47410.fb2
- А ну, Мiшка, люльку куры!
Мiшка курыць.
- А ну, Мiшка, танцуй!
Мiшка танцуе.
- А ну, Мiшка, сьпявай!
Мiшка раве.
Хомка ўзяў мядзьведзянят, пасадзiў на воз i павёз дамоў. Аднак не пашанцавала Хомку. Цыган-мядзьведнiк паехаў. Хомка ў сенцах прывязаў мядзьведзянят, кармiў, паiў i чакаў, пакуль мядзьведнiк вернецца назад.
Быў якраз час жнiва. Жалi бабы на панскiм полi. Тут над iмi стаялi прыганятыя зь бiзунамi. Панiч Прушынскi разгульваў па полi iз стрэльбай. А поле было ля самага лесу. Тут-жа пад дрэвамi, у цяньку, ляжалi ў кашолачках малыя дзецi. Сусолачкi смакталi. I вось не агледзелiся людзi, як да дзяцей падкраўся мядзьведзь i хапнуў Хомкiна дзiцё разам з кашолкай. Агледзелiся людзi. Хомчыха ўзьняла плач, лямант, крык:
- Дзiцянё родненькае... Дзiцянё мiлёнькае... Дзiцянё бедненькае...
Мядзьведзь нясе сабе дзiцё павольна, асьцярожна. Панiч нацэлiўся iз стрэльбы ў мядзьведзя.
- Не страляй, панiчок! Не страляй... - загаласiла Хомчыха. - Яшчэ дзiцятка застрэлiш.
- Дурная ты! - сказаў панiч. - Няхай лепш куля трапiць у дзiцё, чымся дзiцё ў зубы й кiпцюры мядзьведзя. Лягчэйшая сьмерць...
Няпрошаны абаронца мужыцкiх дзяцей цэлiўся ў малое дзiцё...
Выстралiў.
Пошчакi разьлягалiся па лесе. Мядзьведзь павалiўся i яшчэ здолеў асьцярожна паставiць убок кашолку зь дзiцём.
- Дзiцё жывое! Жывое! Жывое! - закрычалi жнейкi на розныя галасы.
Пабегла Хомчыха па дзiцё. Падняла кашолку i ўзрадавалася.
- Дзiцё цэленькае! Сьмяецца дурненькае... Дзякуе панiчу.
У гэтую-ж хвiлiну зь лесу выскачыла мядзьведзiха, вырвала з рук Хомчыхi дзiцё i зьнiкла ў лесе.
Дзiвiлiся людзi, а Хомчыха качалася па iржышчы ды галасiла.
- Дзетка мая мiленькая... Дзетка мая родненькая...
Панiч склiкаў паляўнiчых з усёй ваколiцы. Нарыхтавалi аблаву. Мядзьведзiхi i сьлед прастыў.
Суседзi радзiлi Хомку панесьцi малых мядзьведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён iх узяў.
Хомка так i зрабiў.
У тую-ж ноч чуе Хомка - нехта стук-стук у вакно. Ён падыйшоў, бачыць - за вакном мядзьведзiха стаiць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.
Пабаяўся Хомка выйсьцi з хаты. Затое Хомчыха сьмела выскачыла - матка... Сэрца маткi заўсёды чуе i кепскае, i добрае.
Мядзьведзiха падняла зь зямлi дзiцё i падала мацi ў рукi. Хомчыха падзякавала. Мядзьведзiха нешта зараўла ў вадказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача й сьмяецца ў вадзiн i той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль - у лес.
Хоць дзiцё жыло ў мядзьведзiхi цэлы тыдзень, але было вясёлае й ружовенькае - лепш, чым у маткi. Мядзьведзiха не адбывала-ж прыгону. Вiдаць, акуратна кармiла чалавечае дзiцё сваiм мядзьведзкiм малаком.
Дзiцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзiць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес - i колькi яго нi шукалi, не знайшлi.
- Пэўна, ваўкi зьелi, - гаварылi людзi.
Усё лета палясоўшчыкi скардзiлiся, што хтосьцi крадзе ў iх хлеб i мёд.
I вось у самую восень, калi надыйшлi халады, хлопчык вярнуўся дамоў.
- Дзе-ж ты быў?
- У мядзьведзяў...
- Як гэта?
- Захацелася да iх. Вось я й пайшоў...
- Чым-жа ты жывiўся там, сынок?
- Мядзьведзiха прыносiла мне хлеб i мёд.
Кажны раз, канчаючы гэтае апавяданьне, Вышамiрскi гаварыў:
- Каб я з гэтага месца ня ўстаў, калi маню!
I ён уставаў зь месца i адыходзiў дамоў, абапiраючыся аб кiёк.
Зьмiтрок Бядуля
ГЕНЕРАЛ
Вы ня ведаеце Мiхасёвага пеўня? Шкада! Цiкавы певень... А можа вы i Мiхася ня ведаеце? Дык гэта-ж цёткi Агаты сын. Яму ўжо чатыры гады з гакам. Праўда, гак гэты не такi вялiкi: усяго два месяцы. Але Мiхась шмат чаго сам ужо ўмее зрабiць. Ён, напрыклад, сам трымае лыжку ў руцэ, сам есьць. А калi пад'есьць, то адсуне ад сябе мiску i скажа:
- Мама, Мiхась пад'еў. Дзякуй.
Пасьля яды хлопчык пачынае майстраваць. Ён-жа - майстра на ўсе рукi. I складанчык у яго ёсьць. Зусiм запраўдны. Праўда, складанчык гэты з маленькiм бракам: палавiна ляза адламаная, i ён ня войстраны гады два. Але што тут за бяда. Падумаеш, - палавiна ляза адламаная. Другая-ж засталася. Ёю можна зрабiць, што хочаш. У нядзелю, калi нiкога ня было дома, Мiхась узяў матчын апалонiк i зрабiў зь яго... люльку! Як бачыце, Мiхась - хлопчык хоць куды!..
Вось так напрацуецца за дзень, а ўночы сьпiць - хоць з гармат палi, не разбудзiш. Тады ён забываецца й пра пеўня. А певень кажны раз досьвiткам першы ў вёсцы сьпявае. Ну, быццам, пiльнуе, калi ранiца надыйходзiць. Залопае крыламi i як зацягне, моцна-моцна, - ку-ка-рэ-ку-у!
- Ах, каб на цябе лiха! Вось-жа глотку дзярэ, гарлатан! I паспаць ня дасьць, - зь лёгкай злосьцю бурчыць ён i зноў пачынае драмаць. А певень памаўчыць крыху, набярэ поўныя грудзi паветра i зноў - ку-ка-рэ-ку-у-у!
I калi зацягне ў трэйцi раз, то па усей вёсцы пачнуць адгукацца пеўнi, быццам хочуць даказаць, што яны таксама ня сьпяць.