46408.fb2
— Чуў, як трэснула? — прамовіў Раман. — Тут Бардун. Ён на галіну наступіў. Уцякайма. Базыль хацеў павярнуцца і кінуцца наўцёкі, ды з-за кустоў выйшла… Марыся.
Базыль стаяў і вачам сваім не верыў. Адкуль яна з'явілася? Няўжо адпусцілі яе татары?
— Базыль! — крыкнула Марыся і кінулася да яго. Базыль абняў яе, прытуліў да сябе.
— Базыль! Базыль! — уголас заплакала сястрычка.
— Цішэй ты, — папрасіў яе Базыль. — Татары пачуюць. Марыся адразу перастала плакаць. Неяк зусім па-даросламу глянула на яго.
— Думаеш, што пачуюць?
— Пачуюць. Не трэба плакаць.
Раман, узяўшы Марысю за руку, пагладзіў.
— Марыся! Ты-ы? Яна зноў у слёзы.
— Раман! Раман!
— Марыся, мы цябе бачылі. Цябе Джавад вёў на вяроўцы, — сказаў Раман.
— Як жа ты адстала ад нас? — усклікнуў Базыль.
— Я… Я бегла за вамі і ўпала. Татары мяне злавілі,— усхліпнула Марыся.
Базыль падвёў яе да вываратня, пасадзіў.
— Цябе татка шукае. З ім нашы мужчыны. Дзядуля таксама пайшоў у лес.
— Дзядуля мяне нядаўна вызваліў,— паціху прамовіла Марыся.
— Як? — вырвалася ў Базыля. А Марыся запытала:
— Дзе мама?
— Яна за вёскай, на беразе стаіць. Зачакалася цябе. Вось узрадуецца, калі ўбачыць! — усклікнуў Раман.
Марыся апусціла галаву.
— Я да яе хачу.
Базыль пераступіў з нагі на нагу. Вядома, Марыся рвецца дамоў. Ды няхай крыху адпачне. Натамілася, бедная. Маці, калі яе ўбачыць, канешне, будзе на сёмым небе ад радасці. Нарэшце ўсміхнецца. А ці ўсміхнецца? Бацька ж у лесе. І дзядулі няма. Марыся казала, што дзядуля яе вызваліў. Дзе ж ён? Можа, загінуў у бойцы з татарамі?
Базыль прысеў на кукішкі насупраць сястры.
— Марыся, цябе дзядуля вызваліў?
— Дзядуля… Татары ехалі на конях… Джавад мяне вёў на вяроўцы… Дзядуля зверху, з хваіны, як скочыць на Джавада! Джавад зваліўся з каня, кінуў вяроўку. Дзядуля крыкнуў мне, каб уцякала. Я і шмыгнула ў ельнічак. Я бегла… Я ішла… Думала, што дамоў не траплю…
Дык вось яно што! Усё-ткі падпільнаваў дзядуля татараў. На Джавада скочыў. Мабыць, пацямнела ў Джавада ўваччу. А што ж з дзядулем? Няўжо забілі яго татары?
Базыль адчуў, што да горла падступіў даўкі камяк. Вось-вось слёзы пырснуць з вачэй.
— Марыся, хадзем дамоў,— сказаў ён. Марыся хуценька ўсхапілася.
— Хадзем.
Цяпер Базыль не адпускаў Марысю, трымаў за руку. Яму здавалася: адпусці яе руку — і згіне яна, растворыцца, нібы ў тумане.
— Братка, — падаў голас Раман, — а наш дзядуля жывы? Як ты думаеш?
Базыль ледзь чутна прагаварыў:
— Думаю, што жывы.
— Яго татары ў палон узялі?
— У палон.
— Яны яго зноў прывяжуць да дрэва?
— Не, ён уцячэ ад іх.
Калі шчыра сказаць, то ён, Базыль, не верыў, што дзядулю ўдасца ўцячы ад татараў. Чаму сказаў Раману, што ўцячэ? Трэба ж нешта казаць, раз пытаецца брат. А вось Марыся нават голасу не падае. Відаць, страх яе гняце. Малайчына, што не разгубілася, калі дзядуля ёй крыкнуў, каб уцякала. На Джавада дзядуля скочыў. Што ж падумаў Джавад, калі дайшоў да сябе? Па ягоным загадзе дзядулю прывязалі да хваіны. Думалі, што загіне. А дзядуля жывы. Джаваду, мусіць, здалося, што з таго свету ён з'явіўся. Надоўга яму гэтыя дзянькі запомняцца.
Яны моўчкі ішлі па лёсе. Раптам здалёк данесліся прыглушаныя галасы.
Базыль стаў.
— Чуеце? — звярнуўся ён да Рамана і Марысі.
— Нехта сюды прабіраецца, — прамовіў Раман.
— Гэта татары, — прагаварыла Марыся.
— Хавайцеся, — сказаў Базыль і лёг за куст.
— Едуць нечысці,— не вытрываў Раман.
— Ляжы і носа не высоўвай, — папярэдзіў яго Базыль. Ён глянуў на Марысю. Ляжыць, не варушыцца, нібы застыла. Што ж, бядою навучаная.
— Братка, трэба ўцякаць, — заварушыўся Раман, Вядома, лепей было б уцячы. Але ж трэба праверыць, куды накіроўваюцца татары. Пасля можна следам за імі пайсці. Зараз яны з'явяцца. Зараз… Напэўна, Джавад пакажацца першым.
Базыль на гэты раз не адгадаў. З гушчару выехаў… Бурхан. У сядле сядзіць, як уліты. За спінаю вісіць лук, збоку — калчан са стрэламі. "Ён зноў з татарамі, зноў да іх прыбіўся, — здагадаўся Базыль. — Няўжо Бардун злітаваўся над ім, свой нагавор з яго зняў, душу яму вярнуў?"
Бурхан махнуў рукою. Неўзабаве паказаўся Джавад. За канём, на якім ён сядзеў, ішоў дзядуля. Рукі ў яго былі звязаныя. За дзядулем ехалі іншыя татары.