46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 68

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 68

— Не магу-у!.. Ой! Ой! — завойкаў Раман.

— Цярпі. Гэта толькі пачатак, — папярэдзіў яго Базыль.

— Не магу цярпець. Не магу-у…

Базыль, не зважаючы на крыкі брата, устаў, адну нагу паставіў наперад, упёрся ў зямлю.

— Раман, трымайся. Буду рваць. Раман ухапіўся рукамі за лёску.

— Не, не, не…

У Базыля і рукі апусціліся. Не дае брат рваць балючы зуб. Мабыць, да самай ночы будзе енчыць. Можа, пакаціць яго, звязаць і сілком вырваць той пракляты зуб?

— Раман, што мне з табою зрабіць? — у роспачы прагаварыў Базыль.

— Прывяжы мяне ву-унь за тую ліпку, — Раман тыцнуў пальцам, паказаўшы на маладую ліпку, якая расла пры вуліцы. — Я сам ірвануся, і зуб выскачыць. Так будзе лепей.

— Добра, — узрадаваўся Базыль.

Ён узяў лёску і павёў брата, нібы цяля на павадку. Раман, выцягнуўшы па-гусінаму шыю, дэбаў за ім, ні на крок не адставаў, нават перастаў войкаць. Базыль падвёў яго да ліпкі, абкруціў лёску вакол стволіка, завязаў яе на некалькі вузельчыкаў, паспрабаваў, ці моцна трымаецца.

— Давай. Бяжы, — сказаў брату.

— Бегчы? — прагаварыў Раман. А сам стаіць, угнуўшы галаву ў плечы, пальцам босай нагі пясок калупае.

— Бяжы.

— Можа, не трэба?

— Баішся? Ты ж мужчына, — стаў сароміць Рамана Базыль.

— Я яшчэ маленькі. А можа, сам сабою перастане? Базыля па-сапраўднаму разабрала злосць. Што ж гэта дзеецца? Нядаўна сам прасіў, каб прывязаў яго да ліпкі, а цяпер дурня строіць.

— Зараз перастане, — сказаў Базыль і, вырваўшы крапіву-пякучку, падышоў да Рамана. А Раман як заенчыць:

— Не бі! Не трэба-а!..

— Пабяжыш ці не пабяжыш?

— Не ведаю. Братка, не ведаю!

— Не ведаеш? — Базыль замахнуўся крапівою, хацеў Раману па пятах сцебануць, а ён як падскочыць!

— Ой-ё-ёй!

— Пабяжыш ці не пабяжыш?

— Ну і ну! — неспадзявана пачулася ззаду.

— Вядзьмак! — на ўсю сілу крыкнуў Раман.

Так, на агародзе стаяў Бардун і пазіраў на іх. Краёчкам вока Базыль паспеў заўважыць, як, ірвануўшыся, даў лататы Раман. Ці вырваў ён зуб, не ўбачыў.

Амаль нічога не цямячы, Базыль схапіў камень і шпурнуў яго ў Бардуна. Бардун, павярнуўшыся, пабег да ямы. Базыль стаяў і часта-часта дыхаў.

— Братка, я ўсё-ткі вырваў зуб, — тузануў яго за рукаў Раман. — Глянь, які чорны.

Сапраўды, зуб вісеў на валасянай лёсцы, прывязанай да стволіка ліпкі. Базыль не ведаў, радавацца яму ці бедаваць. Вырваў Раман балючы зуб, болей не будзе ойкаць, але няма радасці: Бардун усё яшчэ ў вёсцы. Нядаўна Бурхана з ямы вызваліў, а цяпер на іхні падворак ішоў. Чаго ж ён тут круціцца?

— Братка, — зноў прамовіў Раман, — Бардун дапамог мне вырваць балючы зуб. Калі б не ён, то танцаваў бы я каля ліпкі.

Нечаканая сустрэча

Базылю ўсё не верылася, што Бардун спалохаўся, уцёк. Не думаў ён кідаць у яго каменем. Неяк само па сабе выйшла. Ці не таму, што ратаваўся як мог? Цікава: дзе ж цяпер вядзьмак? Пэўна, у лес пабег. Няма як яму заставацца ў вёсцы. У лес пабег… У лес… Як відаць, ён ведае, дзе татары знаходзяцца. Ад яго ім не схавацца…

— Раман, — звярнуўся Базыль да брата, — ты дома пабудзь, а я ў лес пайду.

— Чаго цябе туды панясе?

— Я думаю, што Бардун у лес пабег. Ён пабаіцца заставацца ў вёсцы. Ведае, што мы мужчынам пра яго раскажам. Яны яму не даруюць за тое, што Бурхана вызваліў. Ён яшчэ не паспеў пераправіцца праз раку. Я даганю яго і назіркам за ім пайду. Бардун ведае, дзе знаходзяцца татары.

— Ну і што?

— Ён адразу пабяжыць туды, дзе яны хаваюцца. Яму захочацца праверыць, ці там яны. І я праведаю, дзе гэты атрад. Прывядзе ён мяне туды.

— Праведаеш і паведаміш нашым мужчынам-воям? — здагадаўся Раман.

— Вядома, паведамлю.

Раман нейкі час стаяў, адкрыўшы рот, а пасля ўсклікнуў:

— І я з табою пайду!

Такога Базыль ад яго не чакаў. Хоча разам у лес пайсці. Няўжо забыўся, як ад татараў уцякалі, як Бардун запыніў?

— Раман, калі зноў трапім у рукі Бардуна, то на гэты раз ён нас не выпусціць. Не спадзявайся.

— Не заўважыць ён нас. Мы пачакаем, пакуль цераз рэчку пераправіцца. А ў лесе… У лесе ад кусціка да кусціка будзем перабягаць. Ён нават не падумае, што мы за ім сочым.

Базыль тупнуў нагою:

— Дома заставайся! Раман апусціў галаву.

— І дзядуля ў лесе, і татка ў лесе. І ты пойдзеш у лес. Я без цябе тут сабе месца не знайду.

Базыль уздыхнуў. Не, не пераканаеш яго, нічога яму не дакажаш. Болей няма як марудзіць. Бардун зараз праз раку пераправіцца, схаваецца ў лесе. Там яго не знойдзеш.

Базыль махнуў рукою.

— Ну, як хочаш. Толькі каб пасля не наракаў на мяне.