46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 77

— Шмат зарабляеш?

— На жыццё хапае, — сціпла адказаў Барыс. Марына кіўнула галавою. Маўляў, разумею цябе, Барыс.

Хто я такая, каб ты перада мною ўсе свае сакрэты раскрываў.

— Марына, прыйдзеш?

У вачах Барыса было гэтулькі болі і суму, што яна здалася, не магла не здацца.

— Добра. Прыйду.

7

У тэатры (да гэтага Марына ў тэатры ні разу не была) ёй спадабалася. Многія ў тэатр, як і яна з Барысам, прыйшлі парамі. Кавалеры стараліся дагадзіць сваім дамам: і ўперад прапускалі, і тэатральныя праграмкі падавалі, і "калі ласка" не раз і не два чула яна. "Няўжо ўсе гэтыя людзі, якія тут сабраліся, заўжды жывуць у згодзе?" — думала Марына. Упершыню яна пазайздросціла.

Марыне спадабаўся і спектакль, крыху смешны і крыху сумны. Галоўную гераіню — жанчыну гадоў трыццаці — падмануў другі герой, мужчына сталага ўзросту. Каб завалодаць яе грашыма, ён стараўся даказаць, што кахае яе, цалаваў рукі, дарыў падарункі, стаяў перад ёю на каленях.

Марына разам з усімі смяялася, пляскала ў ладкі, а ў канцы спектакля непрыкметна змахнула з вачэй дзве слязінкі.

Потым яна з Барысам, не спяшаючыся, ішла домоў. Барыс, як іншыя, не чапляўся да яе, не цягнуў у рэстаран. Ён смяяўся, жартаваў, расказваючы анекдоты і займальныя гісторыі з жыцця вядомых артыстаў. Марына адчувала сябе крыху няёмка. Як жа! Барыс такі разумны, так шмат ведае, а яна перад ім сапраўдная дурніца.

— Барыс, ты чаму цяпер не вучышся? Можа, свой інстытут кінуў? — не стрывала, пацікавілася яна.

— Не, — сказаў Барыс. — Нашы ў калгас на бульбу паехалі, а мяне вызвалілі ад бульбы, бо летам працаваў у будаўнічым атрадзе.

Развітваючыся, Барыс на заўтра запрасіў Марыну паглядзець кінафільм. Яна ўсміхнулася:

— Добра. Я прыйду.

Затым яны наведалі заапарк, хадзілі на дыскатэку, каталіся на лодцы па возеры… Кожны дзень Барыс ёй штосьці дарыў: то каробку цукерак, то кветкі, то памаду. А на рынку купіў сярэбраны пярсцёнак. Некалькі разоў яны пілі шампанскае, але ні разу яна не была п'яная. Бацька і маці павесялелі. Аднаго разу бацька, падпіўшы, на ўвесь голас заспяваў.

— Цішэй, дурань, цішэй! — без злосці крычала на яго маці.

8

Праз тыдзень Марыне пазваніў Косця.

— Марына, дзе прападаеш? Да мяне прыходзь.

— Я захварэла. Тэмпература трыццаць дзевяць і пяць, — схлусіла яна.

— Вылечым, — рагатнуў Косця. — Марына, у мяне і Пецька, і Мілка, і Галка, і Віцька. Марына, мы цябе чакаем. Весела пагуляем. Думай. Табе вырашаць.

Марына ўспомніла нядаўняе і, як здалося цяпер, такое ўжо далёкае жыццё. Мілка і Галка, вядома, узрадуюцца, калі ўбачаць яе. Шмат чаго яны раскажуць. Чаму ж не пагуляць? Усяго адзін вечар, адну ноч. Барыс, магчыма, не праведае, што яна была ў Косці.

— Марына, падумала? У дзверы пазванілі.

— Косця, пачакай. Мабыць, старыя вярнуліся, — сказала Марына і адчыніла дзверы. У дзвярах з букетам агністых ружаў стаяў Барыс. Як заўжды, ён прыязна ёй усміхаўся.

Марына моўчкі ўзяла букет, падышла да тэлефона і выцягнула з разеткі тэлефонны шнур.

9

Цэлы месяц Марына сустракалася з Барысам. Аднаго разу яны сядзелі ў гарадскім парку. Круціліся рознакаляровыя каруселі, гаманілі, смяяліся дзеці.

— Барыс, я ніколі не думала, што можна так моцна кахаць, як ты мяне кахаеш! — прамовіла Марына.

— Я цябе кахаю? — хмыкнуў Барыс.

Марына адчула, што лаўка, на якой яна сядзела, раптам стала мулкай.

— Ты… Ты ж не раз казаў, што кахаеш! І кветкі, і цукеркі мне дарыў, і шампанскае мы пілі…

Барыс забарабаніў пальцамі па лаўцы. — Марына, мне хутка ехаць на вучобу. Праўду табе сказаць?

Марына напялася, як сталёвая спружына:

— Кажы. Горкая праўда лепей, чым салодкае махлярства.

— Марына, наша каханне — гульня, спектакль. Твой бацька мне грошы заплаціў, каб я з табою сустракаўся. Ён даваў і на кветкі, і на цукеркі, і на шампанскае… Твой бацька хацеў, каб я выцягнуў цябе з той кампаніі, у якую ты трапіла. Марына, зразумей…

— Ты ж хваліўся, што бізнесам заняўся.

— А гэта і ёсць бізнес.

Марына глядзела на рознакаляровыя каруселі, але не бачыла іх.

— Барыс, колькі табе заплаціў мой бацька?

— На жыццё мне хапала, — адказаў Барыс.

Марына сядзела, кусаючы губы. Цяпер яна па-сапраўднаму была нешчаслівай. Гульня, спектакль… Як той спектакль, які яна глядзела ў тэатры разам з Барысам. У фінале галоўная гераіня плакала. Не, яна, Марына, не заплача. Можа, потым. Каб ніхто не бачыў яе слёз…

Лімонка

1

Ноч выдалася ціхая, цёплая, лагодная. Стаміўшыся за дзень, хлопцы спалі нібы пшаніцу прадаўшы. Паціху, каб не разбудзіць іх, Ён выпаўз з палаткі і намацаў левай рукою шорты, якія віселі на жардзінцы.

У кустах спявалі, пераклікаліся птушкі, а ў возеры (яно цьмяна блішчала ў цемры), гуляючы, плёскала рыба.

Азірнуўшыся, Ён праваю рукою ўзяў рабрыстую лімонку, што ляжала каля палаткі на пяньку. Рука ўздрыганула, далоня пакрылася ліпкім потам, у грудзях моцна застукала сэрца. У палатцы хтосьці з хлопцаў гучна ўсклікнуў у сне.

Ён сцяўся, прыслухоўваючыся, а потым падняў лімонку і, затаіўшы дыханне, паклаў яе ў кішэню шортаў. Рана-раненька, перад усходам сонца, паветра скалане выбух, і аднаго з тых хлопцаў, што бестурботна спяць у палатцы, не стане. Хтосьці загалосіць, хтосьці выцісне слязу, хтосьці пашкадуе, а Яму стане лягчэй. Жыццё не спыніцца, будзе ісці гэтак жа, як і ішло. "На аднаго больш, на адного менш. Якая розніца для Зямлі, для Сусвету! Ад таго, што загіне адзін чалавек, Сусвет не пацерпіць", — падумаў Ён і па-змяінаму. запоўз у палатку, лёг, накрыўся прасцінай і заснуў.

2

Ужо каторы дзень стаяла спякота. Трава на ўзбочынах выгарэла ад сонца, пажаўцела. Стала жаўцець і лісце на дрэвах. Ветрык, які часам налятаў з-за дамоў, зрываў яго і кідаў на асфальт, пад колы імклівых аўтамабіляў.

У паднябессі, як бы пацяшаючыся з людзей, замучаных гарачынёю, патрэскваў гром, але дажджу не было.

Выпускнікі дзевятага класа Стась, Рыгор, Мітрафан і Яша на канцовым прыпынку вылезлі з аўтобуса, надзелі напакаваныя рукзакі і рушылі па шашы, уздоўж якой з абодвух бакоў рос лес.

Першым ішоў Рыгор. Высокі, даўганогі, ён, нягледзячы на гарачыню, ступаў размерана, шырока. Ад Стася стараўся не адстаць Мітрафан. Гэтаю вясною, перад выпускнымі экзаменамі, ён пастрыгся нагола. На ягонай лабаставай галаве, амаль на самым цемені, выдзяляўся чырванаваты шрам. Гадоў дзесяць таму назад п'яны бацька стукнуў яго па галаве табурэткай. Бацька неўзабаве памёр ад гарэлкі, а ягоны знак застаўся на Мітрафанавай галаве.

"Адзін-два, адзін-два", — аблізваючы перасмяглыя губы, лічыў пройдзеныя крокі Мітрафан, падахвочваючы сябе. Але цяжэй за ўсіх было Яшу, які ў рукзаку нёс палатку. Ён ішоў, моцна сціснуўшы тонкія, як нітачка, губы і раз-пораз рабром далоні выціраў мокры лоб. Яша злаваў на сяброў, якія ішлі не азіраючыся. Калі б хто-небудзь з іх азірнуўся і сказаў цёплае слова, падбадзёрыў, то Яшы, напэўна, стала б лягчэй.

Збіраючыся ў гэты паход, хлопцы надзелі белыя спартыўныя майкі, на якіх вялікімі блакітнымі літарамі была выведзена назва іхняй любімай каманды: "Дынама".

Хлопцы вучыліся ў розных школах горада, але ўсіх іх аб'яднала і пазнаёміла футбольная каманда "Дынама", на стадыёне якой яны часта збіраліся, бавячы вольны час. Пазаўчора Рыгор прапанаваў з'ездзіць за горад на возера, дзе ён не раз і не два адпачываў з бацькамі. Мітрафан, Стась і Яша, якім, як і Рыгору, надакучыла сядзець у душным горадзе, з радасцю яго падтрымалі.