47660.fb2
Доўга блукаў Маленькi прынц па пясках, снягах ды скалах i натрапiў нарэшце на нейкую дарогу. А ўсе дарогi вядуць да людзей.
- Добры дзень, - сказаў ён.
Перад iм рассцiлаўся сад, у якiм квiтнела мноства ружаў.
- Добры дзень, - азвалiся ружы.
Маленькi прынц не мог паверыць сваiм вачам. Усе яны былi так падобны да яго кветкi!
- Хто вы? - уражаны, спытаў ён.
- Мы ружы, - адказалi ружы.
- Вось як... - прамовiў Маленькi прынц.
I ён адчуў сябе вельмi-вельмi няшчасным. Яго красуня казала, што яна адзiная такая ў сусвеце. I вось - калi ласка! У адным толькi садзе iх цэлых пяць тысяч, як на падбор.
"Яна вельмi раззлавалася б, калi б убачыла iх, - падумаў ён. - Яна страшэнна закашляла б i прыкiнулася, што канае, толькi б не паказацца смешнай. I я быў бы вымушаны рабiць выгляд, што ратую яе, бо iначай яна сапраўды памерла б, каб толькi прынiзiць мяне..."
А потым ён падумаў: "А я ж яшчэ думаў, што валодаю адзiнай у свеце кветкай, а цяпер аказалася, што гэта звычайная ружа. Усяго i было ў мяне звычайная ружа ды тры вулканы вышынёй мне па калена, адзiн з якiх, мабыць, назаўсёды патух... Якi ж я пасля ўсяго гэтага прынц?.."
I ён уткнуўся тварам у траву i заплакаў.