46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 76

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 76

Твар у бацькі пабялеў, губы задрыжалі. Марына глядзела на яго як і раней — з нянавісцю. Няхай бачыць, што ён для яе — нішто. "Сапраўды, уцяку я ад іх. Косця мяне прыме, пашкадуе. Грошай няма, каб пражыць? Дасць гэты, у якога твар белы і губы дрыжачыя. Ён жа не захоча, каб ягоная дачка сядзела галодная", — прабегла ў Марыны ў галаве.

Нявядома, чым скончылася б сённяшняя сварка, калі б не маці. Яна адштурхнула бацьку і, зноў схапіўшы Марыну за руку, завяла ў пакой.

Марына ніцма ўпала на ложак.

— Ен мяне абазваў! Мяне абазваў! Маці дакранулася да Марынінага пляча.

— Супакойся. Прашу цябе.

— Выйдзі і дзверы зачыні! — крыкнула Марына. Маці выскачыла з пакоя і асцярожна зачыніла дзверы. Марына заплакала. Слёзы крыўды душылі яе. На каго яна крыўдзілася? Вядома ж, на бацьку і маці, якія яе не разумеюць. Яна здагадвалася, што яны лічаць яе прапашчай. Калісьці, відаць, выкажуць ёй гэта. Іхнія словы цяжкім каменем лягуць ёй на сэрца.

Марыне захацелася, каб прыйшла маці, каб прысела на краёчак ложка і пагладзіла яе, як у дзяцінстве, сказаўшы ласкавае слова. Час ішоў. а маці ўсё не прыходзіла. За акном пачало світаць.

Марына павярнулася на бок, усхліпнула і заснула.

4

Марыне не хацелася ісці ў вучылішча (туды яна паступіла, скончыўшы дзевяць класаў). Ёй балела галава. Ужо хвілін пяць каля ложка стаіць маці і паўтарае адно і тое ж:

— Дачушка, уставай! Уставай, дачушка!

— Ды не ўстане яна! Лягла, нават не распрануўшыся — данёсся з кухні бацькаў голас.

Марына адчувае, што бацьку хочацца абазваць яе якім-небудзь крыўдным словам, але страх яго стрымлівае. "Баіцца, што з хаты ўцяку", — думае яна.

— Уставай, дачушка!

Не, маці не адчэпіцца ад яе. Трэба ўставаць і ісці ў вучылішча, сядзець і слухаць нудныя лекцыі выкладчыкаў. А ёй будзе балець галава, мучыць смага. Вечарам яна зноў сустрэнецца з Косцем, Галкай, Мілкай, Пецькам і Віталікам. Маці зноў выбежыць з пад'езда, накінуўшы халат на начную сарочку. "Вось каб калі-небудзь заснуць і не прачнуцца!" — прамільгнула ў галаве.

— Дачушка, уставай!

Марына адкінула коўдру і ўстала з ложка.

— Устала! — узрадавана прагаварыла маці. Марына, спатыкаючыся, паплялася ў ванную.

5

Каля пад'езда Марына ўбачыла Барыса. Барыс жыве ў іхнім пад'ездзе на апошнім паверсе. Ён ужо трэці год вучыцца ў адным са сталічных інстытутаў. Марына не цікавілася ў якім. Яны, так павялося, не заводзяць гаворку. Выпадкова сустрэўшыся, кіўнуць адно адному галавою і разыходзяцца.

Але сёння Барыс яе аклікнуў:

— Марына!

Марына паглядзела на яго, як на дыназаўра ў музеі:

— Ну?

— Марына, табе, напэўна, сёння галава баліць?

У Марыны кроў прыліла да шчок. Яшчэ адзін выхавацель знайшоўся! Яшчэ гэтага ёй не хапала!

"Ідзі сваёй дарогай і не лезь мне ў душу!" — ледзь не крыкнула яна, але стрымалася.

— Ты бачыў, як я ноччу дамоў вярнулася?

— Бачыў,— прызнаўся Барыс.

— За дзяўчатамі сочыш? У цябе, відаць, галоўка хворая, — з пагардай сказала Марына.

— Марына, не злуйся на мяне, — незвычайна ласкава сказаў Барыс.

Гэтым ён яе і падкупіў, прымусіў застацца.

— Ну! — паўтарыла яна, чакаючы, што будзе далей. Барыс выняў з кішэні бляшанку нямецкага піва і сказаў сарамліва, як дзяўчынка-пяцікласніца, якая з вялікай просьбай звяртаецца да дарослага:

— У мяне ў халадзільніку піва стаяла. Вазьмі, яно табе спатрэбіцца.

"Яшчэ адзін маім сябрам жадае стаць. Не, Косцю я не здраджу", — паразважаўшы, Марына ўзяла бляшанку і кінула яе ў сумачку, дзе ляжалі ручка, сшытак і памада.

— Марына, не думай кепска пра мяне. Ты мне даўно падабаешся, — сказаў Барыс.

— Можа, ты закахаўся ў мяне? — зарагатала Марына. Яна ведала, чаго хочуць хлопцы, прапаноўваючы піва, цыгарэты ці яшчэ які-небудзь падарунак.

"За ўсе трэба плаціць", — гэта яна добра зразумела, хоць і не так шмат пражыла.

Барыс расціснуў кулак і працягнуў Марыне квадратную плітку жавальнай гумкі.

— Пасля піва жвачку пажуеш. Ніякага паху не застанецца.

Марына ўзяла жавальную гумку, кіўнула галавою (маўляў, на гэтым дзякуй табе, Барыс) і пайшла, цокаючы абцасікамі.

6

Калі Марына вярталася з вучылішча, Барыс зноў сустрэў яе каля пад'езда. Цяпер ён трымаў у руце букет агністых ружаў.

— Зноў мне? — кіўнула галавою Марына, паказаўшы на букет. Яна глядзела на Барыса з насмешкай, нават з выклікам, каб паказаць сваю абыякавасць, але ў той жа час вельмі хацелася пачуць ад яго: "Табе". Толькі цяпер Марына ўспомніла, што ніхто ніколі не дарыў ёй кветак.

Барыс працягнуў Марыне букет:

— Табе, Марына.

Марына ўзяла букет і прытуліла яго да грудзей. Пялёсткі ружаў прыемна лашчылі яе губы.

— Ну дзякуй табе, Барыс. Барыс пераступіў з нагі на нагу.

— Марына, сёння ў васемнаццаць гадзін у нашым тэатры паказваюць спектакль. Я буду чакаць цябе каля тэатра. Прыйдзеш?

Марына наморшчылася, яе курносенькі носік прыўзняўся.

— А ты багаценькі, як Бураціна!

— Бізнесам заняўся, — прамовіў Барыс.

"Няўжо ты бізнесменчык? У бізнесменчыкаў, вядома, грошы водзяцца. Барыс, ты мяне заінтрыгаваў", — падумала Марына і пацікавілася: