46750.fb2
- Не прыбяром!
Людзi ў лодцы пра нешта параiлiся мiж сабою i потым зноў крыкнулi:
- Кайманы!
- Што вам? - адказалi тыя.
- Не прыбераце?
- Не!
- Ну, тады да заўтра!
- А дакуль хочаце!
I лодка вярнулася да парахода, а вельмi задаволеныя кайманы запляскалi хвастамi па вадзе. Нiякi параход цяпер тут не пройдзе, i ў рацэ заўсёды-заўсёды будзе рыба.
На другi дзень параход вярнуўся зноў, але калi кайманы зiрнулi на яго, яны аж знямелi ад здзiўлення: гэты параход быў нейкi iншы. Ён быў мышынага колеру i куды большы за ранейшы. Што гэта за новы параход? Ён хоча праплыць? Не, не праплыве. Нi гэты, нi той, нiякi iншы!
- Не пройдзе, не пройдзе! - закрычалi кайманы i кiнулiся да плацiны кожны на сваё месца каля бярвення.
Новы параход, як i ранейшы, спынiўся воддаль i таксама спусцiў лодку, якая падплыла да плацiны.
У лодцы сядзелi афiцэр i восем матросаў.
Афiцэр крыкнуў:
- Гэй, кайманы!
- Што? - адказалi тыя.
- Не прыбераце плацiну?
- Не!
- Не?
- Не!
- Добра, - сказаў афiцэр. - Тады мы разбурым яе гарматамi.
- Бурыце! - адказалi кайманы.
I лодка вярнулася да судна.
А той карабель мышынага колеру быў ваенны параход, браняносец з вялiкiмi страшнымi гарматамi. I мудры стары кайман, якi аднойчы плаваў да самага мора, раптам успомнiў пра гэта i ледзь паспеў крыкнуць iншым кайманам:
- Хавайцеся пад ваду! Жвавей! Гэта ваенны параход! Хавайцеся добра!
Кайманы адразу знiклi пад вадою i паплылi да берага. Там яны i засталiся, высунуўшы з вады толькi насы ды вочы. У тую ж хвiлiну з карабля вылецела вялiкае белае воблака дыму i магутны артылерыйскi снарад трапiў у самую плацiну, акурат усярэдзiну. Два цi тры бервяны разляцелiся ў трэскi, але тут жа ўпаў другi снарад, а потым яшчэ i яшчэ, i кожны нiшчыў ушчэнт кавалак плацiны, пакуль ад яе нiчога не засталося. Нi бервяна, нi трэскi, нi кары. Усё было разбурана гарматамi браняносца. I кайманы, якiя сядзелi ў вадзе, высунуўшы на паверхню толькi насы ды вочы, моўчкi глядзелi, як паўз iх, гудучы на ўсю моц, праплывае ваенны карабель.
Потым кайманы вылезлi на бераг i сказалi:
- Мы зробiм другую плацiну, яшчэ большую, чым была.
I тым жа вечарам i тою ж ноччу зрабiлi новую плацiну з аграмадных ствалоў. Пасля гэтага, стомленыя, яны палеглi спаць i спалi да наступнага дня, пакуль ваенны карабель не прыплыў зноў i спушчаная з яго лодка не наблiзiлася да плацiны.
- Гэй, кайманы! - крыкнуў iм афiцэр.
- Што трэба? - адказалi кайманы.
- Прыбярыце гэтую новую плацiну!
- Не прыбяром!
- Мы разбурым яе снарадамi, як i тую!
- Разбурайце, калi зможаце!
Яны адказвалi так ганарыста, таму што былi ўпэўненыя, што iх новую плацiну не змогуць разбiць нават усе гарматы свету разам.
Але праз хвiлiну карабель схаваўся ў дыме, i якраз на сярэдзiне плацiны пачуўся страшны выбух. Гэты раз стралялi разрыўнымi. Снарад з грукатам разарваўся на бярвеннях, узняў iх у паветра i разнёс вялiзныя ствалы на дробныя трэскi. Другi снарад разарваўся побач з першым, разламаўшы яшчэ адзiн кавалак плацiны. I так яны бiлi i бiлi, пакуль ад плацiны нiчога-нiчагуткi не засталося. Тады ваенны карабель праплыў паўз кайманаў, i людзi смяялiся з iх.
- Што ж, - сказалi кайманы, вылазячы з вады. - Цяпер мы ўсе памром, бо карабель будзе ўвесь час плаваць сюды i туды i рыбы ўжо нiколi не вернуцца.
I яны замаркоцiлiся, таму што маленькiя кайманчыкi прасiлi есцi.
Тады стары кайман сказаў:
- У нас яшчэ ёсць надзея на выратаванне. Хадземце да Сома. Мы з iм разам плавалi ў вандроўку да мора, i ў яго ёсць тарпеда. Ён некалi бачыў бой памiж двума параходамi i прыцягнуў неразарваную тарпеду сюды. Давайце папросiм у яго гэтую тарпеду, i хоць ён на нас, кайманаў, злуе, але ў яго добрае сэрца i ён не захоча, каб мы ўсе памерлi.
А ўсё ў тым, што некалi даўно, шмат гадоў назад, кайманы з'елi Сомава пляменнiка, i з таго часу ён не хацеў з iмi размаўляць. I ўсё ж, нягледзячы на гэта, яны адразу выправiлiся да Сома, якi жыў у вялiкай пячоры ў беразе ракi Параны i заўсёды спаў побач са сваёю тарпедай. Самы бываюць даўжынёй аж на два метры, i гаспадар тарпеды якраз быў такi.
- Гэй, Сом! - крыкнулi яму кайманы ад увахода ў пячору, бо не адважвалiся ўвайсцi, памятаючы пра гiсторыю з ягоным пляменнiкам.
- Хто там мяне гукае? - спытаў Сом.
- Гэта мы, кайманы!
- Не маю i не хачу мець з вамi нiякае справы, - сярдзiта адказаў Сом.
Тады стары кайман усунуўся трошкi ў пячору i сказаў:
- Сом, гэта я. Я твой сябар - той, што вандраваў з табою да мора.
Пачуўшы знаёмы голас, Сом вылез з пячоры.