46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 64

— Кажаш, што даруем. Вось гэтыя прыблуды тут. Па-твойму, і ім трэба дараваць? Чаму яны на нашай зямлі зло чыняць?

— Твая праўда, Базылёк. Не з дабром яны прыехалі. Таму нашым людзям прыходзіцца ваяваць, каб родную зямельку абараніць. Беларус здаўна лічыцца добрым воем. У баі ён нікому не саступіць — адважны, зацяты. Нездарма так хутка ворагі з нашай зямлі вымятаюцца. Быў у нас князь Міндоўг. У горадзе Навагрудку ён правіў. Аднаго разу татары, якія ўжо шмат чужых земляў захапілі, вырашылі на нашу зямлю ісці. Князь Міндоўг праведаў пра гэта, сабраў свае дружыны і сустрэў чужынцаў пад крэпасцю Крутагор'е. Ушчэнт іх там разбіў. Загінуў і сам хан Кайдан, які кіраваў гэтым паходам. З таго часу Крутагор'е сталі зваць Кайданавым пабоішчам — як напамінак ворагу, каб больш не лез сюды.

— Базыль! — неспадзявана каля самага вуха прарэзліва гукнуў Раман.

Базыль ад неспадзеўкі здрыгануўся, падняў галаву і ўбачыў, што з лесу выязджаюць коннікі. Уперадзе на сваім Гнядым скакаў бацька. У натоўпе зноў, як і тады, калі Бурхан залез на абрывісты бераг, загудзелі:

— Нашы! Нашы!

— Едуць!

— Можа, разбілі татараў?

— А ці хоць жывыя ўсе?

— Нашы!

Базыль углядваўся да болю ў вачах. Ці сядзіць на бацькавым кані Марыся? Здаецца, няма яе. Але, няма! Чаму ж няма? Няўжо татары паспелі ўцячы з лесу?

Коннікі імчалі да броду, які быў непадалёку адгэтуль, крыху вышэй. Бацькаў конь першым з разгону ўляцеў у раку. Нагнуў галаву, каб папіць вады, а бацька, як відаць, з усёй сілы тузануў за вобруць, бо конь падняў галаву і незадаволена замахаў ею.

Людзі сарваліся з месца і пабеглі насустрач коннікам. Базыль таксама пабег разам з усімі, стараючыся трымацца каля маці. Вяскоўцы беглі, штосьці крычалі. І Базыль крычаў разам з усімі, сам добра таго не ўсведамляючы, пакуль не ўбачыў бацьку. Маці, не дабегшы да бацькі колькі крокаў, працягнула рукі.

— Рыгор, дзе Марыся?

Акрамя бацькі і маці, Базыль нічога і нікога не бачыў. Ён глядзеў на іх, стараўся не прапусціць аніводнага слова.

— Рыгор, дзе Марыся?

Твар у бацькі стомлены, увесь у пырсках вады. На імгненне Базылю здалося, што гэта не пырскі, а слёзы.

— Не знайшлі мы Марысю.

— Чаму вы яе не знайшлі?

Бацька затуліў далонню твар і нічога не адказаў.

— Рыгор, — звярнуўся да яго дзядуля, — няўжо татары ў лесе сваіх слядоў не пакінулі?

— Не знайшлі мы ніякіх слядоў.

— Можа, гэтыя нечысці ўцяклі з нашага лесу?

— Не выпусцім.

— Рыгор, — прагаварыў дзядуля, — адзін нядаўна сам прыйшоў у нашы рукі.

— Хто?

— Татарын.

— Прыйшоў? Чаму?

— Ён не ў сабе. Мы яго ў яму пасадзілі.

— Я яго дапытаю! Усё раскажа! Я яго!.. — бацька тузануў каня за вобруць і паскакаў.

— Рыго-ор! — гукнуў наўздагон дзядуля. — Ён не ў сабе. Помні!

Людзі плакалі, галасілі. Базыль стаяў як аглушаны.

Бардун!

— Наробіць Рыгор бяды, — уздыхнуў дзядуля.

Маці глянула на яго і сказала:

— Не хачу я, каб ён грэх на сваю душу браў.

Дзядуля павярнуўся і хутка пайшоў у вёску. Маці павольна, як бы не хочучы, паплялася за ім. Базыль, ідучы ззаду, бачыў, як час ад часу ўздрыгваюць яе плечы.

— Божухна! А я спадзявалася! — вырвалася ў яе. Вядома, на што яна спадзявалася. Думала, што з лесу бацька вернецца з Марысяй. Ды не знайшоў ён ні яе, ні татараў.

— Ой, дзецятка-а! — зноў вырвалася ў маці.

— Мамачка, не бядуй, — прагаварыў Раман. — Татка абавязкова знойдзе, выратуе Марысю.

— Што ты разумееш? — толькі і сказала маці.

Вось і хата. На падворку стаіць Гняды. Галаву апусціў. Няўжо і ён сумуе? Можа, і так. Кажуць жа людзі, што коні добра адчуваюць, які настрой у гаспадара.

— Я каня ў хлеў завяду, — звярнулася маці да дзядулі.

— Вядзі,— сказаў ён. — Зараз гляну, што каля ямы робіцца.

— Дзядуля, і мы з табою пойдзем, — пачаў прасіцца Раман.

— Яшчэ вас там не хапала, — незычліва сказаў дзядуля і пайшоў праз агарод да ямы.

Базыль глядзеў яму ўслед. Дзядуля прайшоў цераз агарод, наблізіўся да купінкі хвайнячку. Хвайнячок густа расце перад самай ямай, затуляе пагорак. Калі б не гэтыя дрэвы, то і з падворка можна было б убачыць, што робіцца там.

— Братка, — паклікаў Раман. Базыль павярнуўся да яго.

— Чаго?

— Братка, наш татка не растрасе Бурхана?

Базыль прысеў на прызбу. Побач прымасціўся Раман.

— Дык не растрасе?