46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 67

— Пацярпі,— прагаварыў Базыль. — Перастане.

Але зуб не пераставаў. Напэўна, яшчэ болей разбалеўся, бо Раман пачаў бегаць па падворку. Бегае, топчацца, нідзе месца сабе не знойдзе, ойкае не сціхаючы.

Базыль сам скрывіўся, як ад зубнога болю. Што ж рабіць з братам? Зубны боль, як вядома, цяжка перанесці. Ад гэтага, кажуць, нават сабакі шалеюць.

— Раман, пацярпі,— папрасіў Базыль. — Зараз і мне стане кепска.

— Паглядзеў бы я, як ты цярпеў бы, калі б табе так зуб забалеў,— адказаў Раман.

Базыль толькі галавою паківаў. Дык што ж рабіць? А калі… Калі вырваць балючы зуб? Так, трэба яго вырваць. Вырасце новы, здаровы. Чым жа вырваць Раману зуб? Лёскай ад вуды? Лёска моцная, валасяная. Нядаўна з ім, з Раманам, ссукалі яе з конскага хваста.

— Раман, давай я табе зуб вырву, — прапанаваў Базыль. Раман адразу перастаў войкаць, вытрашчыў вочы:

— Як вырвеш?

— Вельмі проста. Прывяжу лёску да зуба, ірвану і…

— Не, не, не, — не даў дакончыць Раман. — Здаецца, зуб перастае балець.

Базыль аж усцешыўся.

— Сам перастае! Тады добра.

Раман крыху пастаяў, трымаючыся за шчаку, а пасля яшчэ мацней завойкаў.

Нават куры перапалохаліся, закудахталі.

Базыль развёў рукамі. Няма рады. Раман войкае, вішчыць, бы парася ў плоце. І не прыкрыкнеш на яго. Зуб яму баліць.

— Раман, ты казаў, што зуб перастае балець. Раман угукнуў.

— Дык чаго ты так выеш?

— Тады пераставаў, а цяпер зноў разбалеўся. Ой! Ой!

— Трэба рваць, — цвёрда сказаў Базыль.

— Не, не, — занекаў Раман.

— Я ведаю замову ад зубнога болю, — здагадаўся Базыль, як вылечыць Раманаў зуб. — Мяне мама навучыла. Пашапчу, пашапчу, і боль як рукою здыме.

— Не хлусіш? — не паверыў Раман.

— Хіба я табе хлусіў калі-небудзь?

— Скажы, як пачынаецца замова.

— Маладзік малады, у цябе рог залаты; у моры купаўся, нам спаказаўся, — прагаварыў Базыль. — Цяпер верыш?

— Можа, ты пачатак замовы ведаеш, а канец забыўся? Базыль плюнуў пад ногі. Каменнае цярпенне трэба мець, каб яму даказаць. Забыўся, забыўся… Не аднаму чалавеку ў вёсцы дапамагла замова ад зубнога болю. А ён выбрыквае. Напэўна, не верыць, што ён, Базыль, хоча замовай яму зуб вылечыць. Думае, што абманвае, што лёскай будзе рваць.

— У мяне памяць не курыная, — сказаў Базыль. — Слухай далей. Пытаў малады ў старога…

— Хопіць, хопіць, — перапыніў Раман. — Веру. Хутчэй шапчы мне замову на вуха, бо на сцяну палезу.

Базыль прыгнуўся і зашаптаў Раману ў самае вуха:

— Маладзік малады, у цябе рог залаты; у моры купаўся, нам спаказаўся. Пытаў малады ў старога: "Ці баляць зубы ў нежывога? Як у нежывога зубы не баляць, так і ў Рамана каб не балелі".

Базыль скончыў шаптаць, стаў глядзець на Рамана. Што ж будзе? Няўжо не дапаможа замова? Чаму ён маўчыць, як вады ў рот набраўшы? Няўжо не дапамагло?

— Перастаў? — не вытрываў, запытаў Базыль.

— Ой! Ой! Балі-іць!..

Вось табе і на! Раману нават замова не дапамагла. Іншым дапамагае, а яму не дапамагла. Нейкі не такі ён, як усе. Базыль крануў брата за плячо.

— Трэба рваць зуб.

— Чым?

— Лёскай.

— Лёскай?

— Трэба, бо на сцяну палезеш. Раман працадзіў праз зубы:

— Рві.

Крутнуўшыся на адной назе (што, калі Раман перадумае, адмовіцца рваць зуб?), Базыль ускочыў у хату, схапіў валасяную лёску, якая ляжала за печчу, і як мага назад. Сядзіць Раман на кукішках, войкае.

— Прынёс? — пытаецца.

— Прынёс. Адкрый рот, — сказаў Базыль.

— Страшна, — прызнаўся Раман. Базыль узяў яго за плячо.

— Адкрый рот!

Раман разявіў рот, высунуў язык.

— Язык схавай, бо прывяжу лёскай і адарву, — узлаваўся Базыль.

Раман хуценька схаваў язык, шырэй разявіў рот. А Базыль, каб было зручней, стаў на калені і зірнуў яму ў рот. Уверсе балючы зуб. Пачарнеў увесь.

— Бачыш, дзе той зуб? — запытаў Раман.

— Бачу. — Базыль зрабіў на канцы лёскі пяцельку, накінуў яе на балючы Раманаў зуб, зацягнуў.