47660.fb2
Як я зразумеў, Маленькi прынц вырашыў вандраваць з пералётнымi птушкамi. Наранку ў дзень ад'езду ён, як нiколi старанна, прыбраў сваю планету. Клапатлiва прачысцiў дзейныя вулканы. У яго было два дзейныя вулканы. На iх вельмi ёмка разаграваць сняданкi. Быў у яго i адзiн патухлы вулкан. Але, як ён казаў: "Да прыгоды не тры годы!" I ён прачысцiў i гэты. Калi вулканы добра прачышчаны, яны гараць цiха i раўнамерна, без вывяржэнняў. Вулканiчныя вывяржэннi - гэта як полымя ў печы. Канечне, мы занадта малыя, каб чысцiць свае зямныя вулканы. З гэтай прычыны яны i прыносяць нам безлiч непрыемнасцей.
Маленькi прынц задуменна павырываў апошнiя сцяблiнкi баабабу. Ён думаў, што ўжо нiколi болей не вернецца сюды. Усе гэтыя будзённыя клопаты здалiся яму ў той ранак надзвычай прыемнымi. I калi ён апошнi раз палiў кветку i намерыўся закрыць яе каўпаком, ледзь не заплакаў.
- Бывай, - сказаў ён кветцы.
Але тая маўчала.
- Бывай, - паўтарыў ён.
Кветка закашляла. Але не ад прастуды.
- Я была дурнiца, - прамовiла яна нарэшце, - Прабач мне... Пастарайся быць шчаслiвым.
I нiводнага папроку... Здзiўлены Маленькi прынц разгублена стаяў над ёю са шкляным каўпаком у руцэ. Ён не разумеў гэтай спакойнай пяшчоты.
- Так, я люблю цябе, - сказала яму кветка. - Сама вiнавата, што ты не ведаў пра гэта. Цяпер гэта ўжо не мае нiякага значэння. Але i ты быў такi ж неразумны, як я. Пастарайся быць шчаслiвым... I кiнь ты гэты каўпак! Мне ён больш не патрэбен.
- Але ж вецер...
- Не гэткая ўжо я i далiкатная... Свежае начное паветра карысна мне. Я ж кветка.
- Але ж звяры...
- Нiчога страшнага, калi з'явяцца тут два-тры вусенi, калi хочаш пазнаёмiцца з матылькамi. Здаецца, яны вельмi прыгожыя. А то хто ж наведае мяне? Ты будзеш далёка. Што ж да вялiкiх звяроў, то я нiчога не баюся. У мяне таксама ёсць кiпцюры.
Яна наiўна паказала чатыры калючкi.
- Толькi не марудзь, гэта нясцерпна! - дадала яна. - Вырашыў пайсцi адсюль - дык iдзi!
Яна не хацела, каб ён бачыў яе слёзы. Такая ўжо гордая кветка...