не дзядуля Піліп. Ён адштурхнуў жанчын, дзевак і гукнуў:
— Людзі! Што вы робіце?!
Дзеўкі, жанчыны сціхлі, пасталі, насупіўшыся. Бурхан спадылба пазіраў на іх і калаціўся.
— Людзі, што робіце? — цішэй сказаў дзядуля. Базыль пачуў, як закрычала маці:
— А куды ж ён нашу Марысю падзеў?
— Бачыце? — узняла чорную стралу Параска. — Я яе ў яго забрала. Ён чорныя стрэлы пускаў. Ен з іхняй хеўры. Ён чорнымі стрэламі знак падаваў, каб гэткія ж, як ён, на нашых людзей нападалі.
— Дзядуля, душагуба шкадуеш? — закрычаў Раман. — Ён цябе хіба шкадаваў? Забыўся ты?
— Га? — усклікнуў Бурхан і прабубніў пад нос: — Знайду. Усё роўна знайду. Ад мяне не ўцячэш. Знайду-у…
Базыль убачыў, што дзеўкі, жанчыны зноў пачалі наступаць на Бурхана. "Ну, цяпер і дзядуля не ўратуе татарына", — падумаў ён, але памыліўся. Дзядуля падняў руку:
— Стойце!
Дзеўкі, жанчыны сталі. Дзядуля крыкнуў:
— Людзі вы ці не людзі? Я ў вас пытаюся. З усіх бакоў пачулася:
— Людзі мы! І ў нас ёсць душа! Ды гарыць яна, агнём яе пячэ!
— Ён жа нашых дзетак лавіў!
— Можа, цяпер нашых гэткія ж забіваюць у лесе!
— Хіба ён з хлебам-соллю да нас прыйшоў?
— У яго лук і чорныя стрэлы!
Дзядуля павольна прагаварыў, як бы ўзважваючы кожнае слова:
— І мне душу пячэ агнём. Думаеце, што ў мяне яна каменная? Мая ўнучка недзе ў лесе. Мой сын Рыгор таксама там. Але ж мы людзі. Няможна вось так, як вы, самасудам. Навошта грэх на душу браць? Ці вы хочаце быць на іх падобныя? Будзем яго судзіць, калі мужчыны вернуцца з лесу.
— А цяпер куды яго падзець? — усклікнула Параска.
— Цяпер пасадзім у яму. Ногі звяжам. Не ўцячэ.
Базыль з гонарам глядзеў на дзядулю. Вось які ён! Слухаюцца яго ў вёсцы. Сказаў свае слова — і супакоіліся. Яма адразу ж за іхнім агародам, на пагорку. Правільна сказаў дзядуля. Там самы раз Бурхану сядзець. Толькі ці пагодзяцца з дзядулем дзеўкі і жанчыны, ці адпусцяць Бурхана? Хоць і супакоіліся яны, але нядобра глядзяць на яго. Во, і Параска наперад лезе. Карціць ёй нешта сказаць.
— Дзед Піліп, і мы яго будзем судзіць? — запытала Параска.
— А як жа. Усёй вёскай будзем судзіць.
— Знайду. Усё роўна знайду, — наставіў рукі Бурхан, наступаючы на Параску.
— Ой! — піскнула яна і шуснула ў натоўп.
— Ён яшчэ і палохае нас! — з пагрозай крыкнуў хтосьці. Дзядуля схапіў Бурхана за плячо.
— Хіба не бачыце, што ён не ў сабе? Бярыце! Біце яго! На кавалкі рвіце!
Базыль убачыў, што наперад выйшла маці.
І праўда, ён не ў сабе, — усклікнула яна. — Нездарма сам сюды заявіўся. Вядзіце яго адгэтуль. Вочы б мае на яго не глядзелі.
Дзядуля кіўнуў галавою. Да Бурхана падышлі двое мужчын, узялі яго пад рукі і павялі. Дзядуля адышоўся ўбок.
— Ведаеш, чаму Бурхан сюды так пёрся? — запытаў у дзядулі Раман.
— Чаму?
— Ягоная душа сюды ляцела, і ён за ёю бег. У яго ж Бардун душу адабраў. Цяпер яна лятае, як ёй задумаецца. Яна можа напасці на нашых вояў. Задушыць іх.
— Не бойся. Не задушыць.
— Яна паляціць у іншае месца?
— Разам з Бурханам у яме будзе сядзець. Раман усміхнуўся, задаволены.
— Так, дзядуля. Пад зямлёю ёй месца.
Базыль стаяў і моўчкі разважаў. У Бурхана чорныя стрэлы. Ён у дуб пацэліў. Як відаць, заўжды па-ягонаму знаку нападаюць татары. Ён і дзядулю ў лесе гатовы быў жыўцом з'есці. Цяпер жа дзядуля заступіўся за яго. Чаму ж ён не помсціць татарыну?
— Дзядуля, — прагаварыў Базыль, — чаму ты пашкадаваў Бурхана? Чаму не адпомсціў яму?
Дзядуля некалькі хвілін маўчаў, а пасля нечакана прагаварыў:
— Мы, унучак, беларусы.
— Ну і што? — здзівіўся Базыль.
— Трэба ведаць наш характар, унучак.
— А што, у нас, у беларусаў, характар не такі, як у іншых народаў?
— Не такі, унучак. Адны народы па натуры гарачыя, другія зацятыя, некаторыя помслівыя. А мы помсту доўга не носім у сэрцы. Мы часта даруем сваім крыўдзіцелям.