46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 81

— Мы з Яшам некалі пабіліся аб заклад, і ён праіграў. Нядаўна я нагадаў, што ён мне павінен, ды…

— Няма ў мяне чаго аддаваць! Няма! — выгукнуў Яша і паваліўся на бок. Ён ляжаў бездапаможны, як чарвяк на гарачым сонцы.

— Ты зусім здурнеў,— звярнуўся да Яшы Стась. — Уяві, што лімонка ўзарвалася тут! Асколкі і цябе ў палатцы дасталі б!

— Не дасталі б, Стасік. Я за цябе лёг, схаваўся.

— Цябе біць трэба, малаціць! — Стась азірнуўся, шукаючы кія.

Яша ўскочыў на ногі і панёсся ў лес. Стась ірвануўся за ім, але яго спыніў Рыгор:

— Няхай бяжыць. Далёка не ўцячэ. У горадзе сустрэнем і пагаворым.

Пажар

1

Ужо зусім сцямнела. Сямён сядзеў на лаўцы ў садзе і глядзеў на неба. Цяпер, у канцы кастрычніка, яно было цёмна-шэрае, нібы намаляванае незвычайным шэрым алоўкам.

Сямёну падабалася сядзець вось так, у цішыні, і глядзець на неба, асабліва ўлетку, калі паважна і спакойна плывуць удалеч хмары, упэўненыя ў сабе, абыякавыя да ўсяго.

Ён, Сямён, праз тры гады скончыць школу і, канешне, паедзе ў горад, туды, куды часта плывуць хмары. Там вывучыцца на мастака і калісьці напіша вялікую карціну, на якой будзе і гэты асенні сад, і гэтае недаступнае цёмна-шэрае неба.

Падзьмуў легкі ветрык, і пацягнула гарэлым адтуль, дзе стаяў іхні хлеў. Пазаўчора ён згарэў. Ад яго засталіся толькі галавешкі і задымлены каменны падмурак.

Ззаду, за спінай, прашалясцела апаўшае лісце. "Мабыць, мыш прабегла, спажывы шукае", — падумаў Сямён. У гэты момант нечыя дужыя пальцы сціснулі яго горла. Ён варухнуў плячыма, напяўся, імкнучыся вызваліцца. Пальцы, як жалезныя абцугі, сціскалі ўсё мацней. Сямёну здалося, што на цёмна-шэрым бяздонным небе раптам успыхнулі прыгожыя яркія зорачкі. Яны бегалі, мітусіліся, з трэскам гарэлі, як бенгальскія агні.

2

У той вечар, стаміўшыся за дзень, у пяць гадзін Сямён прылёг на ложак і заснуў не распрануўшыся. А ў восем гадзін яго разбудзіла маці. Цёплымі кончыкамі пальцаў яна дакранулася да ягонай шчакі:

— Сынок, уставай. Паесці табе прынесла.

Сямён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што на стале стаіць кубак гарбаты, а каля яго — талерка са свежымі булачкамі. Сямён пазяхнуў і пацягнуўся.

— Нядаўна спякла?

— Толькі што, — ласкава прамовіла маці.

З кухні данесліся прыглушаныя мужчынскія галасы. Сямён прыўстаў, прыслухоўваючыся.

— Мама, хто ў нас?

— Дзядзька Вадзім агарод нам пераараў, дык наш татка магарыч яму паставіў.

Вадзім (па-вулічнаму яго называюць Чырвонец) жыве на другім канцы вёскі. З бацькам ён не ладзіць. Неяк яны нават пабіліся на вясковым вяселлі, і Сямён пацікавіўся ў маці, чаму яны, аднавяскоўцы, так неўзлюбілі адзін аднаго. Тады маці прамаўчала, нахмурыўшыся.

Сямён устаў і звесіў з ложка ногі.

— У нас, здаецца, не толькі дзядька Вадзім.

— Іван прыцягнуўся. Ён за вярсту гарэлку чуе, — сказала маці.

Іван жыве па суседству. Ён заўжды прыходзіць у хату, калі збіраюцца госці. Бацька ўжо прывык да гэтага і запрашае яго за стол як блізкага, як сваяка:

— Сядай з намі, Іван. У нагах праўды няма.

Сямён узяў кубак і выпіў глыток духмянай, настоенай на зёлках, гарбаты.

— Мама, мне прыснілася зломаная шабля. Што б гэта азначала? Га?

Маці ўмее разгадваць сны. Ад бабулі ёй дастаўся даўні тоўсты соннік у скураной вокладцы.

— Сынок! — у голасе маці Сямён адчуў трывогу. — Беражыся. Ворагі цябе адолеюць.

Сямён глядзіць на маці, любуючыся ёю. Валасы у яе залацістыя, на круглаватых, ружовенькіх шчочках гэткія ж залацістыя вяснушкі. Нездарма бацька, бывае, называе яе золатцам.

Узяўшы з талеркі булачку, Сямён адкусіў кавалак і запіў гарбатай.

— У мяне няма ворагоў. Я нікому зла не зрабіў.

— Сынок, у жыцці ўсяк бывае. Беражыся! — папярэдзіла маці і, лёгка ступаючы, накіравалася на кухню.

3

Перад тым, як зноў легчы спаць, Сямён выйшаў на двор і сеў на лаўку ў садзе.

Ён не верыў, што праз дзень ці два нейкі невядомы вораг прычыніць яму зло, але на душы чамусьці было неспакойна. "У нашай вёсцы людзі даўно жывуць разам. Здараецца, і пасварацца, і паб'юцца, як бацька з дзядькам Вадзімам, але ж потым мірацца, у госці ходзяць. Не, у нас няма заклятых ворагаў", — думаў ён.

Адчыніўшыся, рыпнулі дзверы веранды, і на ганак выйшлі маці і дзяцька Вадзім. Маці, відаць, не чакала, што яе госць выйдзе за ёю, бо, азірнуўшыся, здзіўлена прамовіла:

— Вадзім, чаго ж так рана з-за стала вылез?

— Няхай п'юць, — махнуў рукою Чырвонец. — Мне з табою трэба пагаварыць.

— З маім Міколам гаварыў бы.

— Марынка! — гучна прашаптаў Чырвонец і, наблізіўшыся да маці, рукамі ўзяўся за яе плечы, стараючыся абняць. — Я ж кахаю цябе!

На зашклёнай верандзе гарэла святло, і Сямён бачыў, як перакасіўся твар маці.

— Вадзім! — спалохана ўсклікнула яна і адштурхнула Чырвонца. — У цябе ёсць жонка! Яе кахай!

Чырвонец пахіснуўся, але ўтрымаўся, не ўпаў з ганка.

— Марынка, мы ж з табою некалі сустракаліся, давідна гулялі.

— Ну і што? — адказала маці. — Гулялі, бо маладыя былі. Сямён прыціснуўся да лаўкі. Ён адчуваў сябе як злодзей, якога злавілі з крадзеным і вывелі на людзі, каб паказаць.

— Як што? — Чырвонец рукою палез у кішэню і дастаўшы адтуль фотаздымак, падняў яго ўгору. — У мяне застаўся твой фотаздымачак. Ты мне яго некалі падарыла і падпісала: "Дарагому Вадзіму ад Марыны на ўспамін".

— Аддай! — выдыхнула маці. Чырвонец руку з фотаздымкам адвёў назад.

— Ты мяне хоць калі-небудзь кахала?

— Калі б кахала, то замуж за цябе пайшла б. Ты ж мне прапаноўваў.