46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

— Калі пойдзем назад, то вернемся на возера. Здаецца, лагічна ён разважае. Ад возера мы беглі. Можа, вярнуцца? Можа, Анту чакае нас каля возера?

— Хлопчыкі, невядома, ці трапім на возера. Мы ж не адну вуліцу прабеглі. Невядома, куды гэтая вядзе, — сказала Алеся.

І ў яе разважанні ёсць логіка. На возера, як помніцца, мы ішлі па прыгожай, шырокай вуліцы. А гэтая вузкая. І людзей не відаць. Мабыць, зноў пахаваліся. Каму ж хочацца сваім жыццём рызыкаваць? Тут трэба хадзіць з важкім кіем.

— Усё-ткі трэба ісці назад, — парушыў маўчанне Максім. Разумнік знайшоўся! То ўперад, то назад. Прывык, каб заўжды было па-ягонаму. Не выйдзе. Насуперак зраблю.

— Трэба ісці ўперад, — сказаў я і патэпаў, засунуўшы рукі ў кішэні.

А на душы неспакойна. Чужы горад, чужая вуліца, чужыя дамы. Што, калі раптам вампір Траука выскачыць?

Я азірнуўся, каб паглядзець, дзе Алеся і Максім. Валакуцца за мною. Відаць, і ім страшна. Траука… Чаму ж ён зноў на вуліцы? Анту казаў, што злавілі. І Санча пацвердзіў.

Я стаў, пачакаў Максіма і Алесю.

— Антось, — звярнулася да мяне Алеся, — што ты думаеш пра Санча?

— Санча — герой! — узняўшы ўверх руку, прагаварыў я. Максім хмыкнуў:

— За чужымі плячыма герой.

— Чаму за чужымі? Ён вампіра лавіў. Хіба ты не чуў, як Санча расказваў?

— У гэтага Санча язык, як малатарня… Злавілі… Калі б злавілі, то на жанчыну не напаў бы, — сказаў Максім.

Вуліца павярнула ўлева, і мы апынуліся ў двары, дзе квадратам стаялі трохпавярховыя дамы. Вокны, дзверы ў дамах павыбіваныя, дзе-нідзе забітыя дошкамі. Выходзіць, вуліца вяла да гэтых дамоў. Прыйшлі, называецца.

— Чаму дамы разбураныя? Хіба тут ваявалі? — усклікнуў я.

Алеся падняла кавалак аконнай рамы, кінула да сцяны.

— Думаюць рабіць рамонт. Відаць, яна адгадала. І ў нас таксама, бывае, думаюць, збіраюцца, пакуль дом не разбурыцца.

Максім, выглянуўшы з-за рога дома, усклікнуў:

— Э-э…

Што з ім? Экае, быццам костка ў горле засела… а на вуліцы бокам да нас стаяў вампір Траука. Я адразу скумекаў, што гэта менавіта ён: маленькі, крываногі, вочы пукатыя, губы тоўстыя, ніжняя адвісла, як у старога каня, рукі аж да кален.

— Траука? — дыхнула мне ў самае вуха Алеся.

— Ыгы, — адказаў я.

— Хаваймася, хлопчыкі.

Алеся павярнулася і пабегла з усіх ног. Я думаў, што пабяжыць у дом (там шмат пакояў, у любым можна схавацца), а яна чамусьці палезла ў сутарэнне, якое было пад домам. Мы з Максімам, вядома ж, таксама палезлі за ёю.

У паўзмрочным сутарэнні параскідана паламаная мэбля. Мы зашыліся ў самы цёмны кут, прыселі за драўляны ложак, у якім было толькі дзве ножкі.

З двара ў сутарэнне пранікалі промні сонца, у якіх круціліся, скакалі пылінкі, як бы даганяючы адна адну.

Мы баяліся паварушыцца. Не чакалі гэткай сустрэчы. Траука быццам па нашых слядах ішоў. Дзе ж ён цяпер? Што будзе, калі суне свой нос у гэтае сутарэнне? Ён і на дарослых нападае. А мы, дзеці, для яго добры ласуначак. Эх, каб дамоў цяпер! Што там мама робіць? Мабыць, па магазінах бегае. Казала, што трэба купіць тату падарунак на дзень нараджэння. І мяне папрасіла, каб з Лацінскай Амерыкі прывёз які-небудзь сувенір. Вядома, тут ёсць што выбраць. Але як нам з сутарэння вырвацца?

— Хлопчыкі…— пачала Алеся.

— Тс-с… — прыклаў палец да вуснаў Максім.

Там, на двары, нешта грукнула, і неўзабаве нехта затупацеў па прыступках, спускаючыся ў сутарэнне.

— Траука? — прамовіла Алеся і прыціснулася да мяне. Яе плечукі часта-часта дрыгацелі.

Спрэчка перарастае ў бойку

Алеся не памылілася. У сутарэнне ўвайшоў Траука, а за ім прасунуўся нейкі мужчына, яшчэ страшнейшы за вампіра. Вочы вялізныя, чырвоныя, нос тоўсты, як груша. Ад носа да падбародка цягнуцца, нібы бакенбарды, дзве чырвоныя лініі.

Хто ж гэты другі? Няўжо яшчэ адзін Траука? А можа, ён у індзейскай масцы? Так, у масцы. Калі мы толькі прыехалі ў Лацінскую Амерыку, то нас вадзілі ў музей старажытнага індзейскага побыту. Там былі падобныя маскі.

Чаму ж гэты адзеў маску? Каб Траука не ўкусіў за твар? Але ж ён можа ўкусіць за руку. Відаць, не хоча, каб бачылі ягоны твар. Дык хто ж ён? Напэўна, бандыт. Шанцуе нам. Не толькі з вампірам, але і з бандытам сустрэліся. Праўда, і Траука сапраўдны бандыт. Чаму ж яны разам? Добра, што мы ў цёмны кут схаваліся. Добра? А калі яны ведаюць, што мы ў сутарэнні?

— Эй, ты, — звярнуўся да Траука Страхалюд, як назваў я пра сябе чалавека ў масцы. — Сядай.

Траука сеў на крэсла, якое ляжала бокам. Страхалюд прысеў воддаль. Усё-ткі баіцца Траука, не давярае яму. Чаму ж разам спрагліся?

— Не стаміўся? — запытаў Страхалюд.

— Не, мяне ногі добра носяць, — пахваліўся Траука. Страхалюд ляпнуў рукою па калене.

— Яны ў цябе як у сабакі.

Голас знаёмы. Здаецца, недзе нядаўна чуў яго. Дзе ж?

— Ты чаму маску адзеў, калі ў скляпенне спускаліся? — прамовіў Траука.

— Мне трэба было яшчэ і жалезныя пальчаткі надзець. Шкада, што няма іх у мяне.

Усё-ткі знаёмы голас. Падобны на голас… Санча?

— Чаго маўчыш? Заняло? — запытаў страхалюд. Траука паплямкаў тоўстымі губамі і сказаў:

— Не даспадобы я табе?

— Табе толькі ў конкурсе прыгажосці выступаць, — зарагатаў страхалюд, выняў з кішэні апельсін і кінуў Траука.

Той злавіў яго, абгрыз шкуру зубамі, каўтнуў, пэўна, не пражаваўшы, плямкнуў губамі.

— Яшчэ хачу.

— І-і-і…— тоненька піскнула Алеся.

— Нехта пішчыць, — усхапіўся Траука.