46408.fb2
Базыль, захіліўшыся рукою ад сонца, пачаў углядацца ўперад і ледзь стрымаўся, каб не ўсклікнуць: па балоце прабіраўся да ракі Бардун.
— Вунь ён! Вунь! Бачыш? — тыцнуў пальцам Раман.
— У лес ідзе, — сказаў Базыль. — А ты мне не верыў. Яны збеглі з пагорка і, расхінаючы рукамі аер, пайшлі па балоце. На ўскрайку балота Базыль стаў, пачаў уважліва аглядацца. Ні душы.
— Няма Бардуна? — падаў голас Раман.
— Няма.
— Братка, ён на той бераг пераплыў. Ён да лесу па лазе прабіраецца.
Так, на тым беразе лазняк, які выводзіць у самы лес. Правільна разважае Раман. Па лазняку прабіраецца Бардун да лесу. Не хоча, каб з вёскі яго заўважылі. Што ж, няхай прабіраецца па лазняку. Усё роўна яго можна апярэдзіць. У лазняку шмат сцяжынак пратаптана. Ён, Базыль, ведае, якая з іх хутчэй прывядзе да лесу.
— Базыль, мы знойдзем Бардуна? — прагаварыў Раман. Базыль павярнуўся да яго.
— Ідзі дамоў. Яшчэ не позна.
— Не. Я з табою.
— Не адставай, калі са мною, — прамовіў Базыль і выбег на бераг.
Яны ўскочылі ў човен, які стаяў з краю. Базыль узяў у рукі вясло, адштурхнуўся. Човен паплыў, разразаючы носам ваду.
— Братка, дзе той човен, у якім Бардун пераплыў? — запытаў Раман.
Базыль, вяслуючы, глядзеў на бераг, парослы асакой. Там цяжка схаваць човен. А непадалёку, калі падняцца па рацэ ўверх, ёсць старыца — даўняе рэчышча ракі. Старыца зарасла не толькі асакой, але і чаротам. У чароце, пад навіслай над вадою лазой, можна не адзін гэткі човен схаваць. Можа, Бардун дзесьці там затаіўся, пазірае на іх? Во ўзрадуецца, калі зловіць у кустах!
Човен уткнуўся носам у бераг. Базыль, трымаючы напагатове вясло (гэтым ён вырашыў бараніцца), стаяў, прыслухоўваючыся.
— Няма Бардуна. Ён у лес прабіраецца, — падаў голас Раман. — Калі б быў тут, то выскачыў бы.
— Няма. Прабіраецца, — з палёгкай уздыхнуў Базыль. Яны вылезлі з чоўна і па знаёмай сцяжынцы неўзабаве выйшлі на лясны ўскраек.
— Што цяпер будзем рабіць? — запытаў Раман.
— Хавайся за куст. Зараз Бардун з лазы вылезе. Я думаю, што мы яго апярэдзілі,— сказаў Базыль.
Яны схаваліся за куст, прыселі. А Бардуна ўсё няма і няма, не паказваецца з лазы.
— Братка, дзе ж Бардун? — запытаў Раман.
Базыль устаў. Так, цяпер вядома, дзе вядзьмак. Ужо ў лесе ён. Не ўдалося яго апярэдзіць. У лесе яго не знойдзеш. Лягчэй іголку ў стозе сена знайсці.
— Братка, пойдзем дамоў? — прамовіў Раман.
Назад… Дамоў… Уцёк вядзьмак. Пойдзе туды, дзе хаваюцца татары. Туды пойдзе… А пасля? Пасля ён вернецца ў сваю хаціну. У хаціну… Яна ж знаходзіцца непадалёку ад таго возера, па якім яны на чоўне ехалі, ратуючыся ад татараў. Ёсць выйсце. Не так шмат азёраў у лесе. Бардунову хаціну будзе няцяжка знайсці, калі ад возера да яе кіравацца.
— Базыль, чаго стаіш? Пойдзем дамоў? — напомніў Раман.
— Не. Нам трэба нашых вояў убачыць. Мы дапаможам ім знайсці Бардунову Хаціну. Яны запытаюць у яго, дзе знаходзяцца татары.
— Так ён ім і скажа.
— Скажа, калі прыціснуць. Бацька з ім не будзе тары-бары разводзіць. Яму трэба Марысю выратаваць.
— Ты ведаеш, дзе нашы мужчыны-воі? Як мы іх убачым?
— Убачым. Думаю, што яны па ўсім лесе рассыпаліся.
— То давай пагукаем. Пачуюць — самі сюды прыскачуць.
— А калі Бардун пачуе? Ён адразу пазнае, што мы гукаем. З ім, сам ведаеш, жартачкі кепскія.
— Кепскія, — кіўнуў галавою Раман.
— Хадзем, — сказаў Базыль. — Павінна ж нам пашчасціць.
Яны пацягнуліся ў глыб лесу.
— Базыль, вось каб цяпер знянацку выскачыў Бардун у мядзведжай шкуры, што б ты зрабіў? — парушыў маўчанне Раман.
Базыль зірнуў на яго. Адно з двух было б, калі б такое здарылася: альбо са страху здранцвелі, альбо наўцёкі прыпусціліся.
— Базыль, дзядуля нам казаў, што прародзічам беларусаў быў мядзведзь. Памятаеш? — зноў прагаварыў Раман.
— Чаму ж не, — азваўся Базыль. — Мне дзядуля расказваў, як мядзведзь аднаго мужчыну ад смерці выратаваў, калі той вечарам на рэчцы рыбу лавіў.
— Раскажы.
— Пасля раскажу.
— Цяпер раскажы.
— Ну, слухай. Сядзеў адзін мужчына на беразе, рыбу лавіў. Чамусьці ў той вечар не вельмі добра клявала. Ён прылёг на бок і заснуў. Раптам праз сон чуе, што быццам песні спяваюць. Расплюшчыў вочы і бачыць: вакол яго дзяўчаты, адна адной прыгажэй, карагод водзяць.
— Гэта былі русалкі? — не стрываў, перапыніў брата Раман.
— Русалкі. Той мужчына таксама змікіціў, што гэта за дзяўчаты. Зразумеў, што бяда побач. Падхапіўся, каб уцячы, а яны шчыльным колам стаяць, не пускаюць, песню пяюць. Ды так, што аж за сэрца бярэ. Заслухаўся мужчына, стаіць, рот разявіўшы. Русалкі зайшлі ў ваду, за сабою яго клічуць.
— Няўжо ён пайшоў за імі? — усклікнуў Раман.
— Пайшоў, як мы з табою ішлі па Бардуновым загадзе. Зачаравалі яны яго. Усё далей, далей ідуць у раку. І ён за імі брыдзе. Яны ўсміхаюцца яму, спяваюць. Вада ўжо да плячэй даходзіць. Ён не заўважае, вось-вось з галавою схаваецца. Раптам аднекуль вылез мядзведзь ды як зараве! Русалкі перапалохаліся, з піскам зніклі пад вадой, а мужчына, апамятаўшыся, вылез на бераг і пабег дамоў. Каб не мядзведзь, то ўтапіўся б, зацягнулі б яго русалкі пад ваду. Выратаваў мядзведзь таго мужчыну, пашкадаваў.
— Цікава, — сказаў Раман.
— Мядз… — пачаў Базыль, ды замоўк, як язык праглынуў: ён пачуў, як уперадзе, за густым арэшнікам, нешта трэснула, быццам хтосьці неасцярожна наступіў на сухую галінку.