47576.fb2 Лота (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Лота (на белорусском языке) - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

- Вы выходзiце на гэтай станцыi? - спытала яна.

- Так, - адказалi мы. Але мы хацелi толькi на хвiлiнку выйсцi на гэтым прыпынку, а потым збiралiся вярнуцца.

Мы пакiнулi наш вагон, пайшлi ўздоўж усяго цягнiка i селi ў апошнi вагон. Пасля мы пайшлi па ўсiм цягнiку да нашага купэ. Мама i жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, размаўлялi з кандуктарам. Мама плакала:

- Але вы павiнны спынiць цягнiк. Мае дзецi выйшлi!

- Мама, мы вярнулiся! - крыкнуў Джонас, калi мы падбеглi да яе.

Потым мама пачала плакаць зноў, а жанчына, якая дапамагла нам адчынiць дзверы, накрычала на нас. Я, вiдаць, нiколi не зразумею чаму. Яна ж была адзiная, хто дапамог нам сысцi з цягнiка.

- А зараз iдзiце ў купэ, сядзiце там i не варушыцеся, - загадала мама.

Але ў купэ не было Лоты.

- Дзе Лота? - спыталася я.

Мама амаль што зноў пачала плакаць.

У рэшце рэшт мы знайшлi Лоту ў купэ, якое было вельмi далёка ад нашага. Яна была вельмi занята тым, што расказвала нейкую гiсторыю вялiкай колькасцi людзей. У той момант, калi мы падышлi, яна гаварыла:

- У нашым купэ едзе чалавек, у якога на падбародку ёсць бародаўка, але ён пра гэта не ведае.

Мама схапiла Лоту i штурхнула яе назад у наша купэ. А пасля ўсяго нам давялося сядзець i не варушыцца, таму што мама была вельмi i вельмi сярдзiтая на нас. Яна сказала, што было б лягчэй пасвiць статак дзiкiх быкоў, чым глядзець за намi.

Слова "бык" нагадала мне, што я ўбачу маленькiх бычкоў у бабулi з дзядулем, i мне стала радасна. Калi мы прыехалi на нашу станцыю, мы ўзялi таксi, каб дабрацца да бабулi з дзядулем.

Яны ўжо стаялi на ганку i махалi нам рукамi. Iхнi сабака Лукас брахаў i скакаў. Усё наваколле пахла летам.

- Калi ласка, мая даражэнькая! - сказала бабуля.

- Некалькi даражэнькiх, - прамармытала мама.

- Заўтра мы зможам пакатацца на Блэкi, - сказаў дзядуля.

- Пойдзем у клець, i я пакажу вам кацянят Муролы, - гаварыла бабуля.

- А цi засталося колькi-небудзь цукерак у тваiм буфеце? - спытала Лота.

- Пойдзем паглядзiм, - адказала бабуля. - Штосьцi там павiнна быць...

I ў гэты момант мы адчулi, што прыехалi да бабулi з дзядулем.

ЛОТА АМАЛЬ ШТО ЛАЕЦЦА

У садзе бабулi з дзядулем сярод галiнак вялiкага дрэва ёсць невялiчкi домiк. У гэтым домiку ёсць стол, лаўкi. Ён агароджаны маленькiм плотам. Узабрацца туды можна па лесвiцы. Бабуля называе яго зялёны павiльён. Мне падабаецца есцi ў гэтым павiльёне больш за ўсё.

Калi мы прачнулiся ранiцай, першае, што Джонас сказаў, было:

- Бабуля, дазволь нам есцi ў зялёным павiльёне!

- А як ты думаеш, цi спадабаецца Клары насiць усю гэтую ежу ўверх па хiсткай лесвiцы тры разы ў дзень?

Клара - гэта служанка бабулi. Яна вельмi добрая, але ёй не падабаецца есцi на дрэвах.

- Вядома не спадабаецца, - адказала Клара.

- Бабулечка, ну дазволь нам, мы самi зможам занесцi ежу ў павiльён.

- А калi ты не дазволiш, мы вельмi раззлуемся, - сказала Лота.

Бабуля, вядома, не хацела, каб Лота злавалася, i таму яна зрабiла вялiкую колькасць аладак, паскладала iх у кошык разам з цукрам i маленькiм гаршчэчкам з джэмам. Яна таксама паскладвала талеркi i вiдэльцы, тры кубачкi i бутэльку малака.

Потым мы паднялiся ў зялёны павiльён. Джонас забраўся першы, я - за iм, а за мной - Лота.

- Во будзе смешна, калi ты ўпусцiш кошык, Джонас, - сказала Лота.

Але Джонас нiчога не ўпусцiў. Мы распакавалi ўсё i селi за стол. Есцi аладкi з цукрам было вельмi смачна. Iх было так многа, што нават Лота не змагла з'есцi ўсе. I вы ведаеце, што яна з iмi ўсiмi зрабiла? Яна павесiла iх на дрэва.

- Няхай яны будуць лiсцiкамi, - сказала яна.

Аладкi гайдалiся ад ветру i сапраўды выглядалi як лiсточкi.

- Калi мама ўбачыць гэта, дык ты атрымаеш, - сказала я.

Але Лота не звярнула ўвагi на мае словы. Яна сядзела i назiрала за сваiмi аладкамi. Яна нават заспявала песню, якую тата часам напявае. Яна пачынаецца так: "Вецер калыша лiсце, тра-ля..."

Неўзабаве Лота прагаладалася зноў i пачала адкусваць ад падвешаных аладак.

- Я быццам тое ягня, якое з'ядае лiсце, - сказала яна.

Побач праляцела птушка, i Лота сказала ёй:

- Паклюй мае аладкi, я табе дазваляю, але толькi не Джонасу i Марыi.

Але птушка не хацела дзяўбцi гэтыя аладкi. Мы ж тым часам захацелi есцi зноў. Я працягнула руку да Лоты i сказала:

- Падай беднаму жабраку што-небудзь паесцi!

Лота дала мне аладку, якую яна абкусвала. Я паклала на яе цукар i джэм, мне было вельмi смачна. На жаль, у мяне была толькi палова аладкi. Джонас таксама атрымаў ад Лоты аладку, калi слова ў слова паўтарыў тое, што сказала я.

Лоце падабаюцца ўсялякiя глупствы. У рэшце рэшт, калi мы з'елi ўсе аладкi, яна сказала:

- Аладкi-лiсточкi скончылiся. Цяпер трэба пачынаць есцi зялёныя лiсточкi.

Яна нарвала поўную жменю лiсця i хацела, каб мы з'елi, але мы з Джонасам былi ўжо сытыя.

- Яны будуць вельмi смачныя, калi вы пакладзеце на iх цукар i джэм, сказала Лота.