46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 74

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 74

— Якога татарына? — усклікнуў бацька. Базыль вызваліўся з ягоных абдымкаў, сказаў:

— Бурхана.

У бацькі бровы прыўзняліся ўгору.

— Дык ён у яме сядзіць.

— Сядзеў,— прамовіў Бардун.

— Але, сядзеў,— пацвердзіў Базыль. — Цяпер яго там няма.

— Няўжо ён вылез з ямы?

Бардун з нейкім асаблівым гонарам сказаў:

— Я яго адтуль вызваліў.

Базыль заўважыў, як у бацькі сціснуліся кулакі. Ён з нянавісцю зірнуў на Бардуна:

— Каму ж ты служыш?

Бардун махнуў рукою, паказваючы на лес:

— Гэтаму лесу.

— Ад тваёй службы лес на корані засохне.

— Татка, не трэба сварыцца, — папрасіў Базыль. Бацька павярнуўся да яго.

— Сынок, як ты сюды трапіў?

Базылю не хацелася ўспамінаць нядаўняе, перажытае, ды мусіў расказаць бацьку, як яны з Раманам убачылі каля ямы Бардуна, як дзядуля пайшоў у лес, як яны з Раманам адправіліся за ім, як сустрэлі Марысю, як сказаў ён Раману, каб завёў яе дамоў. Пачуўшы гэта, бацька аж з твару перамяніўся.

— Базылёк!.. Ты не махлюеш?

— Сыну не верыш? — уставіў сваё слова Бардун. Бацька пляснуў рукою па назе.

— Базыль! Нам трэба ехаць дамоў! Пакуль Марысю на свае вочы не ўбачу, датуль не супакоюся!

— Ты вельмі не спяшайся. Да канца паслухай сына. Калі ўсё пачуеш, то невядома, ці захочацца табе дамоў,— усміхнуўся Бардун.

— Што ты хочаш мне сказаць? — незычліва прамовіў бацька.

— Свайго сына выслухай. Няхай сын скажа. Родны сын! Бацька скрыгатнуў зубамі.

— Ну й яду ў табе! Не даводзь мяне! Бардун развёў рукамі.

— Я магу пайсці. Мне дарога не заказана.

— Ну і ідзі. Вольнаму воля.

Базыль глядзеў то на бацьку, то на Бардуна. Вядома, бацьку няма за што любіць ведзьмака. Але ж чаму ён такі нястрыманы, чаму да канца не хоча паслухаць? Гэтая сварка дабром не скончыцца. Зараз бацька скажа Бардуну што-небудзь крыўднае, і пойдзе вядзьмак у лес. А дзядуля ў татараў застанецца. Як жа падступіцца да бацькі, як папрасіць яго, каб памаўчаў, каб усё да канца выслухаў? З чаго ж пачаць?

Бардун калупнуў нагою мох, зрабіўшы круглую ямінку.

— То мне ісці?

— І…— пачаў бацька.

— Татка! — перапыніў Базыль, — Я табе яшчэ не ўсё сказаў.

І расказаў, як яны з Раманам даведаліся ад Марысі, што дзядулю схапілі татары, што яны хацелі спаліць Бардуна. Расказаў і пра тое, што адбылося каля дрыгвы.

— Рыгор, то мне ісці? — зноў запытаў Бардун у бацькі.

— Сам ведаеш, што табе рабіць. Бардун пагладзіў бараду.

— Твая праўда, Рыгор. Ведаю, нада мною няма пана. Э-э, ды што табе казаць! Выручу з бяды Піліпа. Няхай трое мужчын спешацца. Яны пойдуць з намі. А іншыя пасля прыйдуць. Я галінкі на кустах буду абломваць. Знойдуць, дзе мы. І твой сын няхай ідзе з намі.

— Базылю там няма чаго рабіць, — паспрабаваў запярэчыць бацька.

— Не. Няхай і ён ідзе. Няхай пабачыць, як ягонага дзядулю выратую. Можа, пасля пакаецца.

— Ён жа цябе не выганяў з вёскі. За што яму каяцца? Ягоная душа…

— Чыстая? — не даў дакончыць бацьку Бардун.

— Незамутнёная, — сказаў бацька.

— А слязьмі хіба незамутнёная?

— І слёзы ягоныя чыстыя, што божая раса. А ты…

— Маўчы, — перапыніў бацьку Бардун. — Ты хочаш сказаць, што я сам сябе выгнаў з вёскі? Ну, не будзем. Хопіць пра гэта. З намі пойдзе Базыль. Можа, я перад ім пакаюся. А ён няхай помніць, што быў такі Бардун. Калісьці раскажа пра мяне. Бачыў, як іншы раз зорачка з неба падае і знікае? І я некалі ўпаду. Ды я не хачу згінуць. Хадзем.

— Няхай будзе па-твойму. — Бацька, як відаць, зразумеў, што не пераканаць яму Бардуна.

Невялікі атрад, які вёў Бардун, накіраваўся ў лес. За Бардуном ішлі Базыль і бацька, а ззаду — трое мужчын, якія па бацькавым загадзе спешыліся, злезлі з коней. Базылю здавалася, што вельмі павольна яны ідуць, што не паспеюць дапамагчы дзядулі.

— Вунь яны! — данёсся да Базыля Бардуноў голас.

Базыль, забыўшыся пра ўсё на свеце, ступіў убок і ўбачыў дзядулю, прывязанага да сасны. У ствале, над галавою дзядулі, тырчала чорная страла. А насупраць яго стаялі тры татарыны, трымаючы ў руках нажы. Вось адзін з іх падняў нож, замахнуўся ім і кінуў. Нож засеў над дзядулевай галавой, побач з чорнаю стралою. Татары радасна закрычалі. Базыль спалохаўся: "Яны ж заб'юць дзядулю! У некага раптам рука здрыганецца! Чаго бацька стаіць? Чаго марудзіць, не ратуе дзядулю?"

Базыль таргануў бацьку за рукаў, і ў гэты момант у паветры прасвісталі тры стралы, пушчаныя мужчынамі-воямі. Татары снапамі ўпалі на зямлю.

Да дзядулі падбег бацька, развязаў яго. Дзядуля тыцнуў пальцам, паказваючы на татараў.

— Джавад загадаў нажы кідаць, хацеў мяне настрашыць. Думалі, што спалохаюся, з лесу іх выведу… Добра, што вы прыйшлі.