46408.fb2
Базыля затрасло. Ён не стрываў і заплакаў. Неспадзявана нечая рука лягла на ягонае плячо. Ён ірвануўся. Што за ліха? Бардун стаіць каля яго. Усё-ткі знайшоў, дагнаў, на той свет за сабою пацягне.
— Патануў татарын? — прагаварыў Бардун.
— Патануў. А вас татары ў хаціне спалілі! Чаму вы тут? — праз плач прамовіў Базыль.
— Не, мяне не спалілі. Я жывы. Я ўцёк з хаціны. Кхе-кхе-кхе…
— Як уцяклі?
— З маёй хаціны ў лес вядзе падземны ход. Праз падземны ход я і вылез. Я цябе клікаў. Ты баяўся мяне?
Бардун кажа, што жывы. Кажа, што з хаціны выбраўся праз падземны ход. Няўжо гэта праўда?
— Жывы я. Жывы. Пакратай мяне, калі не верыш, — прагаварыў Бардун.
Базыль адхіснуўся.
— Вы… Вы мяне ненавідзіце… Вы майго дзядулю ненавідзіце.
— Маўчы! Не ўспамінай пра гэта, — спахмурнеў Бардун.
— Чаму?
— Не квялі маю душу. Ты бачыў, як мяне татары ў хаціну кінулі?
Свідруе вачыма вядзьмак. Як жа ўцячы ад яго? Не, не ўцячэш. Можа, адразу галавою ў балота, каб доўга не глуміўся?
— Дык бачыў ты?
— Бачыў.
— Холадна мне, — нечакана сказаў вядзьмак.
— Чаму? — шчыра здзівіўся Базыль.
— Холадна, бо адзінока. Холадна бывае не толькі тады, калі мароз прыціскае. Ты не ведаеш, як ад адзіноцтва вее холадам. Не ведаеш, дык запомні гэта. Запомніш?
— Запомню, — сказаў Базыль, каб толькі не маўчаць. Чаго ж дамагаецца ад яго вядзьмак? Чаму даганяў, чаму клікаў? Каб пагаварыць, каб скінуць з душы набалелае? Не адгадаеш, што ён задумаў.
— Кажаш, што запомніш?
— Запомню, — прамармытаў Базыль.
— Не бойся. Ты мяне не бойся, — два разы паўтарыў Бардун. — Я хацеў сказаць пра тых, хто ад людзей адарваўся. Цяжка ім. Калісьці і я адарваўся ад людзей, а сёння ледзь не загінуў.
— Вы можаце вярнуцца да людзей. Яшчэ не позна. Зло з душы выкіньце.
Базыль са страхам глядзеў на Бардуна і чакаў, што ён затупаціць нагамі, закрычыць, плюючыся, а вядзьмак неспадзявана сказаў:
— Вы з братам ехалі на маім чоўне?
— На якім? — не зразумеў Базыль.
— На тым, які на лясным возеры. Ну, можаш не казаць. Я і без цябе ведаю, што вы яго ўзялі. Ад татараў ратаваліся? Так?
— Так, — кіўнуў галавою Базыль.
— Мой човен вас выратаваў. Выходзіць, я вас выратаваў. Кхе-кхе-кхе… Ніколі не думаў, што Піліпавых унукаў буду ратаваць. Раіш мне да людзей вярнуцца. Ужо позна. Не змагу я вярнуцца да людзей. Ад сваёй зямлі я адарваўся.
— Чаго ж вы ад мяне хочаце?
— Хачу твайго дзядулю выратаваць. Хачу, каб ты пабачыў, як я яго выратую.
— Вы ж яго ненавідзіце! — усклікнуў Базыль. Бардун махнуў рукою, як бы паказваючы, што яму надакучыла весці такую гаворку.
— Татары мяне жывым хацелі спаліць. Я ведаю, дзе яны. Зараз паклічу вашых вояў-мужчын. Яны тут, непадалёку. Яны, вядома, убачылі, што нешта гарыць, і прымчаліся сюды. Татары таксама не лыкам шытыя. Ведалі, што вашы воі прыскачуць, што тут ці не ўсе збяруцца. А самі ў гэты час паспрабуюць з кола вырвацца. Ты не верыш, што я задумаў твайго дзядулю выратаваць?
Базыль адвёў вочы ўбок.
Бардун прыклаў далоні да рота трубкай і закрычаў:
— О-го-го!.. "Го-о-о… о-о-о…" — панеслася па лесе рэха. А ў адказ ні слова. Базыль не паверыў Бардуну. Хіба Бардун пашкадуе дзядулю? Базыль добра помніў, як аднаго разу дзядуля казаў: "Унучак, ніколі не вер ведзьмакам. Яны, як і чэрці, стараюцца добрага чалавека абмануць, у грэх увесці". Бардун стаіць, прыслухоўваецца. Базыль не сцярпеў, запытаў у Бардуна:
— Дзе ж нашы воі? Вы казалі, што яны блізка, тут.
— Зараз з'явяцца, — прагаварыў Бардун і зноў крыкнуў: — 0-го-го-о!..
Базыль падаўся ўперад, прыслухоўваючыся. Здаецца, тупат капытоў даносіцца. Няўжо коннікі скачуць? Можа, не коннікі, а чэрці? Лупяць па зямлі капытамі, спяшаючыся сюды. Звяла ж дарога з ведзьмаком…
Дарма Базыль хваляваўся, дарма наракаў на сваю долю.
На гэты раз Бардун не абмануў. З лесу вынесліся коннікі. Сярод іх быў і бацька.
— Татка! — крыкнуў Базыль і кінуўся да яго. Бацька саскочыў з каня.
— Базылёк, як ты сюды трапіў?
— Ён татарына ў балоце ўтапіў,— падаў голас Бардун. Бацька, нібы толькі што яго ўбачыўшы, здзіўлена прагаварыў:
— Бардун? Ты?
— Я! — з выклікам прамовіў вядзьмак.
— Гэта ты гукаў, нас клікаў? Анічога я не разумею. Базыль здагадаўся, чаму разгубіўся бацька. Ведае ён, што Бардун ненавідзіць іх усіх. І раптам так выйшла, што ён, Базыль, разам з Бардуном бацьку чакае.
— Зараз усё зразумееш, — ледзь прыкметна ўсміхнуўся Бардун. — Твой сын нядаўна татарына ўтапіў. Я казаў табе пра гэта, а ты між вушэй прапусціў.