46408.fb2
— Апошнія два гады Ніна жыла з бабуляй, бо Нініны бацька і маці паехалі на заробкі за мяжу, — сказала класная.
Ён адчуў (такога з ім раней не здаралася), як ёкнула сэрца. Ён хуценька дастаў з кішэні скамечаны рэцэпт і прачытаў, ледзь варушачы губамі:
— Выданы Мароз Зінаідзе Вікенцьеўне. Мароз. Мароз… Ён двойчы паўтарыў гэтае прозвішча і павольна схаваў рэцэпт у кішэню.
Нініна прозвішча таксама Мароз. Выходзіць, Мароз Зінаіда Вікенцьеўна, у якой Ён забраў сумку з таблеткамі, Нініна бабуля. Калі б пашкадаваў яе, то, магчыма, і цяпер яна жыла б. А ўсё пачалося з шапкі. Не, не з Нінінай, а з той, першай, якую Ён сарваў з галавы падпіўшай жанчыны.
Празвінеў званок. Апусціўшы галаву, Ён выйшаў са школы. Ногі прывялі Яго да Нінінага дома.
Зінаіда Вікенцьеўна ляжала ў труне, усыпанай кветкамі. Кветкі стаялі і ў крышталёвых вазах.
Ніна ў чорнай хусцінцы сядзела на табурэтцы і, не адрываючыся, глядзела на бабулю. Шыя ў Ніны была абвязана бінтам. "Чаму ж Ніна абвязала шыю бінтам? Чаму?" — ніяк не мог даўмецца Ён.
Да яго данёсся шэпт жанчын:
— Зінаіда была такая добрая, ад яе благога слова ні разу ніхто не пачуў.
— Прыйшла дамоў — і памерла. Кажуць, нейкі хлапец у яе таблеткі адабраў.
"Вось як выйшла!" — падумаў Ён. Да Яго нарэшце дайшло, чаму на шыі ў Ніны белы бінт — яна прастудзілася, застаўшыся без шапкі ў той нешчаслівы для яе вечар.
Ён глянуў на белы твар Зінаіды Вікенцьеўны, і Яму здалося, што яе ссінелыя губы скрывіліся. "Зінаіда Вікенцьеўна не хоча, каб я быў тут", — падумаў Ён і, распіхваючы людзей, падаўся да выхада.
У пад'ездзе з паштовай скрынкі Ён дастаў газету і зайшоў у кватэру. Бацька і маці яшчэ не вярнуліся з працы.
Есці Яму не хацелася. Ён разгарнуў газету. У вочы кінуўся загаловак: "Людзі, сцеражыцеся!"
Ён уголас прачытаў: "У чацвер невядомы падлетак напаў на пенсіянерку Мароз Зінаіду Вікенцьеўну і адабраў у яе сумку з таблеткамі і рэцэптам… Людзі, сцеражыцеся!"
Ён загарнуў газету і падышоў да акна.
— Усё. Больш не пайду "на паляванне". А газету і рэцэпт пакіну як напамін. Няхай яны засцерагуць мяне ад вяртання да гэтага, — уздыхнуўшы, сказаў Ён.
Іван Пятровіч чакаў са школы сваю ўнучку, шасцікласніцу Святланку. У мінулым годзе яго ўрачыста правялі на пенсію. Іван Пятровіч працаваў начальнікам аддзела аднаго з буйнейшых аўтамабільных прадпрыемстваў рэспублікі. Цяпер ягонай адзінай уцехай стала Святланка. Яна і пра школьныя навіны яму раскажа, і "дабраначы" пажадае, пацалаваўшы на развітанне ў шчаку. А Іван Пятровіч то ласункам яе прывеціць, то цікавую кніжку купіць, то яшчэ якім падарункам парадуе.
Пачуўся прарэзлівы званок. "Святланка вярнулася", — здагадаўся Іван Пятровіч. Яна заўжды прарэзліва звоніць, як бы кажа яму: "Хутчэй адчыняй мне, дзядуля!"
Іван Пятровіч устаў з крэсла і адчыніў дзверы.
Святланка прыйшла не адна. З ёю была пульхненькая, чарнявая дзяўчынка.
— Добры дзень, — смела прывіталася яна.
— Добры дзень, — адказаў Іван Пятровіч.
— Дзядуля, гэта Зіна, — кіўнуўшы галавою, паказала на чарнявую дзяўчынку Святланка. — Зіна нядаўна з татам і мамай у наш горад пераехалі. Яна са мною ў адным класе вучыцца.
— Праходзьце, Зіна, — усміхнуўся Іван Пятровіч, а пра сябе падумаў: "Дзесьці я бачыў яе."
— Дзядуля, я Зіне даўнія фотаздымкі хачу паказаць. Можна ўзяць твой фотаальбом?
Хіба мог ён адмовіць любімай унучцы?
— Можна, — зноў усміхнуўся Іван Пятровіч. — Я паклаў яго на антрэсолі ў спальні. Дастанеш сама?
Святланка кіўнула, і дзяўчынкі пабеглі.
Іван Пятровіч сядзеў у зале і чытаў дэтэктыўны раман. Неспадзявана ў дзвярах з'явілася Святланка і Зіна. Святланка ў руках трымала зжаўцелую газету, а Зіна — нейкую паперку. Твары ў абедзвюх дзяўчынак былі ўзбуджаныя, расчырванелыя.
Іван Пятровіч паклаў на калені кніжку і здзіўлена паглядзеў на ўнучку:
— Што здарылася?
Губы ў Святланкі задрыжалі:
— Мы даставалі альбом, а разам з ім выцягнулі вось гэтую газету з нейкімі паперкамі. Зіна пачала іх разглядаць і…
Святланка так і не дагаварыла, заплакала, адвярнулася. Зіна выхапіла ў яе газету і працягнула Івану Пятровічу:
— Гэта пра вас напісана!
Іван Пятровіч, як у сне, узяў газету. "Людзі, сцеражыцеся!" — прабеглі вочы па знаёмым загалоўку…
— Гэта вы калісьці ў мамінай бабулі адабралі сумку з таблеткамі! З-за вас яна заўчасна памерла! — усхвалявана звінеў голас Зіны.
— Дзядуля, гэта ж няпраўда? Скажы! — прасіла Святланка.
У Івана Пятровіча закружылася галава. Дрыжачым пальцам ён тыцнуў Зіне ў грудзі:
— Ты хто? Пракурор? Суддзя?
— Я Зіна. А маю маму зваць Ніна. Мама мне расказвала, што здарылася з яе бабуляй.
"Яна падобная на Ніну… Вось чаму мне здалося, што я дзесьці бачыў яе", — падумаў Іван Пятровіч.
— Ты кажаш, што тваю маму зваць Ніна? Так, са мной у класе вучылася Ніна Мароз, але яна паехала з нашага горада, — хрыпла сказаў ён.
У яго яшчэ цеплілася надзея, што ўдасца абараніцца.
— А нядаўна вярнулася, — сказала Зіна і кінула Івану Пятровічу паперку, што да гэтага трымала ў руцэ. — Гэта рэцэпт, які выпісалі мамінай бабулі! Тут яе прозвішча! Вы яго чамусьці не выкінулі, а хавалі.
— Дзядуля, гэта не ты! Я не веру Зіне! — усклікнула Святланка.
Як некалі на рынку, Івану Пятровічу здалося, што ён ляціць у прорву…