47410.fb2
- Пад танцы iграць лаўчэй.
Усьмяхнуўся Бог i даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнулiся, кажуць:
- Знайшлi двох барысаўцаў, толькi дужа старых.
- Старыя няздатны, - сказаў Дудар, - не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды-ж падзелiся маладыя? I маладыя-ж iншы раз памiраюць.
А сьвяты Юр'я на гэта кажа:
- Маладых трэба ў чысцы шукаць.
- А i праўда, - сказаў Дудар, - ня йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы. На маей памяцi сколькi таго народу перамёрла: Мiкiта Гарбуз - той, што ад гарэлкi задохся, Сьцяпан з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалi, Арцём Лыка з-пад Зембiна i Антось Прычэпка з-пад Дзядзiлавiч, - добрыя танцоры былi: прыбiлi iх на iгрышчах.
Дудар доўга-б яшчэ вылiчаў памёршых маладымi барысаўцаў, але Бог кiўнуў рукой:
- Iграй!
- Якую?
- Якая лепшая. Вясёлую!
- Вясёлую, дык вясёлую.
Настроiў Дудар пiшчыкi, надуў мех, заграў.
Добра цi дрэнна iграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захвацiла ў яго дух ад радасьцi, што годзен стаўся iграць перад самым Богам.
Толькi, калi кончыў, бачыць - Бог кiваець галавой: здаволен. А анёлы i сьвятыя, дык тыя не нахваляцца.
- Ах, як добра! Во дык добра!
I калi Бог пайшоў у свае пакоi, яны пачалi прасiць Дудара, каб яшчэ пайграў. Пасьля папяяў. А музыка i рад гэтаму: iграе ды пяе так, што па ўсiм небе гул раздаецца. Слухалi, слухалi справядлiўцы, а пасьля i самi пачалi падпяваць - сьпярша ў паўголаса, а пасьля i ад Дудара не адстаюць:
Ох, ты дудка мая,
Ух-я!
Весялi ты мяне,
Ух-я!
На чужой старане,
Ух-я!
Пяюць усiм небам, падбiваючы ў далонькi.
Праходзiў мiма сьвяты Язэп. Глядзiць, што за дзiва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлiвыя душы нябесных сьпеваў, сядзiць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы - мужчынскiя i жаноцкiя - хорам адхватваюць сьвецкiя песьнi.
- Матухна Ты Сьвятая! - крыкнуў сьвяты Язэп, схапiўшыся за галаву, i пабег да сьвятога Пётры.
А туды якраз прыходзiць i сам Арханёл Гаўрыла, гэтак сама жалiцца.
- Так i так, - кажа. - Нiхто ня хоча вучыцца нябесных сьпеваў; усе пяюць беларускую "дудку". Дудар вучыць. Што рабiць?
Выйшаў Пётра на вулiцу, прыслухаўся, - праўда: па ўсiм небе лунаюць беларускiя песьнi.
- Гэтага нельга дазволiць, - кажа тады сьвяты Пётра арханёлу Гаўрыле. - Цi не паклiкаць нам сюды Дудара?
- Можна.
Iдзе Дудар, дуда пад пахай; пакланiўся.
- Дудар, - кажа сьвяты Пётра, - а цi ня лепей было-б табе пайсьцi адгэтуль куды-небудзь у другое месца?
- Зь неба?
- Ну, ведама.
- А куды-ж мне йсьцi?
- Хм, вось аб гэта-ж: куды? - Сьвяты Пётра задумаўся.
- Чаму-ж вы хочаце, каб я адгэтуль пайшоў? Я-ж нiчога благога не зрабiў тут: ня ўкраў, ня скрыўдзiў...
- Ведаю, ведаю.... Справа, братка, вось якая, на небе сьвецкiя песьнi пачалi пяяць, - сам ты рассудзi - нягожа.
- Ну, што-ж, калi гэтак, то я пайду сабе.
- Толькi во' бяда - куды цябе адправiць?.. А можа дуду кiнеш?
- Не, лепей я ўжо пайду адгэтуль.
- Куды пойдзеш?
- Саўсiм з раю?
- Э... што там рай? Наша Беларусь - гэта ня неба. У Беларусi бязь песьнi нельга. Там людзi працуюць, а зь песьняй чалавеку ўсякае гора ў палавiну. Буду хадзiць iз сваей дудою па лясох i палёх. Будзе сядзець каля скацiны пастушок з жалейкай, нячутна падыйду да яго i зайграю яму над вухам; пачне пяяць дзяўчынка, задумаўшыся над сьветлым руччом, навучу i яе - няхай не замiраюць у Беларусi песьнi. Пойдуць мужы з тапарамi ў лес, я прытаюся за сасной i заграю iм, каб спарней iшла ў iх работа. А не знайду людзей, буду слухаць, як шумiць цёмны бор, як бульчыць вада, пералiваючыся ў руччу, i падыграю iм. Эх, цяжка ў нашай старонцы, ды i добра ў ёй... Я яшчэ, як жыў, дык прасiў Бога, каб дазволiў мне па сьмерцi ў Барысаўшчыне астацца. На нiякi рай не прамякяю яе.
- Ну, добра калi так, iдзi сабе з Богам, - сказаў сьвяты Пётра. - А то ты ўсё неба нам папсуеш. Толькi глядзi-ж, ня крыўдуй!
- Якая тут крыўда?
Пакланiўся Дудар апосталу i выйшаў з райскiх варот.
- Я знайду сабе месца. Пайду туды, адкуль прыйшоў.