46408.fb2 Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Залатая дзіда - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

— Загрызу-у!.. — віскнуў вампір.

Страхалюд, злаўчыўшыся, стукнуў яму каленам у жывот. Траука, сагнуўшыся, упаў на бок. Страхалюд ускочыў і рукаяткай рэвальвера даў яму па галаве. Траука перавярнуўся на спіну, падкурчыў ногі.

— Здох. Туды табе і дарога, — прагаварыў Страхалюд і, схаваўшы рэвальвер у кішэню, выйшаў з сутарэння.

Па тунелі

Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, а непадалёку ляжаў вампір Траука. Ён і раней, як вядома, наводзіў на нас жах, а цяпер, беспрытомны, нерухомы, быў яшчэ страшнейшы. Мы глядзелі на яго, баючыся вымавіць слова. — Трэба ўцякаць адгэтуль, — нарэшце прамовіў Максім.

— Не магу… Я так не магу-у… — заплакала Алеся.

— Не плач, — пачаў я, каб супакоіць яе.

Мы вылезлі з-за ложка і пайшлі, ступаючы нібы па тонкім лёдзе. У мяне ў грудзях усё трымцела, калацілася. Так, мабыць, калоціцца рухавік трактара, калі працуе на самых высокіх абаротах.

Я зірнуў на Траука. Ляжыць, выскаліўшы жоўтыя шырокія зубы. Ускудлачаныя валасы ў крыві.

— Ну й зубы ў яго! Сапраўдныя кусачкі! — усклікнуў Максім.

— Гэтымі кусачкамі не толькі руку, але і нагу адкусіў бы, — дрыготкім голасам прамовіў я.

— Ён варушыцца! — усклікнула Алеся.

Сапраўды, Траука ўзварухнуўся, павёў на нас вачыма, нешта прамармытаў і прыўзняўся. Мы пачалі адступацца назад. Неспадзявана пад нагамі нешта трэснула, і мы зваліліся ў нейкую яму, у якой ляжала ці то сена, ці то салома, ці яшчэ што. Хіба разгледзіш у цемры?

— Вы жывыя? — запытаў Максім.

— Я жывы. Жывы я, — кажу яму. — А што з Алесяй?

— Я тут, — прамовіла яна.

Я прыгледзеўся. З яміны кудысьці ўдалеч вядзе шырокі тунель.

— А-а-а! — данёсся да нас голас Траука.

— Туды! Уцякайма туды! — тыцнуў я пальцам, паказваючы на тунель.

А што заставалася рабіць? Папрасіць Траука, каб не чапаў нас? Такога і не ўпросіш, і не ўмоліш.

Мы палезлі ў тунель. Па ім можна было ісці не прыгінаючыся, але навокал стаяла такая цемра, што хоць вока выкалі. Дый сцены ў тунелі мокрыя, слізкія, ліпкія. Непрыемна, калі дакранешся рукою.

Спярша я не адчуваў страху. Уперад гнала толькі адна думка: "Хутчэй. Хутчэй. Траука дагоніць". Пасля стаў баяцца, што наступлю на змяю. Мы ж не ў Мінску, а ў Лацінскай Амерыцы. Тут, як відаць, змеі не толькі ў джунглях. У гэтым сырым, змрочным тунелі някепскае сховішча-прыстанішча для змеяў. Тут, мажліва, яны клубком ляжаць, адпачываюць, затаіўшыся.

— Хлопчыкі, я стамілася. Давайце крыху пастаім, адпачнем, — папрасіла Алеся.

— Можна, — прамовіў Максім. Мы сталі.

— Гэты Траука жывучы як кот, — кажу. — Галава разбітая, а на нас вочы вылупіў.

— Што, калі ён нас дагоніць? — падала голас Алеся.

— Не. З разбітай галавой па тунелі не палезеш, — упэўнена сказаў Максім.

Мы ўжо колькі прайшлі, а канца-краю не відаць. Уваход ёсць, а выхада, мажліва, няма. Шанцуе нам.

— А ведаеце, хто той, у масцы? — прамовіла Алеся. Я натапырыў вушы.

— Хто?

— Санча.

— Ён, — падтрымаў Алесю Максім.

Не толькі мне. але і ім здалося, што голас Страхалюда на голас Санча падобны.

— Не, — сказаў я. — Санча рэвальвера не носіць. У яго…

— Кхе! Кхе! — пачулася ў тунелі.

— Траука! — прарэзліва, нібы перапалоханае птушанё, усклікнула Алеся.

Мы пабеглі па тунелі. Наперадзе пасвятлела. Значыць, непадалёку выхад. Там павінны быць людзі. Значыць, выратуемся.

Алеся ойкнула і прысела.

— Максім! — крыкнуў я. Максім стаў.

— Чаго?

— Нагу падвярнула. Не магу бегчы, — прастагнала Алеся.

Яшчэ адна бяда на нас звалілася. Вядома, мы не пакінем Алесю адну. Але ж што рабіць?

Я зірнуў уперад і ўбачыў у сценах з двух бакоў нейкія вузкія праёмы, падобныя на ўваходы ў манастырскія кельі. Што ж там?

— Максім, бачыш праёмы? — гукнуў я. Максім зазірнуў у бліжэйшы ад яго.

— Тут пакой. А цё-о-мны!

Ззаду: туп-туп-туп… Вядома, хто тупае. Траука. З Алесяй не паспеем уцячы, калі нават на плячах яе панясем.

— Давайце ў гэтым пакоі схаваемся, — махнуў рукою Максім.

З тунеля на… дрэва

Мы прытуліліся да сцяны.

— Навошта мы адпачывалі? — уздыхнула Алеся.

Сапраўды, даадпачываліся. Калі б не стаялі ў тунелі, то цяпер тут не хаваліся б. Мае выхад тунель. Нездарма пасвятлела. Стаялі… Адпачывалі… Хіба ведалі, што Траука так хутка ачухаецца, што пойдзе за намі? А можа, гэта не ён? Можа, хто-небудзь іншы?

— Кхе, кхе, — пачулася зноў.