47576.fb2
У той час, калi мы з Джонасам высоўвалiся з акна, Лота знайшла вязанне мiсiс Берг, якое ляжала на канапе. Мiсiс Берг вяжа свiтэры i прадае iх. Дык гэта Лота выцягнула пруткi i распусцiла ўсё вязанне мiсiс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная нiткамi.
- Лота, што ты нарабiла? - закрычала мiсiс Берг.
- Я вяжу сабе свiтэр, - адказала Лота. - I паглядзiце, якая хвалiстая шэрсць.
Мiсiс Берг сказала, што было б лепей, калi б мы пайшлi ў сад i з'елi нашыя вафлi, а потым пайшлi дадому.
Мы сядзелi ў садзе мiсiс Берг, пiлi шакалад i елi вафлi з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есцi вафлi i кармiць вераб'ёў крошкамi!
Вельмi хутка мiсiс Берг зноў сказала, что нам пара iсцi дадому. Джонас i я пералезлi цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзiрку. Мы пайшлi ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.
- Рыба, - адказала мама.
- А здорава, што мы з'елi так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.
- Дык вы былi ў мiсiс Берг? - спытала мама. - Цi рада яна была бачыць вас?
- Вядома, - адказаў Джонас. - Яна была рада два разы: першы раз, калi мы прыйшлi, а другi - калi развiталiся.
Сапраўды, мiсiс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалi.
МЫ ЕДЗЕМ НА ПIКНIК
Аднойчы тата сказаў:
- У нядзелю мы едзем на пiкнiк!
- Ур-а-а! - закрычалi Джонас i я.
- Ура пiкнiку! - крыкнула Лота.
У нядзелю мама ўстала вельмi рана i зрабiла бутэрброды i аладкi. Яна таксама налiла гарачы шакалад у адзiн з тэрмасаў для нас, каву - у другi для сябе i таты. Лiманад мы таксама збiралiся ўзяць з сабой.
Тата падагнаў машыну да дзвярэй.
- А зараз давайце паглядзiм, як мы зможам уцiснуцца ў гэтую лялечную машыну, - сказаў ён. - Як жа мы зможам знайсцi месца для мамы, Вялiкага Шуму, Маленькага Шуму, Маленькага Арэшка, дваццацi шасцi аладак, ды я яшчэ не ведаю, колькi бутэрбродаў?
- I Бэмсi, - сказала Лота.
Бэмсi - гэта вялiкае, ружовае, зробленае з матэрыi парасё, якога Лота валачэ за сабой усюды. I думае, што гэта мядзведзь, i таму клiча яго Бэмсi-медзведзяня.
"Гэтае парасё заўсёды было парасём!" - настойлiва гаварыў ёй Джонас.
Вось i зараз Лота плача i гаворыць, што гэта медзведзяня.
- Мядзведзi не бываюць ружовыя, - спрачаецца Джонас. - Дарэчы, Лота, ён палярны цi звычайны мядзведзь?
- Гэта мядзведзь, у якога колер такi ж самы, як у парасяцi, - адказвае Лота.
Лота, натуральна, хацела, каб яе ружовы мядзведзь паехаў з намi на пiкнiк. Таму калi мы ўсе ўладкавалiся ў машыне, яна раптам спытала:
- Мама, а цi могуць свiннi мець дзяцей?
- Ты маеш на ўвазе Бэмсi цi сапраўдных свiней? - спытала мама.
Лота адказала, што яна гаворыць пра сапраўдных свiней, а не пра Бэмсi. Тады мама растлумачыла, што сапраўдныя свiннi могуць мець дзяцей.
- Зразумела, не могуць, - сказаў Джонас.
- Але ж ты добра ведаеш, што могуць, - адказала мама.
- Немагчыма, каб яны мелi дзяцей, - зноў заспрачаўся Джонас. - У iх могуць быць толькi маленькiя парасяты.
Мы ўсе засмяялiся, i тата заўважыў, што Вялiкi Шум, Маленькi Шум i Маленькi Арэшак - самыя разумныя дзецi, якiх яму даводзiлася сустракаць.
Мы ўсё ехалi i ехалi, пакуль не дабралiся да невялiчкага возера. Тата пакiнуў машыну на дарозе ў лесе, а мы ўсе дапамаглi несцi рэчы для пiкнiка да возера.
Доўгi мол спускаўся ў ваду, i Джонас з Лотай хацелi дайсцi да канца гэтага мола, каб паглядзець, цi ёсць у возеры рыба. Мама села на траву i сказала тату:
- Я збiраюся ляжаць увесь дзень i не варушыцца. Ты сам паклапацiся аб дзецях.
Тата пайшоў з намi да канца мола. Мы леглi на жываты i сталi сачыць за тым, як у вадзе мiтусiлiся маленькiя рыбкi. Тата зрабiў нам вуды з доўгiх галiнак i прыладзiў да iх кручкi. Мы сталi вудзiць рыбу. Але ж, на жаль, мы нiчога не злавiлi.
Потым мы пайшлi ў лес. Мацi папярэдзiла нас, каб мы не хадзiлi вельмi далёка.
Мы ўбачылi, як птушка лётае каля куста. Калi мы падышлi блiжэй, мы разгледзелi птушынае гняздо з чатырма блакiтнымi яйкамi. Гэта былi найпрыгажэйшыя яйкi, якiя я калi-небудзь бачыла. Лота ўсё хацела застацца тут i яшчэ паглядзець на гняздо. Яна трымала Бэмсi так, каб ён таксама мог усё добра бачыць. Але Джонас i я знайшлi вельмi цудоўнае дрэва, на якое можна было б залезцi, i прымусiлi Лоту пайсцi з намi.
Нi я, нi Джонас не баiмся лазiць па дрэвах, а Лота баiцца, таму нам прыйшлося дапамагчы ёй узбiрацца наверх.
Потым яна пачала хныкаць:
- Знiмiце мяне, знiмiце мяне!
Калi яна была ўжо ўнiзе, дык сярдзiта паглядзела ўверх на дрэва i сказала:
- Толькi звар'яцелыя людзi залазяць на такое дрэва!
Мы не дабралiся да самага верху, калi мама пазвала нас есцi, i мы паляцелi да возера. Мама паслала абрус на траве, вылажыла на яго бутэрброды, аладкi i ўсё астатняе. Яна нават паставiла ў сярэдзiне вазачку з люцiкамi.
Мы ўсе селi на траву i пачалi гаварыць, што лепей есцi тут, а не ў сталовай дома. Аладкi былi вельмi смачныя, таму што мы клалi на iх джэм. Бутэрброды былi цудоўнымi таксама. Мне спадабалася смачнае мяса, а Джонасу яйкi i камса, i мы iмi абменьвалiся. А Лоце спадабалася ўсё, i яна нi з кiм не дзялiлася, ды акрамя таго, яна заўсёды была галодная. Яна адмовiлася есцi толькi аднойчы, i гэта здарылася, калi Лота захварэла. Тады мама была вельмi занепакоена тым, што Лота нiчога не ела. Аднойчы вечарам, у час малiтвы, яна сказала: "I дарагi Божа, зрабi так, каб я захацела есцi зноў, але толькi не пiражкi з сёмгай!"
У нас у кожнага была бутэлька лiманаду. Лота пайшла на бераг возера, каб пакласцi пяску ў лiманад, i калi мы спыталi яе, чаму яна так зрабiла, яна адказала:
- Я хачу толькi паспытаць яго на смак.
Пасля абеду тата распластаўся на траве.