46408.fb2
Дзядуля памкнуўся наперад, хацеў нешта сказаць, ды Бардун апярэдзіў яго:
— Не трэба, Піліп. Пасварымся мы з табою. Ты гэта добра ведаеш.
— Ведаю, — прагаварыў дзядуля. — Толькі аднаго не ўцямлю: хто даў Бурхану чорныя стрэлы? Сам ён не даўмеўся б іх пускаць.
— Хто? Я. Я яго ў горадзе ў ціхім месцы сустрэў. Я яму на вуха нашаптаў, каб чужы атрад прывёў, каб чорныя стрэлы пускаў. Гэтага ён зусім не памятае. Я хацеў, каб вас калаціла ад страху.
— Ах ты!.. — усклікнуў бацька. Бардун павярнуўся і пайшоў.
— Куды ён? — запытаў у дзядулі бацька. Дзядуля выцер успацелы лоб.
— Няхай ідзе. У яго свае дарогі. Бацька не пагадзіўся з ім:
— У нас адны дарогі. Па адных мы ходзім.
— Не, — сказаў дзядуля. — Дарогі ў нас розныя, ды бывае, што сыходзяцца, як і цяпер, але тады ягонае зло да яго ж і вяртаецца.
З гушчару данёсся прарэзлівы свіст. Быцька страпянуўся.
— Чуеце? Нашы татараў знайшлі! Нам паведамляюць. Трэба ісці.
— Ідзіце, — сказаў дзядуля. Бацька і воі-мужчыны пабеглі ў лес.
"Татка, я буду чакаць цябе", — хацеў крыкнуць Базыль, ды чамусьці стрымаўся. Ён падышоў да сасны, з сілай пацягнуў за стралу. Яна трэснула і паламалася, пакінуўшы ў ствале свой наканечнік-джала.
У кватэры гарэла святло. Стрэлкі гадзінніка паказвалі дзве гадзіны ночы. Адкінуўшы занавеску, маці з кухні праз акно ўглядалася ў цемру.
— Не відаць яе? — не сцярпеў бацька, які ў шапцы і ў чаравіках сядзеў на табурэтцы.
Плечы ў маці здрыгануліся.
— Няма! Божачка! На дварэ такая цямрэча! Бацька ўстаў з табурэткі.
— Не хвалюйся. Кавалеры яе прывядуць. Маці адступіла ад акна.
— Прывядуць? А чаму ж ты шапку надзеў і не скідаеш?
— Прападзе наша Марына. Зусім ад рук адбілася, — з болем прагаварыў бацька.
Маці адчула, як у яе закружылася галава.
— Што ж нам рабіць? Га?
Ледзь стрымліваючы дрыжыкі, якія раптам прайшлі па ўсім целе, бацька сказаў:
— Мы з ёю ўжо нічога не зробім, а грошы зробяць.
— Ты так думаеш? — з надзеяй прамовіла маці.
— Так! — цвёрда адказаў бацька.
Марына была ў Косці, дзе, як звычайна, сабралася свая кампанія: Галка, Мілка, Пецька, Віцька. Гучала сучасная музыка.
Яны танцавалі, пілі гарэлку, піва. Косця прынёс тры трох-літровыя слоікі піва. Потым зноў танцавалі і зноў пілі. Было вельмі весела. У чатыры гадзіны раніцы Косця прывёў яе дамоў.
— А твае старыя яшчэ не спяць, — сказаў ён. — У кватэры святло гарыць.
— Зараз выбегуць, каб прыняць мяне, як дарагі падарунак, — засмяялася Марына.
Яна не баялася ні бацькі, ні маці, бо ведала, што яны яе любяць, апошняе гатовы аддаць. "Так і павінна быць, — іншы раз думала яна. — Яны ж мне жыццё далі. Я іх не прасіла. Дык няхай ім галава баліць".
— Ягадка, давай развітаемся. — Косця абняў Марыну і моцна пацалаваў у губы.
Яна адпіхнула яго. Ёй ужо надакучыла цалавацца.
— Косцік, ідзі.
— Бывай, ягадка. — Косця памахаў рукою і пайшоў, насвістваючы.
"Добра Косці. Ягоныя бацькі на заробкі ў Расію паехалі, аднаго ў кватэры пакінулі, а мае мяне неўзабаве сустрэнуць. Ім здаецца, што каля пад'езда на мяне маньяк з нажом накінецца. Не разумеюць, што я сама на любога магу накінуцца", — са злосцю падумала Марына. Так, яна не баялася ні бацькі, ні маці, але ёй не хацелася выслухоўваць нараканні, ад якіх становіцца прыкра на душы.
Дзверы ў пад'ездзе адчыніліся, і Марына ўбачыла маці. Маці была ў доўгай начной сарочцы, на якую накінула халат.
Марына, хіснуўшыся, усміхнулася.
— Дачушка, ты ж п'яная! — прашаптала маці.
— Я — п'яная? — вытрашчыла вочы Марына. Не, яна не дазволіць, каб з яе здзекаваліся! Ну, крышку выпіла. Але ж на сваіх нагах прыйшла дамоў. На руках яе не неслі. З хлопцамі пасядзела, пагуляла? А хто цяпер не гуляе?
— Дачушка! — шэптам прагаварыла маці і, схапіўшы Марыну за руку, пацягнула па лесвіцы ў кватэру.
Бацька стаяў на калідоры. Марына з нянавісцю (сваёй нянавісці яна ўжо не хавала) паглядзела на яго. Бацька быў для яе перашкодай, ну, напрыклад, як камень на дарозе, які ні аб'ехаць, ні абысці. А ёй хацелася хутчэй дабрацца да ложка, легчы і заснуць. "Стаіць, як айсберг! Сам не спіць і мне не дае. Гаспадар! Не, я не твая ўласнасць, не рэч. Я хачу пажыць!" — думала яна.
— Напілас-ся! — са свістам прагаварыў бацька. Марына ведала, што бацьку можна супакоіць крыкам.
Крык спалохае яго: як і маці, ён не хоча, каб суседзі чулі сварку, каб праведалі, што ноччу адбываецца ў іхняй кватэры.
— Я — напілася? Я? Я магу хукнуць! Я не на-пі-ла-ся! — закрычала яна.
— Марынка, цішэй, цішэй! — замахала рукамі маці.
— Ты напілася! — тыцнуўшы на Марыну пальцам, у роспачы гукнуў бацька.
Марына сцяла кулачкі. Доўгія наманікюраныя пазногці ўпіліся ў далоні: не дайшло да бацькі. Трэба паставіць яго на месца!
— Я — напілася! Я — кепская! Ну й добра! Я ў акно кінуся! Я ад вас уцяку!