46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 71

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 71

Базыль глядзеў на дзядулю. Жывы ён. Жывы… Можна выратаваць яго, калі пайсці за татарамі. Недзе ж спыняцца яны на ноч. Калі заснуць, то можна падкрасціся да дзядулі і развязаць яму рукі.

Джавад, азірнуўшыся, звярнуўся да дзядулі:

— Ідзеш?

— Іду. Чаго яшчэ табе трэба? — агрызнуўся дзядуля.

— Нам трэба сайтана знайсці. Сайтан нас з лесу выведзе.

— Канешне, выведзе, — заківаў галавою Бурхан. — Усе патаемныя сцежкі яму вядомыя. Ён сапраўдны шайтан. Душу ў мяне адабраў… З-за яго мяне ў яму пасадзілі.

— І ён жа дапамог табе з ямы вылезці,— сказаў дзядуля.

— Ён. Я спярша не хацеў вылазіць, спярша ўпарціўся. Душа ў яме заставалася. Дык ён мне душу вярнуў. Хацеў, каб я яму служыў. Дурня сабе знайшоў! Уцёк я ад яго. Хутка сустрэнемся з ім. У яго вочы страшныя. Мы яму вочы завяжам, каб…

— Воцы? — перапыніў яго Джавад. — Воцы не будзем завязваць. Мы яму язык адрэзам. Каб свае ліхія словы не саптаў. Няхай будуць у яго воцы. Без вацэй ён не выведзе нас адгэтуль.

Базыль уважліва прыслухоўваўся да гаворкі. Цяпер зразумела, куды едуць татары. Спадзяюцца, што Бардун дапаможа ім выратавацца, вырвацца з лесу.

Атрад татараў схаваўся ў лесе.

— Жывы наш дзядуля! — прагаварыла Марыся. Базыль глянуў на брата.

— Без мяне дамоў дабярэцеся?

— Вядома, дабярэмся. Адгэтуль не так далёка да вёскі. А ты куды пойдзеш?

— Я за імі пайду.

— І мы з Марысяй пойдзем з табою.

— Не. Марысю вядзі дамоў. Калі ўбачыце нашых мужчын, то ўсё ім раскажаце.

— Мужчыны татараў дзесьці ў глыбіні лесу шукаюць, а яны з самага краёчку хаваюцца, — усклікнуў Раман.

— І пра гэта скажаш. Зразумела?

— Братка, не хадзі за імі. Схопяць яны цябе. Пабачыш, — завёў Раман.

Базыль павярнуўся і пабег. Татараў ён дагнаў праз некалькі хвілін. Яны ехалі павольна. Часта станавіліся, прыслухоўваліся. Тады і Базыль падаў на зямлю, ляжаў, выцягнуўшыся, затаіўшы дыханне.

Нарэшце ён убачыў знаёмы хвойнік, за якім была Бардунова хаціна. Татары сталі. Да Джавада пад'ехаў Бурхан, нешта залапатаў на татарскай мове. Джавад, выслухаўшы яго, кіўнуў галавою.

Базыль думаў, што татары спешацца, абкружаць хаціну, каб не выпусціць з рук Бардуна. А яны паскакалі, не хаваючыся. Джавад гнаў перад сабою дзядулю.

Базыль крыху пачакаў і, калі яны схаваліся, узбег на пагорак. Конны атрад ужо стаяў каля хаціны. На прызбе сядзеў Бардун і, прыжмурыўшыся, пазіраў на сваіх госцейкаў.

З таго свету?

Татары пазлазілі з коней, абступілі Бардуна. Бардун звярнуўся да дзядулі, нібы не заўважаючы, што вакол яго татары:

— Ну, што? Дачакаўся?

— Чаго ж я дачакаўся? — запытаў дзядуля. Бардун усміхнуўся:

— Зараз цябе, як і ўнучку, на вяроўку пасадзяць.

— Мая ўнучка ўцякла ад іх. Не ведаеш?

— Ведаю, — адказаў Бардун.

"Як ён праведаў, што Марыся ўцякла? — падумаў Базыль. — Напэўна, сачыў за татарамі, бачыў, як дзядуля з яліны на Джавада скочыў. А татараў зусім не баіцца. Відаць, спадзяецца, што Бурхан заступіцца за яго".

— Бардун, ты радуешся? — сказаў дзядуля. Бардун устаў з прызбы:

— А ты як думаеш? Дзядуля з дакорам прагаварыў:

— Эх, ты! Думаеш, што прыяцеляў сустрэў? Яшчэ невядома, што ты сёння ад іх пачуеш.

Бардун, сцяўшы кулакі, падступіў да дзядулі.

— Я… Я іх на вёску напушчу! Я пакажу ім, дзе брод! Яны даўно збіраюцца напасці на вёску, на Нараставічы!

Базыль ледзь стрымаўся, каб не ўсклікнуць. Вось чаго дамагаецца вядзьмак! Калі татары ноччу нападуць на вёску, то быць бядзе. Амаль усе воі-мужчыны ў лесе. Хто ж абароніць старых, жанчын, дзяцей? Загінуць яны. Добра ведае гэта Бардун. Усё ён вынюхаў у вёсцы. І Бурхана нездарма выпусціў з ямы. Мабыць, хацеў, каб той звёў яго з татарамі. Таму і душу яму вярнуў. Ды Бурхан уцёк ад яго.

— Бардун, — зноў сказаў дзядуля, — лютая злосць твае вочы засціць. Самы страшны грэх бярэш на сваю душу. Людзі цябе навек праклянуць, а багі пакараюць, як пакаралі таго, хто каля нашых паселішчаў у выглядзе бусла ходзіць.

Базыль адразу успомніў, як старэйшыя расказвалі, што калісьці бусел быў чалавекам, які парушыў законы супольнага жыцця. Нялюдскі быў ён. Гультай несусветны. Аднавяскоўцы ідуць талакой касіць сена — ён у кусты схаваецца, у цяньку вылежваецца. Пасля з чужых борцяў стаў мёд красці. Не раз яго лавілі, ушчувалі, пагражалі. З яго ж як з гусі вада. А аднаго дня, раскапаўшы курган, які даўным-даўно, з незапамятных часоў, нашы родзічы насыпалі, са старажытных пахаванняў выграб посуд, зброю і забраў сабе. Узбурыліся людзі, выгналі яго з паселішча. Адправіўся ён у чужыя землі, туды, дзе жылі заклятыя ворагі беларусаў. Падгаварыў, прывёў іх на родную зямлю, у роднае паселішча. Шмат народу ворагі пабілі, коньмі патапталі. І даўніх язычніцкіх бажкоў яны не шкадавалі, на кавалкі секлі. Той мужчына таксама здзекаваўся з бажкоў: сек, разбіваў, паліў іх. Людзі, якія ўцалелі, схаваўшыся ў лясах, у балотах, звярнуліся з просьбай-заклінаннем да багоў: "Пакарайце яго". Паслухаліся багі людзей, пакаралі яго, перавярнуўшы ў бусла, на варце хатаў паставілі, каб паселішчы людскія пільнаваў. З таго часу дбайна пільнуе, клякоча, просіць, каб даравалі яму.

— Я не баюся праклёнаў,— ашчэрыўся Бардун. — Я і сам каго хочаш пракляну. Дый не я павяду іх у вёску.

— Хто ж павядзе? — запытаў дзядуля. Бардун пальцам паказаў на Бурхана.

— Ён павядзе. Я раней у яго душу адабраў. Ён за сваёю душою аж у Нараставічы зайшоў. Я яго з ямы выцягнуў, я яму скажу, дзе брод. Я адразу хацеў сказаць, а ён пабег, уцёк ад мяне. Я ведаў, што ён знойдзе сваіх. Ведаў, што яны сюды прыедуць. Я іх чакаў. Яны ў мяне нічога не возьмуць. У голага нават кашулі не возьмеш. А ў вёсцы ім будзе чым пажывіцца.

— Нам не трэба ў вёску, — прамовіў Джавад.

— Куды ж вам трэба? — запытаў у яго Бардун.

— Нам трэба вырвацца з гэтага лесу, — выступіў наперад Бурхан. — Ты ж нас на пагібель пасылаеш.

— Дурні! — неспадзявана вылаяўся Бардун.

— Шайтан! — прамовіў Бурхан.

— Я ў цябе душу адабраў, а пасля аддаў. Зараз зноў забяру. Ніколі яна да цябе не вернецца, — з пагрозай прагаварыў Бардун.

— У-у-у, шайтан! — агрызнуўся Бурхан і ступіў убок.

— Мы сайтана зараз бізуном спаласуем, — крыкнуў Джавад.