46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 78

— Начальнік! — звярнуўся да Рыгора Стась. — Нам яшчэ доўга топаць да возера?

— Кіламетр з гакам застаўся, — бадзёра адказаў Рыгор і збочыў направа, на пясчаную дарогу, што вяла праз лес на возера.

3

Адзін бераг гэтага ляснога возера быў нізкі, балоцісты, парослы аерам і асакою, а другі — высокі, пясчаны. Тут раслі кусты ядлоўцу, сасны і бярозы.

Пад купкай бярозак хлопцы раскінулі палатку, побач забілі два калкі, на якія павесілі трыко і шорты. Сінія трыко з жоўтымі лампасамі належалі Стасю і Яшы, а шорты — Мітрафану і Рыгору.

— Стась, вунь каля таго ядлоўца, — паказаў рукою Рыгор, — выкапай для смецця ямку.

Стась скрывіўся як серада на пятніцу:

— Я жардзінку з лесу прынёс, калкі прынёс. А цяпер і ямку капаць? Сам выкапай.

— Я выкапаю, — падахвоціўся Мітрафан, і ўзяўшы сапёрную рыдлёўку, з сілай загнаў яе ў дзірван.

Мітрафан капаў хутка, умела. На загарэлых потных руках выступалі пругкія мускулы. Непадалёку на жываце ляжаў Яша і, як заварожаны, пазіраў на Мітрафана.

— Мітрафан, а ты сапраўдны землякоп! — не вытрываўшы, пахваліў.

— Пасля горада мне здаецца, што ў рай трапіў! Хлопцы, у мяне душа спявае! — Мітрафан стукнуў сябе кулаком у грудзі і зацягнуў:

Падушачкі, падушачкіДы ўсе пухавыя.Маладзічкі, маладзічкіДы ўсе маладыя.Каго люблю, каго люблю,таго пацалую,пуховую падушачку таму падарую.

Голас у Мітрафана быў моцны, прыгожы. Рэха панесла песню па лесе.

— Проста беларускі салавей! — усміхнуўся Яша, паказаўшы шырокія, як долата, зубы.

— Бач, як распірае цябе ад радасці! Глядзі, не наспявай сабе на бяду, — заўважыў Стась.

Мітрафан набраў на рыдлёўку пяску і, прамовіўшы "Ціпун табе на язык!", кінуў на Стася. Пясок трапіў Стасю на галаву, пасыпаўся за вушы.

Вочы ў Стася сталі шкляныя. Ён сцяў кулакі і падскочыў да Мітрафана.

— Стасік, я не хацеў! — разгубіўся Мітрафан.

Стась моўчкі стукнуў Мітрафана кулаком у твар. Мітрафан адкінуў убок рыдлёўку і локцем даў Стасю па губе. З разбітай Стасевай губы на падбародак папаўзла кроў, падобная на сок спелай каліны.

Яша ўсхапіўся на ногі і замахаў рукамі:

— Рыгор! Рыгор! Яны б'юцца!

З-за палаткі выбег Рыгор і стаў між Мітрафанам і Стасем.

— Эх вы! На стадыёне найлепшыя сябры, а прыехалі на возера — і пабіліся.

— Хлопцы, у яме лімонка! — неспадзявана гукнуў Яша. Сапраўды, у яміне, якую нядаўна так старанна капаў Мітрафан, ляжала рабрыстая заіржавелая граната, прысыпаная пяском.

Рыгор, Яша, Стась і Мітрафан пасталі каля яміны і, не адрываючы вачэй, глядзелі на лімонку.

— Відаць, з самай вайны ў зямлі праляжала, а Мітрафан яе выкапаў,— парушыў маўчанне Яша.

— Яна нямецкая, — сказаў Стась.

— Не, наша, — не пагадзіўся з ім Рыгор.

— Можа, засыплем яе? — няўпэўнена прагаварыў Мітрафан.

Рыгор зірнуў на сяброў.

— Хлопцы, адыдзіцеся: я яе вазьму.

Яша, павярнуўшыся, падбег да бярозы, лёг за яе і замахаў рукамі, падклікаючы Мітрафана і Стася:

— Сюды! Сюды!

Яны нават не зварухнуліся. Рыгор зноў зірнуў на іх і, нагнуўшыся, трыма пальцамі ўзяў лімонку. Яны ў яго задрыжалі, а загарэлы твар пабялеў.

Стась далоняю выцер з падбародка кроў, як на нейкае дзіва, паглядзеў на яе і прашаптаў:

— Лімонка так доўга ў зямлі праляжала, а не ўзарвалася!

Рыгор перакінуў лімонку з рукі на руку, як звычайна перакідаюць гарачую, спечаную на цяпельцы бульбу, і хрыплым басам сказаў:

— Не ўзарвецца, бо наша.

— Рыгор, не жартуй, — папярэдзіў Мітрафан. Да сяброў падышоў Яша і прапанаваў:

— Сапёраў выклічам. Няхай яны і ўзарвуць.

Рыгор ухмыльнуўся і паклаў гранату на пяньку каля палаткі.

— Заўтра раненька ўстанем і рыбы наглушым.

4

Гэтай ноччу хлопцы доўга не маглі заснуць. Яны ляжалі ў палатцы і размаўлялі.

— Рыгор, як думаеш: вялікая рыба ёсць у возеры? — пацікавіўся Мітрафан.

— Канешне, ёсць. І карпы, і шчупакі,— упэўнена сказаў Рыгор.

— Вось каб злавіць шчупачка кілаграмаў на пяць! Здзівілася б мама, калі б убачыла, — выказаў жаданне Мітрафан.

— Хлопцы, калі б мы гэтую гранату з зямлі не дасталі, то, магчыма, нехта іншы яе дастаў бы і ў паветра ўзляцеў бы, — уступіў у гаворку Яша.

— Ад гранаты ў паветра не ўзляціш. Гэта табе не снарад, — не пагадзіўся Стась.

— Узляціш як міленькі,— на сваім стаяў Яша.

— Годзе спрачацца. Давайце спаць, пакуль не пабіліся, — перапыніў спрэчку Рыгор.

5

Рыгор, Стась і Яша прачнуліся, калі сонца ўжо ўзышло над лесам, які аж звінеў ад птушыных галасоў. Мітрафана ў палатцы не было. Стась кулакамі працёр вочы і пазяхнуў.