47410.fb2
- "Мабыць сьвяты Пётра", - падумаў Дудар, але адказвае сьмела: - Я!
- Хто - "я"?
- Дудар!
- Чаго глотку дзярэш?
- Саўсiм не дзяру, - пяю.
- Каб цябе... А чаму-ж гэтак позна прыйшоў?
- Нiяк нельга было раней: памёр пад самы вечар.
- Пад вечар? - зьдзiвiўся за брамай. - Дык на добры лад табе трэба было-б яшчэ на палавiне дарогi быць.
- Ага, сьвяты Пётра. Я дасужы - Беларус, ведама.
- А адкуль ты? З-пад Барысава?
- З таго боку.
- А зь якой вёскi?
- Дык хоць i скажу табе, ты-ж усё роўна ня ведаеш.
- Кажы, кажы, я ўсё ведаю.
Сказаў Дудар i вёску.
- Як тваё iмя? - дапытваў далей голас.
- Янка.
- А па прозьвiшчы?
- Дудар.
- Ну, добра, Янка Дудар, пакуль разьвiднее, пасядзi каля брамы, ды глядзi не гаманi тут.
Стаў Дудар дня чакаць. Сядзеў, сядзеў, iзноў маркотна зрабiлася, да таго-ж перад ранiцай холадам пацягнула, хоць гэта i летам было. Iзноў дастаў ён сваю дуду, чуць-чуць наiгравае, каб за брамай не пачулi.
Зiрк - а на частаколе нейкiя галоўкi паказалiся: адна, другая, трэцяя... Анёлчыкi.
- Слухайце, слухайце, - кажа адзiн,- вось хораша iграе!
Тут ужо Дудар ня вытрымаў i пачаў iграць на ўвесь голас.
- Ах, як хораша! Вось хораша! I што гэта за музыка такая? - дзiвуюцца анёлчыкi.
- Гэта барысаўская, - сказаў Дудар.
Раптам загрымелi ключы ў замку, i адчынiлася брама. У браме стаяў нябесны ключар, сьвяты Пётра.
- Дудар!
- Чаго?
- Пойдзем!
А на небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў музыка зь Беларусi i дужа хораша iграе на дудзе. Дайшло гэта i да Самога Бога, каторы, выйшаўшы з пакояў, сеў на ганку прахаладзiцца: за работу ня браўся дзеля таго, што нядзеля была.
Не пасьпелi Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькi не такi, як папярэднiя - маленькiя, у белых кашульках, зь белымi крыльлечкамi, а вялiкi ў сярэбранай адзежы.
- Янка Дудар! - сказаў пасланец.
- Што, паночку?..
- Праўда, што ўмееш iграць?
- Праўда!
- А пайграў-бы?
- А чыму-ж не пайграць! Перад кiм?
- Перад Богам Сьвятым!
Пачухаў Дудар патылiцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы народ сьмелы.
- Пайграю, - кажа.
- Ну, дык пойдзем, - кажа анёл.
Пайшлi. Анёл сьпераду, Янка ззаду. Глядзiць, дзiвуецца.
Абапал дарогi сярэбраныя хаты, а жывуць у iх сьвятыя. У канцы вулiцы пабачылi самога Бога, каторы сядзеў на ганку i чакаў.
Дудар далiкатненька пакланiўся - быў ён чалавек бывалы i ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кiўнуў галавой.
А кругом ужо сабралiся анёлы - малыя i вялiкiя, арханёлы ў залатых i сярэбраных адзежах, сьвятыя i проста так справядлiвыя душы - мужыкi i бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасьцi, i ўсе хочуць паслухаць музыкi.
- Ну, Дудар, - сказаў Бог, - iграй.
А Дудар iзноў пакланiўся i кажа:
- Пакорна клакяюся Вяльможнаму Пану Богу i выбачайце, што я спытаю: цi няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскiх, толькi, каб з маладых?