47416.fb2 Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

Лагодны цмок (Ангельскiя лiтаратурныя казкi) (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 7

- Вельмi рады сустрэчы, Святы Георг, - знервавана пачаў цмок, - я чуў, што ты вядомы падарожнiк, а што да мяне, дык я большасць часу баўлю дома. Але я добра ведаю гэты куточак свету, i калi цябе зацiкавяць гiстарычныя помнiкi, якiя захавалiся тут з антычных часоў, дык я з задавальненнем...

- Мне падаецца, - прыязна перапынiў яго Святы Георг, - што было б няблага прыслухацца да парады твайго маленькага сябра i паспрабаваць знайсцi выйсце, якое б задаволiла i цябе, i мяне. Сама простае, на мой погляд, - зрабiць усё па правiлах - зладзiць бойку, i няхай перамога будзе на баку таго, хто больш яе варты. Дарэчы, - дадаў ён, - там, у вёсцы, ставяць на цябе, але я не крыўдую.

- Цмок! Ну, пагадзiся, калi ласка! Як будзе цудоўна! - узрадаваўся хлопчык.

- Мой юны сябар, змоўкнi зараз жа! - сурова спынiў яго цмок. - Прашу паверыць мне, Святы Георг, што я з асалодай выканаў бы любую, выказаную вамi, маiмi адзiнымi сябрамi, просьбу. Але ж усё гэта - поўная бязглуздзiца, дзiкунскiя норавы i агульная тупалобасць. Уся справа выскваркi не вартая. Зразумейце: бiцца я не збiраюся, i таму няма пра што нават гаворку весцi.

- Але ж я, вiдаць, магу прымусiць цябе бiцца?! - неяк няўпэўнена сказаў Святы Георг.

- Нi ў якiм разе! - з трыюмфам адказаў цмок. - Я залезу ў сваю глыбокую нару i буду там спакойна адпачываць. I табе вельмi хутка надакучыць сядзець каля ўвахода, чакаючы, каб я выйшаў на бойку. А як толькi ты сыдзеш, я хуценька вылезу зноў - бо, шчыра кажучы, гэтыя мясцiны прыйшлiся мне даспадобы, i я думаю тут застацца.

Пэўны час Святы Георг моўчкi пазiраў на прыгожы краявiд. Потым зноў пачаў угаворваць цмока:

- Ты толькi паглядзi, якое чароўнае месца для бойкi! Смарагдавая трава, цёмныя ланцугi гор, мае залатыя даспехi на фоне тваёй блакiтнай скуры, якая ажно зiхцiць на сонцы! Падумай, якое магло б атрымацца вiдовiшча!

- Напiнаеш на мае мастацкiя схiльнасцi? - усмiхнуўся цмок. - Нiчога не атрымаецца, не спадзявайся. Хоць, безумоўна, карцiна магла б быць цудоўная, дадаў ён, крыху завагаўшыся.

- Ну, нарэшце, - узрадаваўся хлопчык, - здаецца, мы пачынаем наблiжацца да справы. Ты ж павiнен зразумець, цмок, што якая-небудзь бойка ўсё роўна мае адбыцца. Я ж упэўнены, што ў цябе не надта вялiкае жаданне зноў лезцi ў гэтую старую брудную нару i сядзець там да скону.

- Цывiлiзаваныя людзi заўсёды могуць дамовiцца, - разважна сказаў Святы Георг. - Мне трэба будзе праткнуць цябе дзiдай, тут ужо нiчога не зробiш, але зусiм не абавязкова рабiць табе балюча. Ты такi вялiзны, што ёсць, прынамсi, некалькi неiстотных месцаў. Вось тут, напрыклад, пад пярэдняю лапай. Не думаю, што тут будзе вельмi балюча.

- Не, Георг, - засаромеўся цмок, - гэтае месца зусiм не падыходзiць. Нават калi мне й не будзе балюча (хоць я ўпэўнены, што будзе i нават вельмi), але нават калi не будзе, дык будзе козытна - я зарагачу i ўсё сапсую.

- Добра, - цярплiва ўздыхнуў Святы Георг, - а калi вось тут, пад падбароддзем, - тут у цябе такiя тоўстыя складкi ў скуры, што ты нават не адчуеш удару.

- Так яно так, але ж цi здолееш ты патрапiць дзiдай туды, куды трэба? захваляваўся цмок.

- Ну вядома! - пакрыўджана запэўнiў яго Святы Георг. - Пра гэтае можаш не турбавацца, пакладзiся на мяне.

- Менавiта таму я i хвалююся, што нiчога iншага мне не застаецца, - крыху раздражнёна адказаў цмок. - О, я ведаю, ты будзеш вельмi шкадаваць, калi выпадкова, у спешцы, зробiш якую памылку, але ж я ўпэўнены, што ты й напалову не будзеш шкадаваць так моцна, як я! Але ж, - дадаў ён па-фiласофску, - часам трэба давяраць людзям, а твой план падаецца мне не сама горшым.

- Паслухай, цмок, - незадаволена сказаў хлопчык, якому зусiм не спадабалася, што ягонаму сябру дастаюцца адны грымакi, - нешта я не разумею, што з усяго гэтага будзеш мець ты?! Вядома, павiнна адбыцца бойка, вядома, ты павiнен быць пераможаны, але ж якая табе з гэтага карысць?

- Святы Георг, - звярнуўся цмок да рыцара, - растлумач, калi ласка, нашаму юнаму сябру, што здарыцца пасля таго, як я буду пераадолены ў смертнай бойцы?

- Ну, згодна з правiламi, я трыюмфальна правяду цябе да базарнай плошчы, сказаў Святы Георг.

- Абсалютна верна, - падцвердзiў цмок. - А потым?

- Ну, а потым будзе шмат шуму, крыкаў i прамоў, - працягваў Святы Георг. Я растлумачу, што ты скарыўся i зразумеў усе свае мiнулыя памылкi, ну, i гэтак далей.

- Так, так, - падганяў яго цмок, - а потым?..

- А потым... потым, вiдаць, будзе звычайны банкет, як заўсёды...

- Гэтага я й чакаў, - задаволена хмыкнуў цмок, - банкет - сама галоўнае ва ўсёй справе. Разумееш, - сказаў ён, звяртаючыся да хлопчыка, - я пачынаю ўжо вар'яцець ад адзiноты. Нiхто па-сапраўднаму мяне не ведае i таму не можа ацанiць. Дык вось, з дапамогаю гэтага шаноўнага спадара, слаўнага рыцара i нашага агульнага сябра - Святога Георга, якi так клапоцiцца пра мяне, я збiраюся ўвайсцi ў свет. Магу запэўнiць, што ў мяне дастаткова якасцей, якiя дазволяць мне быць як жаданым госцем, так i шчырым гаспадаром! Ну што ж, здаецца, мы пра ўсё дамовiлiся, i цяпер, калi вы не супраць... Я старамодны i зусiм не хачу падацца няветлiвым... але ўжо даволi позна...

- Глядзi, цмок, ты павiнен выканаць сваю долю працы як след, - зразумеўшы намёк, Святы Георг устаў. - Ну, ты сам ведаеш, што я маю на ўвазе - усякае там цмакаванне, полымевывярганне.

- З цмакаваннем усё будзе як мае быць, - даверлiва адказаў цмок, - а вось полымевывярганне... Проста дзiва, як хутка знiкаюць звычкi, калi няма практыкi. Але я паспрабую. Дабранач!

Святы Георг i хлопчык спусцiлiся з гары i падыходзiлi ўжо да вёскi, калi Святы Георг спынiўся, як шыбануты маланкай.

- Якi дурань! Як жа я мог запамятаваць?! - крыкнуў ён. - Павiнна ж быць прынцэса, прыкутая да скалы, якая памiрае ад жаху i чакае вызвалення. Слухай, а ты не мог бы раздабыць якой прынцэсы?

Хлопчык пазяхнуў i адмоўна пакруцiў галавой.

- Я памiраю ад стомы, - прастагнаў ён. - Цяпер я ўжо не магу знайсцi табе нi прынцэсы, нi каго б там нi было яшчэ. Мяне чакае мацi, i яна, напэўна, пачала ўжо непакоiцца. Калi ласка, да заўтра не прасi ў мяне больш нi пра што.

Наступнаю ранiцай, як толькi ўзышло сонца, людзi пачалi збiрацца на роўнай пляцоўцы побач з цмокаваю пячорай, дзе мелася адбыцца бойка. Усе былi апранутыя ў святочныя строi i неслi з сабою кошыкi з ежай i пiтвом. Вядома, кожны хацеў выбраць найлепшае месца, але гэта было даволi складана, бо бойка ёсць бойка, i ў цмока быў такi самы шанец на перамогу, як i ў Святога Георга. I калi пераможа цмок... Нават тыя, хто паставiў на яго свае грошы, адчувалi, што наўрад цi цмок будзе разбiрацца, хто падтрымлiваў яго, а хто не. Таму месцы выбiралiся з перасцярогай - каб можна было даць драла, калi раптам выпадзе такая патрэба.

Першыя рады былi занятыя ў асноўным дзецьмi, якiя здолелi ўцячы з-пад суровага бацькоўскага нагляду, i, пакуль бойка яшчэ не пачалася, яны качалiся па траве, кулялiся, шчыкалi адно аднаго i зусiм не зважалi на нервовыя заўвагi, якiя iм наўзахапкi рабiлi мацеркi з апошнiх радоў.

Хлопчык заняў месца ў першым радзе, блiжэй да пячоры. Ён нерваваўся, як рэжысёр перад прэм'ерай. Цi можна па-сапраўднаму спадзявацца на цмока? А раптам ён перадумаў? Вырашыў, што не варта браць удзелу ў гэтай гульнi? Цi, можа, пачне хвалявацца, падумаўшы, што ўсё было спланавана занадта ўжо хутка, без анiякiх рэпетыцыяў, i ў апошнi момант пабаiцца высунуць з пячоры нос?

Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.

Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана. Ягоны дужы конь фыркаў, грыва i хвост разляталiся ад подыху ветра, а залатыя рыцаравы даспехi блiшчалi так, што балюча было глядзець. У руцэ Святы Георг моцна трымаў доўгую дзiду, на кончыку якой трапятаўся маленькi белы сцяжок з чырвоным крыжыкам. Святы Георг нацягнуў павады, i конь знерухомеў.

Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.

"Давай, цмок! Давай!" - шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.

Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў "святых i цмокаў", гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.

Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: "Вооо-ох!" Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.

- Выдатна, цмок! - з захапленнем закрычаў хлопчык. - Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, - дадаў ён цiшэй.

Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь...

- Прамахнуўся!!! - залямантаваў натоўп.

Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.

Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.

"Першы раўнд скончыўся, - падумаў хлопчык. - Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!"

Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.

"Ага, значыць, у iх усё спланавана, - зразумеў хлопчык. - Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?"

Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць, трэба растлумачыць, што такое гэтае цмакаванне. Усё вельмi проста: цмакуючы, трэба бесперапынна бегаць па вялiкiм крузе i пускаць уздоўж пазваночнiка хвалi - ад завостраных вушэй да кончыка доўгага хваста. Калi ўлiчыць, што хвалi бягуць па цёмна-блакiтнай лусцы, дык можна ўявiць сабе, як эфектна ўсё гэта выглядае. Хлопчык зразумеў, што цмокава жаданне дабiцца ў публiкi поспеху, можна лiчыць, спраўдзiлася.

Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.

- Наперад!!! - грымнулi гледачы.